Звольнены галоўрэд «Звязды». Замест яго прызначаны Алесь Карлюкевіч

20 жніўня ў Доме прэсы адбыўся сход супрацоўнікаў Выдавецкага дома "Звязда". На ім міністар інфармацыі Ігар Луцкі абвясціў аб звальненні галоўнага рэдактара Паўла Сухарукава па згодзе бакоў і назначэнні на яго пасаду Алеся Карлюкевіча.

Алесь Карлюкевіч

Алесь Карлюкевіч


Павел Сухарукаў пракаментаваў свой сыход так: "Я сапраўды прыняў гэтае рашэнне сам. Трошкі папраўлю здароўе і буду дапамагаць, як я гэта бачу, сваёй роднай дзяржаве".

Супрацоўнікі Выдавецкага дома мелі магчымасць задаць пытанні міністру інфармацыі: "Ці не падаецца вам, што калі мы замоўчваем шырока вядомыя факты і інфармацыю, мы парушаем арт. 34 Канстытуцыі РБ. Такім чынам звужаючы поле дзяржаўных СМІ і пашыраючы поле сацыяльных сетак, дзе інфармацыя можа быць не праверанай?" Вось што Ігар Луцкі адказаў: "У нас і так рэсурс звужаны, каб данесці дзяржаўную пазіцыю, што далей няма куды. Я хачу сказаць, што гэта {"Звязда"} — дзяржаўная газета. Заснавальнікі —  Савет міністраў, Палата прадстаўнікоў, Савет рэспублікі, і я хачу каб там, не, не я, заснавальнік хоча, каб у гэтай газеце быў гэты галоўны рэдактар. Галоўны рэдактар ​​вызначае рэдакцыйную палітыку".

Паводле Луцкага, Сухарукаў працягне працу ў дзяржаўных СМІ.

Далейшы дыялог міністра Луцкага і супрацоўнікаў выглядаў так:
Міністр: — Камусьці не хапае інфармацыі ў гэтай краіне?Супрацоўнікі: — Вядома!М.: — Каму не хапае інфармацыі ў гэтай краіне?С.: — Калі чытаць толькі "Звязду", не хопіць. М.: — Ды інфармацыі зараз проста заваліся.
С.: — Ну правільна, а чаму людзі павінны ісці кудысьці шукаць яе, а не чытаць у нас?
М.: — Таму што як бы я хачу, каб быў і альтэрнатыўны пункт гледжання. А яго цяпер практычна няма. С.: — Чаму мы не можам выпрацаваць гэты пункт гледжання?М.: — А мы і будзем яго выпрацоўваць. Мы яго і выпрацоўваем.
Звяздоўцы таксама спыталі і пра скандальны сюжэт на СТБ аб Купалаўскім тэатры. Міністр заявіў, што пакуль яго не бачыў.
Алесь Карлюкевіч за час сустрэчы не прамовіў ні слова, акрамя вітанняў.