Паміж кратамі. Як жыве жанчына, у якой палітвязні — муж і сын

Святлана Пракапчук — адна з тых жанчын, па якіх 2020 год нанёс двайны ўдар. За кратамі ў яе аказаліся адначасова муж і сын. Дзесьці з усмешкай, а дзесьці скрозь слёзы Святлана распавядае, як яна жыве ў чаканні сваіх любімых.

svjatlana_prakapczuk._fota_dzmitryja_dzmtiryeva__novy_czas4_logo.jpg


Бацька паехаў падтрымаць сына, і потым яго затрымаліПалітвязняў Віталя Пракапчука і Ягора Пракапчука, бацьку і сына, 10 сакавіка мінулага года асудзілі за «ўдзел у масавых беспарадках» у Брэсце. Абодва атрымалі па чатыры гады калоніі. Цяпер яны адбываюць пакаранне ў розных месцах: Віталь — у «Віцьбе», Ягор — у Івацэвічах. Паміж гэтымі дзвюма кропкамі засталася Святлана — прыгожая, танклявая жыццярадасная жанчына, якая трымаецца, таму што патрэбная сваім мужчынам.
— У нас звычайная сям’я. З мужам мы знаёмыя каля 25 гадоў, сёлета 25 красавіка ў нас будзе 23 гады шлюбу, — распавядае Святлана Пракапчук. — Муж апошнім часам працаваў слесарам. Ён — майстар на ўсе рукі, я за ім была як за каменнай сцяной. Цяпер, канешне, усё лягло на мае плечы, даводзіцца прасіць дапамогу ў знаёмых.

photo_2022_04_13_20_47_04.jpg


Сын скончыў школу, адвучыўся на газаэлектразваршчыка, месяц папрацаваў. Займаўся спортам, хадзіў на тайскі бокс, у «качалку», любіў падтрымліваць форму. Дома яго штанга і гантэлі, з якімі ён займаўся, ляжаць на тых жа месцах, дзе ён іх пакінуў — усё яго чакае.

photo_2022_04_13_20_46_58.jpg


І муж, і сын былі на добрым рахунку на працы. Нават цяпер усе пра іх пытаюцца, чакаюць, гавораць, што возьмуць назад. Ну, мы паглядзім. Так далёка пакуль не загадваем.
Разам са Святланай тату і брата чакае 12-гадовая Вікторыя. Яна вельмі пасталела за той час, што Віталь і Ягор у турме, і, прызнаецца жанчына, дачка цяпер дае ёй сілы трымацца.
— Усё адбылося раніцай 19 жніўня, калі мы збіраліся на працу, — успамінае Святлана канец лета 2020-га, якое падзяліла жыццё сям’я на «да» і «пасля». — Сын яшчэ спаў, а мы з мужам пілі каву. Я ўбачыла, што ля дома стаяць людзі ў цывільным. Я выйшла — не разумела, што адбылося, думала, можа, нейкая памылка. Яны спыталі пра сына Ягора і патлумачылі, што ён быў заўважаны 10 жніўня. Я не паверыла. Яны сказалі, што сыну трэба на пару гадзін праехаць у Следчы камітэт, там з ім паразмаўляюць і адпусцяць.
Разам з Ягорам падтрымаць сына паехаў яго бацька Віталь. Праз нейкі час Святлана паехала за імі, сваіх родных жанчына знайшла ў РАУС Брэсцкага раёна. Віталя адпусцілі, а Ягора — не, сказалі, што павязуць у СК.
— Мы з мужам раз’ехаліся па працах і чакалі званка ад сына. Ён пазваніў з тэлефона следчага і сказаў, што на яго завялі крымінальную справу. Я не паверыла, бо са мной у жыцці такое здарылася ўпершыню, — усё яшчэ разгублена кажа Святлана.
Яшчэ да абеду ў той жа дзень Святлана і Віталь знайшлі для сына адваката. А пасля абеду ім патэлефанавалі з СК і папрасілі прыехаць Віталя. Ён паехаў і больш не вярнуўся.

«На судзе старалася ўсміхацца і не падаць духам»

