Секс падчас вайны. Як захаваць гарманічныя адносіны ў часы гістарычных падзеяў?
Ці магчыма мець нармальнае сексуальнае жыццё ва ўмовах таталітарызму, пастаяннага стрэсу і нявызначанасці? Ці магчыма пабудаваць здаровыя адносіны без здаровага сексу? Пра гэта і не толькі спыталі ў гештальт-тэрапеўта Васіліны Данілавай.
«Неўрозы, навязаныя нам бацькамі, псуюць сексуальны кантакт нашмат больш, чым дзяржаўная, палітычная ці рэлігійная сістэма»
— Ці магчыма выбудоўваць адносіны ў пары без залежнасці ад знешніх абставін? Наколькі моцна на іх уплывае абстаноўка ў свеце?
— Мы выбіраем сабе ў партнёры чалавека, з якім жадаем прачынацца кожную раніцу ў адным ложку. З якімі думкамі і пачуццямі вы засынаеце ў абдымках партнёра? Колькі яшчэ працягнецца вайна ва Украіне і чым яна скончыцца? Якія шанцы ў Беларусі быць уцягнутай у гэтую вайну? Ці ўступіць Швецыя ў НАТА? Як пачуваецца Эмануэль Макрон пасля перамогі на выбарах у Францыі?
Калі гэта пра вас, тады вам варта наведаць псіхіятра, абследавацца на прадмет наяўнасці ў вас генералізаванага трывожнага разладу. У здаровым стане чалавек не турбуецца аб тым, што знаходзіцца па-за зонай яго кантролю або ўплыву. Сапраўды, усе мы адчуваем трывожныя ці агрэсіўныя пачуцці, калі чытаем непрыемныя навіны, і гэта нават можа сапсаваць нам настрой на некалькі гадзін ці дзён, у залежнасці ад таго, наколькі блізка гэтыя навіны падабраліся да зоны вашай зацікаўленасці. Калі вы — акцыянер «Газпрама», тады, верагодна, вы можаце дрэнна спаць на фоне нестабільнасці нафтагазавага рынку, ад якога залежыць фінансавая бяспека вашай сям'і. Але калі вы асабіста ці вашыя блізкія не належыце да палітычнай ці эканамічнай эліты краіны, тады максімум, пра што вы будзеце турбавацца — гэта асартымент прадуктаў і тавараў першай неабходнасці ў бліжэйшай краме ці ў вашым населеным пункце, ці як вам будаваць ваш асабісты бізнес у новых умовах, ізноў жа ў межах актуальнай лагістыкі.
І нават калі вы цягам вечара абмяркоўвалі сусветныя навіны, тады перад сном вы будзеце думаць аб тым, як вам зараз добра і спакойна, калі вы можаце адчуваць цеплыню і надзейнасць цела свайго партнёра, яго такі родны пах, пяшчоту яго скуры. Калі ў вашай пары ўсё інакш, віной таму не сусветны крызіс, а парушаная камунікацыя (вы не ўмееце размаўляць і дамаўляцца) ці няправільны выбар партнёра.
І нават калі падчас абмеркавання палітычнага становішча вы з партнёрам аказаліся «па розныя бакі барыкад», тады задайце сабе і партнёру пытанне: «Дзеля чаго мы разам? Як мы абралі адно аднаго? Ці актуальныя яшчэ для нас нашыя ідэалы і каштоўнасці? Ці яны змяніліся пад уплывам абставін? Ці жадаем мы быць разам і далей?».
— Добры секс — істотнаяўмова для пабудовы моцных адносін з партнёрам?
