Лужыны крыві ў калідоры ГАУС, дарожка крыві на падлозе гарвыканкама, па-зверску збітыя людзі...

Усё гэта медык Таццяна бачыла ўвечары 10 жніўня ў Пінску. І расказала пра гэта "Салідарнасці".

4_5_27.jpg

42-гадовая жанчына лічыць, што адплата за гвалт напаткае тых, хто здзейсніў зло. Але пасля затрымання яна так і не наважылася напісаць заяву ў праваахоўныя органы.

— Я баялася, што на мяне павесяць крымінальную адказнасць — абвінавацяць у тым, што біла міліцыянта, — кажа Таццяна, якая пры росце 158 сантыметраў важыць 50 кілаграмаў.

Вечарам 10 жніўня Таццяна вярталася з працы.

— У 19.26 я сышла, а ў 19.35 мяне ўжо запакавалі... На вуліцы Леніна гулялі мамы з дзеткамі, пары, пажылыя людзі. Бачу: стаяць людзі ў чорнай форме, з жалезнымі шчытамі, з дубінкамі. Яны пачалі ісці на народ.

На маіх вачах чалавек у форме аддае загад: затрымаць мужчыну з роварам. На яго накінуліся пяцёра і пачалі яго біць, не папярэджваючы і нічога не кажучы.

Таццяна ўключыла відэазапіс на тэлефоне, каб зняць, як б'юць чалавека.

— Мяне заўважыў супрацоўнік у чорным, падскочыў да мяне: "Выкінь тэлефон!" Кажу, дарагі тэлефон, не буду. Двое паклалі мяне на асфальт, я стукнулася галавой.

Усё было хутка. Я крычала: "Дапамажыце!" Мяне пацягнулі. Заламалі рукі. Пытаюся: "Навошта вы так?" Адказваюць: "Няма чаго было тут хадзіць".

Кажу, што ў мяне кружыцца галава, страчваю прытомнасць. Адказваюць: "Трэба было сядзець дома, было б добра".

Мужчыну з роварам цягнулі, ён быў басанож. Яго моцна збілі. Можа, да гэтага часу ў бальніцы.

Па словах Таццяны, яе перадалі іншым супрацоўнікам, якія забралі ў яе тэлефон.

— Чалавек у чорным абзываў мяне «к...рва».

Жанчыну прывялі ў Пінскі гарвыканкам праз чорны ход:

— На лесвіцы я ўбачыла дарожку крыві. Пасадзілі, сказалі галаву не падымаць, нікуды не глядзець. У памяшканні сядзелі мужчыны — ім на галовы нацягнулі майкі. Адзін стагнаў: "Выклічце "хуткую", мне дрэнна".

У другога (яго завуць Алег) ніжнюю частку рукі вырвалі з локцевага сустава. Ён таксама стагнаў і трымаўся за руку.

Праз 10 хвілін затрыманых вывелі на вуліцу, змясцілі ў "стакан" у мікрааўтобусе і адвезлі ў ГАУС. Асабісты дагляд праводзілі ў калідоры, успамінае Таццяна. Патэлефанаваць родным не дазволілі.

Дзяўчына-міліцыянт адвяла яе ў памяшканне ціра, сказала легчы на падлогу.

— Там ляжала чалавек 20 тварам у падлогу, са завязанымі будаўнічымі сцяжкамі рукамі. Іх ахоўвалі людзі ў ваеннай форме з аўтаматамі.

Калі супрацоўніца ГАУС сышла, вайсковец сказаў мне падымацца, паказаў месца, дзе сесці. Там сядзела 17-гадовая дзяўчынка, яна прыехала з Гродна. Завуць яе Улада. У яе з сабой была прафесійная камера і тэлефон.

Паміж сабой міліцыянты казалі, што блогерку злавілі. У дзяўчынкі балела нага, але яна не скардзілася.

Побач сядзеў мужчына. Яму зрабілі ўкол. Мабыць, ён перанёс гіпертанічны крыз. Па словах Таццяны, у ГАУС дзяжурылі дзве "хуткія".

— Мяне падванітоўвала, рукі гарэлі. Памералі ціск: 150 на 100. Далі таблетку. Сказалі "чэрапна-мазгавая траўма" пад пытаннем, напісалі накіраванне ў бальніцу і сышлі.

У бальніцу Таццяну адпусцілі праз тры гадзіны: увесь гэты час яна чакала дазволу міліцыі.

