Намеснік камандзіра каліноўцаў: Вучэнні ў Беларусі з'яўляюцца пагрозай для Украіны

Намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук напісаў калонку для Unian.net, у якой ацаніў рызыкі паўторнага ўварвання ва Украіну з тэрыторыі Беларусі.

630_360_1652090412_241.jpg

«Паводле інфармацыі Міністэрства абароны РБ, у Беларусі пачаліся сумесныя лётна-тактычныя вучэнні расійскай і беларускай ваеннай авіяцыі,пішаВадзім Кабанчук. — У прыватнасці, 20 студзеня ведамства дало справаздачу аб трэніроўках на Ружанскім палігоне, падчас якіх авіяцыя адпрацуе "падаўленне сродкаў супрацьпаветранай абароны, паражэнне пунктаў кіравання, назапашванняў тэхнікі і жывой сілы ўмоўнага праціўніка". «З аэрадрома ў Мачулішчах самалётам ДРЛВ А-50 выконваюцца задачы па вядзенні паветранай разведкі і кіравання экіпажамі шматмэтавых знішчальнікаў», — паведамілі ў Мінабароны Беларусі.

Без сумненняў, правядзенне гэтых вучэнняў з'яўляецца пагрозай для Украіны. У першую чаргу таму, што назапашанне і канцэнтрацыя войскаў пад выглядам вучэнняў асабовага складу — ужо ўсім вядомая тактыка Расіі напярэдадні ўварвання ў чарговую краіну. Напрыклад, пад выглядам вучэнняў РФ канцэнтравала сілы для нападу на Грузію ў 2008 годзе. Восенню 2021 года РФ актыўна распавядала пра свае ваенныя вучэнні паблізу ўкраінскай мяжы, а пасля пачаўся поўнамаштабны наступ.

Яшчэ адна пагроза заключаецца ў тым, што вучэнні з'яўляюцца лётна-тактычнымі. Гэта азначае, што падчас іх правядзення на тэрыторыі Беларусі ў неба пастаянна падымаюць баявую авіяцыю. Гэта значыць, носьбіты з паражальнымі сродкамі, якія могуць наносіць удары па Украіне. У прыватнасці, МіГ-31 з гіперхуткаснымі ракетамі «Кінжал» і іншыя самалёты, якія ўжо наносілі ўдары па Украіне з тэрыторыі Беларусі.

У такіх выпадках па ўсёй Украіне адразу ж аб'яўляецца паветраная трывога. І гэта апраўданы крок. Варта быць асцярожным і, пачуўшы яе, адразу ж ісці ў сховішча. Я б ставіўся да іх сур'ёзна.

Справа ў тым, што ніхто не можа гарантаваць і дакладна вызначыць: ці гэта трэніровачны ўзлёт, або з мэтай пуску ракет па інфраструктуры Украіны. Акрамя таго, не так даўно, 15 студзеня, Расія нанесла ракетныя ўдары па Кіеве, тады спачатку прагучалі выбухі, а ўжо потым паветраная трывога. Вучэнні могуць быць толькі прыкрыццём для рэальных намераў нанесці ўдар!

Акрамя таго, з адкрытых крыніц можна даведацца, што нядаўна Расія перакінула на тэрыторыю Беларусі блізу 50 самалётаў. Я б ацаніў гэта як значную колькасць авіяцыі, якая безумоўна ўяўляе сур'ёзную пагрозу.

Пры гэтым нават навучанне расійскіх пілотаў з'яўляецца непажаданым сцэнаром. Нават не нападаючы падчас трэніровак, праціўнік узмацняецца.

Таксама мы адсочваем, што расійцы працягваюць праходзіць баявое зладжванне на палігонах Беларусі. Аднак ужо на працягу некалькіх месяцаў колькасць расійскай групоўкі там істотна не мяняецца. Розныя крыніцы паведамляюць, што на тэрыторыі РБ знаходзіцца да 11-15 тысяч расійскіх вайскоўцаў. Такая колькасць баявога складу з'яўляецца недастатковай для пачатку сухапутнага наступу на Украіну з поўначы.

Для параўнання, год таму на тэрыторыі Беларусі была сабраная групоўка з 35-40 тысяч расійскіх вайскоўцаў. Тады, калі Расія рушыла на Украіну, яны пайшлі праз Іванкоў, праз Чарнобыльскую зону, праз Чарнігаў…

Цяпер расійская групоўка амаль удвая меншая. А вось Украіна сёння якраз больш падрыхтаваная. Таму нават з намерам паўтарыць наступ з поўначы расійцам не ўдасца забяспечыць аператыўную раптоўнасць нападу. На маю думку, калі РФ плануе напасці зноў, ёй давядзецца збіраць яшчэ большую групоўку, чым год таму.

Бо цяпер украінцы разумеюць, што Пуцін можа паспрабаваць паўтарыць наступ з поўначы. І ўжо вельмі добра да гэтага гатовыя.