— Безумоўна. У цывілізаваным свеце, у тым ліку ў Беларусі, кожны чалавек мае магчымасць не выбіраць партнёра дзеля спрашчэння выжывання. Мы здольныя самі забяспечыць сабе бяспеку і ўмовы для развіцця. А партнёра выбіраем для задавальнення — эмацыйнага і фізічнага, сумеснай творчасці і сумеснага выхавання дзяцей. Гэта ў ідэале. Ізноў жа, калі ў вас не так, калі вас утрымліваюць у адносінах страх, сорам і пачуццё вінаватасці, тады і да якасці сексу ў вас будуць іншыя чаканні і патрабаванні. І ўвогуле ваш саюз будзе не пра каханне, а пра сузалежныя ці аб'юзіўныя адносіны, заснаваныя на ўзаемных маніпуляцыях альбо гвалце. Ці задумаецеся вы пра якасць сексу, калі не разумееце нават сваіх запатрабаванняў у такіх адносінах? Або якія будуць крытэрыі «добрага сексу» для вас? Гэта вельмі суб'ектыўна і для кожнай пары індывідуальна.
— Каб атрымаць асалоду ад сексу, трэба расслабіцца і адчуць сябе свабодным, раскаваным. Даволі цяжка адчуць сябе свабодным, жывучы ў таталітарнай дзяржаве. Ці азначае гэта, што ў такой дзяржаве «здаровы» секс амаль немагчымы? Альбо гэтая праблема перабольшаная?
— Каб мець магчымасць расслабіцца падчас сексу, трэба адчуваць сябе прынятым канкрэтным партнёрам і прыняць сябе з усімі сваімі праявамі. Трэба любіць сваё цела, сваю эмацыйнасць і непасрэднасць у такім інтымным узаемадзеянні, давяраць партнёру і лічыць яго самым прыемным для вас. Таталітарная дзяржава паўплывае на вашую інтымнасць толькі ў тым выпадку, калі заснуе «паліцыю маральнасці і сексу» і прыставіць да вас кантралёра. А таксама ў тым выпадку, калі вы асабіста за сваю палітычную актыўнасць асцерагаецеся рэпрэсій. Тады, верагодна, цягам нейкага нявызначанага часу вам будзе не да сексу. Вялізная колькасць неўрозаў, навязаных нам нашымі бацькамі, псуе сексуальны кантакт нашмат больш, чым дзяржаўная, палітычная ці рэлігійная сістэма.
— Як пачуццё страху, трывогі (пастаяннае, як бы фонавае) уплывае на нашу сексуальнасць?
— Наша сексуальнасць завязаная на гармонах і нейрамедыятарах: дафамін, сератанін, пралакцін і аксітацын, якія ўплываюць на выпрацоўку палавых гармонаў (эстрадзіолу і тэстастэрону) і ўзровень узбуджэння. Дафамін і пралакцін — нейрамедыятары-антаганісты. Калі казаць прасцей, страх і трывога здушаюць выпрацоўку дафаміну і звязанае з ёй эмацыйнае ўзбуджэнне. Як вынік, павышаецца вытворчасць пралакціну, які ў сваю чаргу гасіць лібіда. Нам становіцца не да сексу. Каб вярнуць сабе пачуццё бяспекі і пазбавіцца ад пачуцця прыгнечанасці, мы ідзем у блізкі кантакт за пагладжваннямі і абдымкамі. Пры гэтым павышаюцца ўзроўні сератаніну і аксітацыну, якія адказваюць за расслабленне. Так адчуванне «сваяцтва», блізкасці мацнее, а ўзбуджэнне і звязаная з ім сексуальнасць зніжаюцца. Для падтрымання ўзроўню ўзбуджэння ў пары неабходна трымаць некаторую дыстанцыю паміж партнёрамі, пакідаць месца для гульні і флірту. Але ў небяспечных умовах выносіць нават самае нязначнае аддаленне партнёра вельмі складана: праскокваючы фазу цікавасці, мы адразу трапляем у моцную трывогу, і нам зноў не да сексу.
— Савецкае мінулае папярэдніх
пакаленняў, жыццё ў закрытым грамадстве пад ціскам рэжыму аказала негатыўны
ўплыў на сексуальную адукацыю і разняволенасць беларусаў. Здаецца, толькі
нядаўна мы навучыліся размаўляць адно з адным пра секс без сарамлівасці. Перажываючы траўматычны досвед апошніх гадоў, ці рызыкуе нашае
грамадства зноў скаціцца туды, адкуль мы толькі выбраліся?