svjatlana_prakapczuk._fota_dzmitryja_dzmtiryeva__novy_czas5_logo.jpg


— Дачку я пакінула ў суседзяў, нічога ёй не гаворачы, але ўвечары давялося сказаць, бо яна запытвалася. Было вельмі цяжка. Першы час яна нават ездзіла са мной на працу, бо пасля гэтага ўсяго баялася заставацца дома. Але цяпер яна ўсё разумее і вельмі падтрымлівае тату і брата.
Святлана прызнаецца, што шмат чаго з тых падзей ужо і не памятае, бо пераносіла іх вельмі цяжка, была на супакаяльных. Дый цяпер для яе яшчэ нічога не скончылася, і ёй па-ранейшаму няпроста.
— Паступова мы ўвайшлі ў нейкі рытм, мы разумелі, што нам трэба спраўляцца і іх падтрымліваць. Хаця і дасюль яшчэ не прыйшлі ў сябе. Але варыянтаў у нас няма, трэба жыць далей і старацца ім дапамагаць. Пакуль яны не трапілі ў калонію, мы кожны дзень пісалі ім лісты. Потым ужо сталі трохі радзей, бо і яны там занятыя. Але падтрымліваем: мы — іх, яны — нас.
Святлана Пракапчук успамінае, што адзін з самых цяжкіх момантаў для яе быў неўзабаве пасля затрымання, калі сына перавялі ў ІЧУ і ён сядзеў у адзіночнай камеры. Потым — калі перавялі ў СІЗА.
— Я двойчы на тыдзень, у аўторак і пятніцу, вазіла ім перадачы. Яны іх чакалі. Памятаю, была вельмі марозная зіма, усё замятала снегам. Але мне дапамагалі суседзі.
Потым вельмі цяжкі быў суд. Я старалася ўсміхацца і не падаць духам, каб падтрымліваць іх. Але калі абвясцілі гэтыя чатыры гады, я не магла стрымаць слёз, — гаворыць жанчына, і больш чым праз год пасля суда слёзы зноў ліюцца з яе вачэй. — Калі быў прысуд, іх шчыльна абступілі супрацоўнікі міліцыі. Але Бог даў мне ўбачыць сына наўскос. Ён не зводзіў з мяне вачэй, і я годна вынесла гэты прысуд, не плакала. Ён мне пасля пісаў: «Мама, ты малайчына, я хваляваўся, каб ты трымалася».

photo_2022_04_13_20_46_54.jpg


Цяжкім для Святланы быў перавод мужа і сына з Брэста ў Баранавічы — бо адлегласць паміж імі павялічвалася.

«Мы жывём тым днём, калі зноў будзем разам»

Потым пачаўся этап калоній са сваімі складанасцямі. Пакуль Святлана змагла толькі трапіць на спатканне да мужа Віталя. А вось да сына — не. Кароткатэрміновага спаткання яго пазбавіла адміністрацыя, за што — невядома. Потым у Івацэвічах увялі каранцін, і доўгатэрміновае спатканне маці з сынам таксама не атрымалі. Нарэшце каранцін знялі, і Святлана спадзяецца, што ў гэтым месяцы яна зможа абняць Ягора.
— Да мужа мы з дачкой ездзілі ў верасні. Там таксама не даюць доўгатэрміновых спатканняў, але далі кароткае. Стараліся жартаваць і трымацца на пазітыве. А так муж тэлефануе, ёсць скайп і відэа. У сына скайп-званкі рэгулярна раз на 8 дзён, мы можам 20 хвілін гаварыць — гэта дарагога каштуе.

photo_2022_04_13_20_47_01.jpg


Святлана зазначае: хоць яе сын і да гэтага быў мужным, але за час зняволення ён стаў яшчэ больш дарослым. А Віталь Пракапчук прызнаўся жонцы, што больш стаў засяроджвацца ў сабе, больш маўчаць. Сама жанчына таксама заўважыла, што больш стала любіць спакойны час, калі можна пра нешта падумаць.
— І, канешне, я стала мацнейшай, бо ўсё на мне: дачка, праца, дом, муж з сынам. Муж вельмі перажывае за гэта. Я думаю, што памяняліся мы ўсе, і адназначна не ў горшы бок, сталі мудрэйшымі.
Адзінае, шкада, што гэта працягнецца яшчэ два гады — ні за што.

svjatlana_prakapczuk._fota_dzmitryja_dzmtiryeva__novy_czas7_logo.jpg


Яшчэ адна рэч, якая засмучае Святлану, — гэта здароўе яе родных, якое яны страчваюць за кратамі. У Віталя пастаянны ціск, у Ягора праблемы са скурай і зрокам. Да таго ж Ягора ўжо неаднойчы змяшчалі ў ШІЗА за «парушэнне рэжыму».
Сярод усіх гэтых цяжкасцяў Святлане дапамагаюць трымацца дачка, праца, а таксама стасункі з іншымі роднымі палітвязняў. А яшчэ разуменне таго, што цяпер яна для сваіх мужа і сына — гэта ўсё.
— Мы не раз абмяркоўвалі дзень іх вызвалення. Я думала, шо спачатку паеду за сынам, потым за мужам. Але ў сына ёсць дзяўчына, і яна кажа: «Святлана Іванаўна, не перажывайце, Ягора забяру я». Мы шмат пішам адно аднаму пра гэты дзень, дзелімся планамі на будучыню. Мы жывём тым днём, калі зноў будзем разам — гэта нас і падтрымлівае.
Вельмі хочацца, каб вярнулі дзяцей бацькам, бацькоў дзецям, каб яны ўсе хутчэй былі дома, бо гэта вельмі цяжка для любой сям’і.
Але я не магу жыць без веры. Хоць муж мне піша, каб я не будавала ілюзій, я ўсё роўна спадзяюся, што яны выйдуць раней. А калі не — ну, значыць, я пасуну сваю надзею трохі далей.

svjatlana_prakapczuk._fota_dzmitryja_dzmtiryeva__novy_czas2_logo.jpg


Лісты да палітвязняў амаль не даходзяць, але вы можаце паспрабаваць пісаць ім на наступныя адрасы:
Пракапчук Віталь Андрэевіч. ПК №3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. ВіцьбаПракапчук Ягор Вітальевіч. ПК №22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20
Калі вы хочаце падтрымаць іх сям’ю, у рэдакцыі ёсць кантакты Святланы Пракапчук.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева і з архіва Святланы Пракапчук.