Магутная зброя РФ існуе толькі ў фантазіях генералаў. Чым насамрэч ваюе «другая армія свету»?
Эксперты тлумачаць, чаму Расія ў вайне з Украінай ваюе на старой савецкай тэхніцы і не выкарыстоўвае сваю анансаваную суперсучасную зброю: самалёты Су-57, танкі Т-14 Армата, ракеты «Цыркон».
Расійская прапаганда любіць распавядаць аб моцы і велічы РФ, але вельмі часта заявы аказваюцца пустымі словамі, за якімі нічога не стаіць. Тычыцца гэта і суперсучаснай ваеннай тэхнікі, якая нібыта ёсць на ўзбраенні расійскай арміі.
Міжнародныя эксперты ў галіне ўзбраенняў Эрык Віклунд і Крыс Шыес сцвярджаюць, што па факце «наварочаная» тэхніка ў Расіі ёсць толькі на малюнках і ў планах, а ў рэальнасці армія Пуціна ваюе ў асноўным тым, што засталося ад СССР, піша Главред са спасылкай на Styler.
Бюджэт РФ на ваенную тэхніку вялікі, але мала што даходзіць да арміі, лічаць эксперты.
«Расія ў асноўным вядомая сваімі ракетамі і найбуйнейшым запасам ядзернай зброі. Але краіна знаходзіцца пад санкцыямі "да чорцікаў", і ВУП ідзе на падтрыманне тых сіл, што ў іх ёсць. Мы не здзівімся, калі ў будучыні адбудзецца ўцечка інфармацыі і выявіцца, што вайскоўцы РФ моцна недафінансаваныя і вялікая частка сродкаў выцякала ў чужыя кішэні», — кажуць яны.
Самалёт Су-57
Самалёт Су-57 павінен быў замяніць у расійскіх узброена-касмічных сілах цяжкі знішчальнік Су-27. Вытворчасць была запушчаная ў 2019 годзе і нават адзін удалося сабраць. Але падчас выпрабаванняў ён разбіўся.
Эксперты сцвярджаюць, што з 2019 па 2022 гг. маглі сабраць яшчэ хаця б тры такія самалёты. І адзін, магчыма, ёсць на эксплуатацыі ў ВПС РФ. Аднак няма ні фота, ні відэа гэтых самалётаў.
Большая частка інфармацыі аб самалётах з’яўляецца сакрэтнай. Вядома, што ў іх быў запраектаваны адсек для ўзбраення з запускам ракет класа «паветра-паветра». Аднак выпрабаванні паказвалі, што ракеты не змяшчаліся ў каранёвых адсеках крыла. Магчыма, што нават гатовыя самалёты Су-57 не падыходзяць для выкарыстання.
Эрык Віклунд кажа, што ў РФ выраблена 14 штук Су-57, 10 прататыпаў, 4 серыйныя ўзоры. Але нават серыйныя мадэлі яшчэ праходзяць выпрабаванні.
«Па большай частцы Су-57 настолькі дарагі ў вытворчасці, што Расія не можа дазволіць сабе вырабляць яго ў значных колькасцях. Яны шукаюць замежных пакупнікоў, каб дапамагчы з выдаткамі на распрацоўку. Індыя ўжо адмовілася, а Расія не знайшла нікога, хто мог бы запоўніць пустэчу, якая ўтварылася», — распавёў эксперт.
Танк Т-14 Армата
Разрэкламаваны танк Т-14 Армата не прысутнічае на ўзбраенні расійскай арміі. Іх створана ўсяго 20 штук. Выкарыстоўваюцца яны толькі для выпрабаванняў і ўдзелу ў парадах.
Як сцвярджае Віклунд, ні адзін з прататыпаў не гатовы для прымянення.
У РФ заяўлялі аб планах стварыць больш двух тысяч такіх танкаў, але з-за адсутнасці фінансавання ўвесь цыкл вытворчасці быў адменены. Пазней казалі, што да 2022 года створаць 100 мадэляў, але яны так і не былі гатовыя да выпрабаванняў.
Ракета «Цыркон»
Ракета «Цыркон» павінна была замяніць цяжкую супрацькарабельную ракету П-700 Граніт. Як тлумачаць эксперты, гэта макет, які капіюе гіпергукавую крылатую ракету X-51 Waverieder, якая распрацоўваецца ў ЗША.
