Расія запусціла рэкордную колькасць ракет па Украіне, але іх амаль усе збілі

26 сакавіка Расія выпусціла рэкордную аднамомантавую колькасць ракет па тэрыторыі Украіны, падлічыў The Insider на аснове звестак сваіх крыніц.

1648280916_3608.webp


52 ракеты былі выпушчаныя з караблёў Чарнаморскага флоту з акваторыі Севастопаля і не менш за 18 — з тэрыторыі Беларусі, піша выданне.

Агульны кошт гэтых ракет перавышае $340 млн прамых вытворчых выдаткаў у цэнах 2020 года, а з улікам лагістыкі — да паўмільярда долараў за адзін раз толькі залпамі з караблёў Чарнаморскага флоту.

Пры гэтым СПА Украіны паставіла рэкорд па збітых цэлях: з як мінімум 70 выпушчаных Расіяй ракет даляцелі толькі восем. Астатнія былі знішчаны ў небе.

Расія праводзіла абстрэл у тым ліку па тэрыторыі, якая знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад мяжы Польшчы. У той жа дзень там знаходзіўся з візітам прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Таксама 26 сакавіка у Польшчы з візітам была і Святлана Ціханоўская.

Раней крыніцы The Insider паведамлялі, што Расія 26 сакавіка выпусціла па тэрыторыі Украіны да 50 ракет. Частка з іх ударыла па Львове: расійскі бок абстраляў склад паліва і абаронны аб'ект.