— Злева ад уваходу ў цір ляжалі людзі, маладыя, прыгожыя. Мяркую, што яны не супраціўляліся пры затрыманні. Тыя, хто ляжаў справа, былі дзіка збітыя. Тых, хто нешта казаў, адводзілі на калідор і білі. Чалавек сказаў: "Дабіце мяне прыкладам, навошта мне так жыць?" З калідора даносіліся стогны, чутны былі гукі удараў.

Праз дзве гадзіны затрыманым загадалі сесці. Спыталі, хто хоча ў туалет. Людзі казалі, што не змогуць: рукі так зацяклі, што яны не адчувалі пальцаў.

Калі Таццяну вывелі з ціра, у калідоры яна ўбачыла лужыну крыві.

— У "хуткай" са мной ехалі двое мужчын. Ігар з Лунінца. Яго берцам ударылі ў скронь, вочы заплылі, сінія. Яму было дрэнна. Казаў, што яго білі дубінкамі па спіне. Мяркую, што яму адбілі левую нырку, таму што ён прыпадаў пастаянна на левую нагу, не мог выпрастацца.

Другі — Алег — жыве ў Пінску. Гэта ў яго дасталі сустаў з локця. Затрымалі яго ў цэнтры горада, калі ён вяртаўся з рамонту, пры сабе ў яго былі будаўнічыя інструменты: дрыль, нажоўка. Алег спрабаваў растлумачыць, што яго дом побач, але гэта не падзейнічала. У "хуткай" ён казаў, што памятае, як у 90-я нападалі бандыты, а цяпер гэта робіць АМАП.

У бальніцы Таццяне зрабілі кампутарную тамаграму і здымак чэрапа.

— Лекар сказаў, чэрапна-мазгавой траўмы няма: ідзіце дадому. "Доктар, а з гэтым што рабіць?" — спытала я і паказала яму сінія рукі.

— Гэта не да мяне, — адказаў лекар.

Затрыманая ў Пінску медык папрасіла схаваць яе твар і не паказваць прозвішча і месца працы. Мама Таццяны не ведае пра затрыманне дачкі. Фота прадастаўлена гераіняй матэрыялу

На наступны дзень пацярпелая пайшла да тэрапеўта, якая адмовілася адкрываць бальнічны ў сувязі з траўмамі. Таццяна схадзіла ў траўмапункт на паўторны прыём, дзе аформілі бальнічны ліст.

— У мяне балелі галава і шыя, я не магла падняць плечы. З 11 па 20 жніўня я была на бальнічным.

19 жніўня, праз 9 дзён пасля затрымання, Таццяну выклікалі ў Следчы камітэт. "Хуткая" перадала звесткі аб яе траўмах, цяпер СК праводзіць праверку.

— Следчы ўгаварыў мяне схадзіць у ГАУС, спытаць, дзе мае канфіскаваныя рэчы — мабільны тэлефон, залаты ланцужок з ладанкай. Сказала, што баюся. Ён мяне супакоіў: ідзіце, нічога страшнага не здарыцца.

24 жніўня Таццяна адправілася ў міліцыю.

— Высветлілася, што ніякіх запісаў няма, рэчаў таксама. Сказалі пытацца ў Следчым камітэце.

— Што вам сказаў следчы?

— Што будзем шукаць людзей у чорным.

Таццяна мяркуе, што затрыманні ў Пінску праводзіліся прыезджымі:

— Кажуць, што ў інтэрнаце Палескага ўніверсітэта жылі некалькі сотняў вайскоўцаў.

У жанчыны склалася ўражанне, што тыя, хто збіваў людзей, былі пад уздзеяннем наркотыкаў.

— Чаму вы так думаеце?

— Я як медык кажу. Таму што яны адчувалі радасць, азарт ад таго, што яны робяць. Як можна выконваць загады, калі перад табой пажылы чалавек, жанчына, дзіця?

Некалькі начэй пасля затрымання Таццяна не магла спаць.

— Мне ўдавалася заснуць на дзве гадзіны. Я не ела. Баялася выклікаць таксі са свайго нумара. Мне здавалася, што цяпер за мной прыйдуць, пасадзяць. Дачку не адпускала на змену, таму што людзей забіралі з крамы...

Таццяна кажа, што справіцца з посттраўматычным сіндромам ёй дапамаглі сябры і псіхолагі, да якіх яна звярталася праз BY_Help.