Не расслабляцца: акцыі пратэсту, страйкі і рэпрэсіўны ціск. Найважнейшае за 20 жніўня

Зразумела, амаль два тыдні бесперапыннага пратэсту выклікаюць нейкую стомленасць у народа. Гэтым і пачала карыстацца дзяржаўная рэпрэсіўная машына. Аднак пакуль рэпрэсіі — гэта толькі пужалка. Нас спрабуюць проста запужаць. А ці мы баімся?

img_9946_logo_1.jpg

Супраць Каардынацыйнай рады, створанай з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай, распачалі крымінальную справу. Генпракурор Аляксандр Канюк заявіў, што яе дзейнасць была накіравана «на захоп дзяржаўнай улады» (арт. 361 КК). Сцвярджаецца, што гэтая структура мела на мэце «нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспубліцы Беларусь», паведамляе прэс-служба Генпракуратуры. Раней у гэтым раду абвінаваціў Лукашэнка.

Аднак Канюк забыўся сказаць: гэты артыкул КК мае на ўвазе гвалтоўныя дзеянні (у чым Раду западозрыць цяжка), а «нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы» павінна ўтрымлівацца ў «закліках да іншаземнай дзяржавы». Рада, ж, наадварот, прасіла ўстрымацца ад умяшання ў нашыя справы. А вось у Лукашэнкі такі заклік меўся — калі ён перамаўляўся з Пуціным аб падтрымцы, у тым ліку вайсковай.

Улады не выпускаюць Паўла Севярынца. Яму «навесілі» такі ж крымінальны артыкул — падбухторванне да масавых беспарадкаў, — як і Статкевічу, і Ціханоўскаму. Нагадаем, што Севярынец адбываў шэраг адміністрацыйных тэрмінаў за ўдзел у акцыях, што праходзілі пад час збору подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты.

118222442_3005198562923937_8361966822212166859_o_1.jpg


Гэта ў чарговы раз робіць Севярынца палітычным вязнем, а ўлада зноў знаходзіцца ў «прававой пастцы». Бо, па нашым заканадаўстве, немажліва два разы караць за адное ёй тое ж, а ўсе дзеянні Севярынца ўжо былі кваліфікаваныя, як адміністрацыйнае правапарушэнне.

Улады ўсё ж звольнілі галоўрэда газеты «Звязда» Паўла Сухарукава, а на яго месца зноў прызначаны Алесь Карлюкевіч: ён кіраваў выданнем у 2011 — 2016 гадах, затым пайшоў на міністра інфармацыі, а зусім нядаўна быў адстаўлены. Калектыву было заяўлена, што «"Звязда» — дзяржаўная газета. Заснавальнікі — Савет міністраў, Палата прадстаўнікоў, Савет рэспублікі, і яны хочуць, «каб у гэтай газеце быў гэты галоўны рэдактар. Галоўны рэдактар вызначае рэдакцыйную палітыку».

Некаторыя супрацоўнікі са «Звязды» звольніліся.

117703257_527227938046169_5624399628575104064_n_logo_1.jpg


Тым часам, фонд дапамогі звольненым за палітычныя перакананні пачаў першыя выплаты. Да яго ўжо звярнуліся каля 200 чалавек. Як атрымаць дапамогу і каму яна належыць, можна прачытаць па спасылцы.

Нягледзячы на запужванне. У краіне працягваюцца страйкі і акцыі салідарнасці. Ланцуг неабыякавых прайшоў у Мінску, таксама былі акцыі звольненых супрацоўнікаў БТ і Спеўны сход ля Купалаўскага тэатру. Сход жыхароў адбыўся ў Бараўлянах.

2020_08_20_shod_barauljany_a._ljaszkevicz_021_logo_1.jpg


Пачаў страйкаваць «Гроднажылбуд».