«Пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам». Што вядома пра сьмерць на вайне яшчэ аднаго беларуса?

Алег Панамароў загінуў яшчэ 7 ліпеня, але пра сьмерць гэтага беларуса-добраахвотніка стала вядома толькі цяпер, піша «Св*бода». Алег заўсёды меў пры сабе шаўрон з «Пагоняй». Казаў, калі разьбяромся з Расеяй тут, то пойдзем вызваляць Беларусь.

02490000_0aff_0242_99cd_08dae4df21a8_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.webp

Мужчына прыехаў ваяваць ва Ўкраіну яшчэ ў 2014 годзе. Спачатку служыў у батальёнах «Шахтарск» і «Карпацкая Сеч». Браў удзел у баявых дзеяньнях ля шахты «Бутаўка» і ў Песках на ўсходзе Ўкраіны.

Панамароў нарадзіўся ў Харкаўскай вобласьці Ўкраіны, але ягоныя бацькі разышліся, і маці зь дзецьмі паехала на сваю радзіму, у Магілёў.

Алег Панамароў быў грамадзянінам Беларусі, украінскае грамадзянства змог атрымаць у 2017 годзе. У Беларусі хлопец працаваў арматуршчыкам на заводзе.

«Ён вельмі хацеў дапамагчы Ўкраіне. Ён разумеў, што Расея прыцясьняе ягоную радзіму. Сачыў за Майданам, а калі пачалася вайна, то ня змог заставацца ўбаку», — кажа пабрацім Алега Панамарова Астап.

 

Алег «Хмурны» Панамароў

Алег «Хмурны» Панамароў

Першым пазыўным Алега быў «Артэга», так ён назваўся ў гонар гішпанскага філёзафа Хасэ Артэга-і-Гасэт. Потым стаў «Катом». Апошнім часам меў пазыўны «Хмурны».

Алег Панамароў служыў намесьнікам камандзіра баявой машыны, наводчыкам-апэратарам штурмавога ўзводу штурмавой роты ў батальёне «Айдар». Загінуў беларус пасьля прамога пападаньня снарада ў акоп, дзе ён знаходзіўся. Гэта адбылося ля вёскі Паўлаўка Данецкай вобласьці.

Пахавалі «Хмурнага» ў горадзе Ўжгарадзе, на самым захадзе Ўкраіны, у Закарпацьці. Такое месца пахаваньня выбралі таму, што ва Ўжгарадзе жыве пабрацім Панамарова Астап, які займаўся пахаваньнем.

«Алег жыў у Краматорску Данецкай вобласьці, але яму вельмі падабаліся Карпаты. Марыў калісьці пераехаць сюды жыць», — кажа Астап.

Пахавалі Алега Панамарова пад бел-чырвона-белым сьцягам.

«Для яго гэта было вельмі важна. Ён заўсёды меў пры сабе шаўрон з «Пагоняй». Казаў, калі разьбяромся з Расеяй тут, то пойдзем вызваляць Беларусь».

Беларускаму добраахвотніку было 30 гадоў. Гэта васямнаццатая вядомая сьмерць беларусаў, якія бароняць Украіну ад расейскай агрэсіі.