— Наўрад ці. Нас і нашых дзяцей з некаторых часоў выхоўвае хутчэй не грамадства, а свабодная інтэрнэт-прастора. Ды і раней, у савецкім грамадстве, не было ўсё так адназначна, як можна ўявіць па кінафільмах, знятых па замове дзяржавы. Сексуальная свабода была, але «падпольная», можна сказаць, малакультурная і вельмі кантрасная. Ізноў жа, больш абумоўленая бацькоўскімі ўстаноўкамі і бліжэйшым асяроддзем, чым сістэмай. Тады і паралельныя сем'і былі, і медыцынскія аборты выкарыстоўваліся шырока, венерычныя захворванні былі вельмі распаўсюджаныя. Каб загнаць нас назад у стан такога кшталту несвабоды, спатрэбяцца некалькі дзясяткаў гадоў ізаляцыі ўзроўню Паўночнай Карэі і кітайскага «Fire-wall». Я такога сабе ўявіць пакуль не магу. Але гэта асабіста маё бачанне.
«Да спецыяліста звяртаецца той партнёр, які пакутуе ад свайго становішча»
— Калі з пэўнага моманту сексу няма даволі даўно і прычына не ў вашым нежаданні, ці варта размаўляць пра гэта з партнёрам ці лепш пачакаць, даць яму час?
— Казаць пра вашыя пачуцці і запатрабаванні партнёру варта заўсёды. І цікавіцца яго пачуццямі, перажываннямі таксама, калі вы заўважаеце змены ў яго паводзінах ці ў стаўленні да вас. Немагчымыя здаровыя адносіны без абмеркавання вашага сумеснага жыцця, планаў, узгаднення дзеянняў. Без перагінаў, вядома. Партнёр не павінен адпрошвацца ў вас у прыбіральню ці пытаць дазволу, каб патэлефанаваць бацькам. Але ўзгадніць вечарыну з сябрамі або папярэдзіць аб тым, што затрымліваецеся на працы — гэта нармальна, гэта сведчыць пра паважлівае стаўленне паміж вамі. Калі вы ведаеце, што адчувае ці пра што турбуецца ваш партнёр, тады яго нежаданне сексу не стане для вас падставай для здзіўлення ці раптоўным адкрыццём, глебай для негатыўных фантазій. Спытайце яго/яе, якая ступень вашага ўдзелу можа дапамагчы яму/ёй адчуваць сябе лепш, калі гэта ўвогуле залежыць ад вашых паводзін. Ваш партнёр/партнёрка можа стрэсаваць па працоўных пытаннях, і тады акрамя тактычнага пытання, цёплай вячэры і свежай пасцельнай бялізны вы наўрад ці можаце нечым яму дапамагчы. Але вы дакладна маеце права казаць яму/ёй пра тое, што сумуеце па блізкасці.
— Калі партнёр даволі доўга не хоча сексу, як беражліва сказаць/намякнуць яму, што ёсць патрэба звярнуцца да псіхолага/псіхатэрапеўта/сексолага?
— Ніяк намякаць не трэба. Да спецыяліста звяртаецца той партнёр, які пакутуе ад свайго становішча. Калі вы самі незадаволены адсутнасцю сексу праз нерэсурсны стан партнёра, тады і вырашайце пытанне свайго эмацыйнага стану з псіхолагам ці псіхатэрапеўтам. У вашага партнёра зараз могуць быць іншыя прыярытэты. Пакуль вы турбуецеся аб сексе, ён/яна можа ратаваць свой бізнес ад спусташэння і вашу сям'ю ад галечы. І будзе законна злавацца на вашыя прэтэнзіі. Калі зніжэнне лібіда пачне турбаваць яго самога/яе саму («хачу хацець»), толькі тады праца з псіхолагам, псіхатэрапеўтам альбо сексолагам атрымае шанц быць прадуктыўнай. Вы маеце права актыўна ўмяшацца, калі бачыце, што ваш партнёр знаходзіцца ў стане глыбокай дэпрэсіі — не есць, не спіць, не ходзіць на працу, злоўжывае алкаголем, калі гэта пагражае яго бяспецы і бяспецы іншых чальцоў сям'і.
