Навіны дня. Улады хлусяць. І не толькі беларускія

У Беларусі працягваюць арыштоўваць і судзіць. Але высветлілася, што некаторыя арышты аказаліся выключна хвальбой. А «другая армія свету» таксама выявілася «папяровай». Асноўныя навіны дня — у нашым аглядзе.

nvg8fpbjnlxnhvehoviuvkqkr0iss6czyw3jgtsa.jpeg


Канвеер рэпрэсій не спыняецца. Рэкламшчык, мастак, адзін з першых мінскіх хіпі Сяргей Філіпаў атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Муж і жонка Сяргей і Галіна Філіпавы былі сярод 12 чалавек, затрыманых у  Дзень Волі. 21 суткі арышту атрымала Марыя Каржанеўская. А ў Лынтупах затрымалі ксяндза мясцовага касцёла.

Таксама сілавікі паведамілі, што затрымалі пяцёх «жанчын з парасонамі», і зрабілі гэта яшчэ 20 сакавіка. Аднак высветлілася, што ніводная з затрыманых не мае дачынення да тых «жанчын з парасонамі», якія гуляюць па мінскіх вуліцах.

На думку Лукашэнкі, дзяржаўныя СМІ ўсё часцей перахопліваюць парадак дня ў інтэрнэце. Але апытанні паказваюць, што на працягу ўсяго 2021 года давер да дзяржаўных СМІ заставаўся на ўзроўні ніжэй за 20%. У той жа час незалежныя медыя стабільна маюць па гэтым паказчыку ўдвая лепшы вынік (напрыклад, у мінулым лістападзе — 41%).

Расія таксама неаднаразова хвалілася сваёй вайсковай магутнасцю. Але ва Украіне мы не пабачылі выкарыстання найноўшых ваенных распрацовак і ўзораў гэтай моцы. Чаму мы іх не бачым — высвятлялі ваенныя эксперты, і вынікі несуцяшальныя.

Дый тое, што ёсць, насамрэч, не працуе, як належыць. 26 сакавіка Расія выпусціла рэкордную аднамомантавую колькасць ракет па тэрыторыі Украіны. Але пацэлілі туды, куды збіраліся, толькі адзінкі.

Зрэшты, РФ і Украіна хутка правядуць чарговы вочны раўнд перамоваў наконт урэгулявання. Але гэтым разам — не ў Беларусі, а ў Турцыі. Так што ў чарговы раз здабыць «міратворчы імідж» у Лукашэнкі не атрымаецца.

Ну і — замежныя медыя шмат разважалі пра будучыню Беларусі ў новых варунках.