У РФ няма ні аднаго малюнка ракеты «Цыркон», акрамя запуску старой супрацьракетнай ракеты берагавога базавання.
Ракета «Кінжал»
Ракета «Кінжал» — гэта проста балістычная ракета сярэдняй далёкасці «Іскандэр», якая прывязаная да МіГ-31 і разгорнутая трохі вышэй і далей. Прыстасаваная для запуску з самалёта. За кошт гэтага яна мае вялікую стартавую хуткасць і павялічвае далёкасць удару. Пасля пуску яна дзейнічае ўжо як «іскандэраўская» ракета. Падымаецца на вышыню каля 30 кіламетраў, а затым падае на мэту.
Цяпер армія РФ выкарыстоўвае самалёты тыпу Міг-31 або бамбавік Ту-22М. Па словах экспертаў, абодва гэтыя самалёты лёгка выяўляюцца, таму рэклама «Кінжала» як «ракеты-невідзімкі» — хвальба. На самай справе гэта рэканструкцыя балістычнай ракеты малой далёкасці, якая была распрацавана яшчэ ў 1980-х гадах. Яна лёгка выяўляецца на радарах.
Як паведамляў Главред, войскі Расіі 19 сакавіка нанеслі ракетны ўдар па падземным складзе ракет і авіяпрыпасаў Узброеных сіл Украіны ў вёсцы Дзяляціне ў Івана-Франкоўскай вобласці. У Крамлі заявілі, што ўдар быў нанесены расійскім гіпергукавым авіяцыйным ракетным комплексам «Кінжал».
Інфармацыю пацвердзілі і ў ЗША. У Вашынгтоне заявілі, што гэта першы вядомы выпадак прымянення ракет такой магутнасці ў баявых дзеяннях.
Чым насамрэч ваюе Расія
Цэнтр процідзеяння дэзінфармацыі пры РНБА Украіны паведаміў аб «перадавых» тэхналогіях, якія прымяняюцца акупантамі. У прыватнасці, гэта:
- вінтоўка Мосіна-Нагана — у розных мадыфікацыях знаходзілася на ўзбраенні да 1960-х гадоў;
- кулямёт Максім — апошні факт прымянення зафіксаваны ў 1969 годзе;
- фургон УАЗ 452 (бохан) — неваенны небраніяваны аўтамабіль;
- фургон ГАЗ-3302 (Газэль) — неваенны небраніяваны аўтамабіль;
- самазвал КамАЗ-5511 — неваенны небраніяваны аўтамабіль;
- трыцыкл Loncin LX250ZH-11 — неваенны небраніяваны транспартны сродак.
«З прычыны названага ўзнікае пытанне аб аб'ектыўнасці рэйтынгу магутнасці перадавых армій свету, таму што "другое" расійскае войска можа быць толькі ў фантазіях генералаў Мінабароны РФ», — гаварылася ў паведамленні.
«Новае» — не значыць «непераможнае»
Зрэшты, на палях бітваў УСУ заўважылі і новую тэхніку расійскай арміі. Напрыклад, 93-я асобная механізаваная брыгада «Халодны Яр» заявіла пра знішчэнне танка Т-80УМ2 «Чорны арол», які ў пуцінскай арміі быў толькі адзін.
Як паведамляў Главред, украінскія абаронцы захапілі ў Мікалаеўскай вобласці супертрафей — новую камандна-штабную машыну Р-149МА1 арміі РФ. Яна з'яўляецца элементам аўтаматызаванай сістэмы кіравання войскамі РФ вядомай як «Сузор'е».
Украінскія вайскоўцы пад Кіевам 22 сакавіка захапілі камандны модуль сістэмы РЭБ «Красуха-4» — гэта адна з самых магутных станцый радыёэлектроннай барацьбы расійскага войска. Яна здольная выяўляць і блакаваць радары на адлегласці да 300 км, комплекс прызначаны для падаўлення радараў AWACS і спадарожнікаў радыётэхнічнай выведкі. Некаторыя кампаненты комплексу да гэтага часу не рассакрэчаныя.
Раней у Чарнігаўскай вобласці ўкраінскія байцы захапілі самаходную артылерыйскую ўстаноўку найноўшай мадэлі «Мста-С». Таксама ўкраінскія ваенныя захапілі як мінімум тры ракетна-гарматныя комплексы «Панцыр-С1». На ўзбраенні ВС РФ такія ЗРПК пачалі з'яўляцца з 2015 года.
Пераклад НЧ