— Ці магчыма справіцца з праблемамі, якія ўзнікаюць у адносінах з партнёрам, удваіх? Альбо лепш адразу звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў?
— Калі вы загразлі ў перажываннях, ваша бачанне рэчаіснасці афарбоўваецца ў цёмныя колеры, усё здаецца бяспробліскавым, будучыні няма, фон дэпрэсіўны. З гэтай кропкі не бачна добрага выйсця з сітуацыі. Як толькі вы выявілі, што не можаце дамовіцца па базавых бытавых пытаннях, кшталту, хто мые посуд і выносіць смецце, можаце пачынаць шукаць спецыяліста. Лепш адразу сямейнага псіхолага. Калі адзін з партнёраў не выказвае зацікаўленасці ў прыцягненні псіхолага да вырашэння праблем у камунікацыі, тады больш зацікаўлены бок можа пачаць працаваць з псіхолагам ці псіхатэрапеўтам індывідуальна. Гэта ў любым выпадку зменіць атмасферу ў пары, прагучаць пытанні, якія не былі зададзеныя раней, з’явяцца рэакцыі, на якія раней не вырашаліся. Канчатковы вынік заўжды застаецца невядомым, але па-ранейшаму ўжо не будзе.
— Як не траўмаваць адно аднаго ў сітуацыі фінансавай нестабільнасці? Якую тактыку паводзін з партнёрам лепш абраць — запэўніваць, што ўсё будзе добра, мы пройдзем гэта разам, ці не хаваць наяўнасць праблемы, імкнуцца матываваць да яе вырашэння?
— Гумар — выдатная палачка-выратавалачка ў сітуацыі фінансавай нестабільнасці. Старайцеся захоўваць добры настрой насуперак абставiнам. Не адмаўляючы рэальнасці і прызнаючы свае слабыя на дадзены момант бакі, шукайце тое, у чым вы моцныя, і што вас аб'ядноўвае. Гэта спосаб спраўляцца з цяжкасцямі для роўных партнёраў. Калі ў вашай пары ўсё інакш уладкавана, тады ўлічвайце асаблівасці псіхікі вашага партнёра. Калі вы — той самы ўстойлівы і моцны, хто вывязе на сабе, тады можаце распавядаць свайму больш уразліваму партнёру, што «ўсё будзе добра, мы справімся разам». А калі вы маеце патрэбу ў суцяшэнні і падтрымцы, тады кажыце свайму больш устойліваму партнёру пра свае пачуцці, жаліцеся, няхай ён/яна шукае выйсце для вас абодвух, бярэ на сябе ролю «бацькі» на перыяд крызісу. Але на секс асабліва не разлічвайце ў такім выпадку.
— Сёння многія беларусы — і тыя, хто застаўся, і тыя, хто з'ехаў — жывуць у стане нявызначанасці: што будзе з маёй працай, сям'ёй, краінай? Маглі б вы даць некаторыя рэкамендацыі наконт таго, як абстрагавацца ад гэтых думак, вызваліцца ад іх хаця б на некаторы час і проста атрымаць асалоду ад прысутнасці партнёра?
