«Не ўмеюць яны іншай стабільнасці, акрамя стабільнасці на мяжы нервова-палітычнага зрыву»
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» у звыклай для яго іранічнай манеры ў чарговы раз канстатуе, што рыторыка і дзеянні беларускай улады ўсё больш аддаляюцца ад жаданняў і інтарэсаў беларускага грамадства.
На днях здарыліся дзве гісторыі, якія адна з адной з першага пункту погляду ніяк і не звязаныя. Па-першае, апублікавалі вынікі нядаўняга апытання аб стаўленні беларусаў да вайны. І калі коратка, не ўдаючыся ў дробныя дэталі, то да вайны беларусы ставяцца дрэнна. Заўсёды дрэнна ставіліся, а з тых часоў, як вайна пачалася, сталі ставіцца яшчэ горш. І нават сярод тых, хто ўхваляе расійскую аперацыю, доля ўхваляючых удзел у ёй Беларусі імкнецца да статыстычнай хібнасці.
А, па-другое, беларускі штабны генерал прыгразіў бамбёжкамі Польшчы. Гэта значыць творча развіў ідэю вышэйстаячага начальства пра ўдары па заходніх цэнтрах прыняцця рашэнняў. Усё ж такі нават беларускія генералы трохі сумняваюцца ў сваёй здольнасці дастаць да ўсіх цэнтраў прыняцця рашэнняў. Таму гэты генерал паабяцаў абмежавацца цэнтрамі прыняцця пастаноў у Польшчы. Ну, і там па дробязі — польскімі ваеннымі базамі, арсеналамі і «крытычна важнымі аб'ектамі іх эканомікі».
Вось рэальнасць беларускай улады даўно ўжо раўналежная жаданням беларускага грамадства. Але, атрымліваецца, што з пачаткам вайны ва Украіне гэтыя дзве рэальнасці яшчэ больш аддаліліся адна ад адной. Калі сёй-той просіць сабе ў Расіі ядзернай зброі, то яго просьбы і яго настальгія па ядзерных ракетах катэгарычна супярэчаць настроям 80 працэнтаў беларускіх грамадзян.
Калі беларускія генералы грукочуць танкамі на паўднёвых рубяжах, яны не Украіну нервуюць. Яны нервуюць 42 працэнты беларускіх грамадзян, якія ўхваляюць гіпатэтычную адмову беларускіх вайскоўцаў ад удзелу ў вайне і яшчэ 30 працэнтаў тых, хто не вызначыўся з адказам. Таму што пераход ад баявых манеўраў да баявых дзеянняў гатовыя ўхваліць толькі 5 працэнтаў.
І як бы далёкія не былі беларускія ўлады ад народа, я сумняюся, што яны не здагадваюцца аб злачынна пацыфісцкіх настроях падведамнага насельніцтва. Пра тое, што іх ваяўнічыя размовы ўхваляюць, у лепшым для ўладаў выпадку, чвэрць беларускіх грамадзян.
Улічваючы гэтую акалічнасць, весці ваяўнічыя размовы можна было б, падаецца, цішэй. Ну, каб лішні раз не нерваваць насельніцтва. Таму што заходнія цэнтры прыняцця рашэнняў ваяўнічымі беларускімі генераламі не напалохаеш. А ўласных грамадзян — вельмі нават проста.
Але, мабыць у тым і праблема, што панізіць гучнасць не атрымліваецца. Таму што, з аднаго боку, статус адзінага расійскага саюзніка абавязвае здзяйсняць у яго карысць рэгулярныя вербальныя інтэрвенцыі. А з іншага, такое ўжо прадстаўленне ў беларускіх улад аб стабільнасці. Не ўмеюць яны іншай стабільнасці, акрамя стабільнасці на мяжы нервова-палітычнага зрыву.