— Крызіс у нашым рэгіёне пануе даволі даўно. Мы ўжо ўвайшлі ў фазу адаптацыі да ўмоваў вайны і нявызначанасці. Ужо ёсць разуменне таго, што хутка гэта не скончыцца, таму адкладаць жыццё на потым няма сэнсу. Праз маральную стомленасць і невыноснасць інфармацыйнага патоку большасць людзей дакладна вызначылі для сябе сваю зону ўплыву, адказнасці і кантролю. Калі чытаем добрыя навіны, мы ўздымаем сабе настрой, калі чытаем дрэнныя — апускаемся ў змрочнасць і засмучэнне або агрэсію. На любыя перажыванні патрэбны рэсурс. У нейкі момант мы кажам сабе: «Стоп, хопіць! Жадаю кахання і супакою!» І тады прымаецца валявое самастойнае рашэнне перанесці фокус увагі на творчы, стваральны полюс жыцця — адмовіцца ад прагляду навін, тым больш ад чытання каментароў пад імі, скіраваных на разгойдванне эмоцый; пачаць паляпшаць сваё сексуальнае жыццё і адносіны з партнёрам. У жыцці кожны дзень прысутнічае і добрае, і дрэннае. Толькі мы выбіраем, чаму надаць сваю ўвагу, час і сілы. Выбірайце жыццё і каханне!
«Заўсёды былі і будуць «франтавыя
жонкі», «рэвалюцыйныя мужы» і зусім іншае жыццё ў мірны час»
Асобным пунктам жадалася б сказаць пра пары, якія ўтварыліся на хвалі беларускіх пратэстаў у 2020 годзе. Нягледзячы на жорсткія ўмовы і прэсінг, у атмасферы нядзельных маршаў панавала шмат надзеі, рамантыкі, эмацыйнай узрушанасці. Многія з нас памятаюць плакаты «Ажанюся з пратэстуючай!», нявесту ў бел-чырвона-белай сукенцы, жаночыя ланцужкі і кветкі. Час крышталізацыі духоўных каштоўнасцяў, стварэнне новых сэнсаў і ідэалаў. Уся гэтая рамантычная абстаноўка спрыяла ўздыму ўзроўню дафаміну і агульнай энергіі, больш прывабнымі сталі людзі, на якіх у шэрым штодзённым жыцці мы не звярнулі б увагі. Пераадоленне агульных цяжкасцей аб'ядноўвала людзей, мужчын і жанчын, хлопцаў і дзяўчат на ідэалагічнай і ідэалістычнай глебе. Гэта падавалася лагічным. Але ў гэтым «Мы разам!» было закладзенае вымушанае зліццё пад уздзеяннем абставін.
І калі рэвалюцыйны энтузіязм згас з прычыны знясілення рэсурсаў, мы ўсе вярнуліся ў тую рэчаіснасць, якая існавала да пачатку палітычнага супрацьстаяння, толькі істотна горш па эмацыйным успрыманні. Эйфарыя барацьбы змянілася дэпрэсіяй паразы. Героі і гераіні вярнуліся ў свае ранейшыя сацыяльныя ролі — студэнты, менеджары, прадаўцы, кур'еры, служачыя і працоўныя. І тут пачалі выяўляцца тыя адрозненні і несумяшчальнасці партнёраў, якія не былі заўважныя ці наўпрост ігнараваліся ў імя агульнай вялікай ідэі. Не ўсе пары справіліся з расчараваннем «зазямлення». Многія распаліся, не вытрымаўшы «звычайнасці» рэальнага партнёра. Гэта феномен гістарычнага моманту — заўсёды былі і будуць «франтавыя жонкі», «рэвалюцыйныя мужы» і зусім іншае жыццё ў мірны час.
Ці магчыма было гэтаму дапамагчы? У нейкі момант — так, але не ўсім. Прыняўшы сваё расчараванне партнёрам, можна было пачаць знаёміцца зноўку — з жывым чалавекам, а не рамантызаваным вобразам героя. І, хто ведае, што б з гэтага атрымалася. Але знясіленне — маральнае, фінансавае і фізічнае — прымушае нас інстынктыўна эканоміць рэсурс, аддзяляць сябе ад нашага асяроддзя, пераходзіць у рэжым самазахавання, часта разбураючы блізкія адносіны, і шукаць новыя крыніцы папаўнення рэсурсу і натхнення, новае каханне.