«Паварочваюць да сценкі – і проста пачынаюць біць. Чацвёра. І ў канцы прылятае яшчэ ўдар у пах»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня.»

gleb_899.jpg


Глеба затрымалі 11 жніўня каля гандлёвага цэнтра "Скала". Паводле яго словаў, супрацоўнікі АМАПа затрымалі яго, калі ён проста ішоў па вуліцы ў навушніках. Наступныя трое сутак хлопец быў у Маскоўскім РУУС, на Акрэсціна і ў ЛПП №3 пад Слуцкам. Глеб распавёў "Вясне", што яму і іншым давялося перажыць за гэты час.
    "Я ўбачыў, што справа едзе сіні бусік. Ну, я іду далей, мне ўсё роўна. Але яны звярнулі ў двух метрах ад мяне і пабеглі за хлопцамі ззаду. Я спыніўся, падняў рукі ўверх. Мяне ўдарылі ў бок і зацягнулі ў бусік. У хлопцаў, якія ішлі ззаду, наогул стралялі, як аказалася.
    Потым мяне перакінулі ў аўтазак. Адтуль – у Маскоўскі РУУС. Спачатку мы валяліся на падлозе з рукамі за спіной. Потым знялі шнуркі, рэмень, забралі асабістыя рэчы. Пасадзілі на крэсла. Ты сядзіш, абапіраючыся аб пярэдняе сядзенне, тварам уніз, рукі накрыж над галавой. І так мы сядзелі гадзін 12. Супрацоўнікі міліцыі ўвесь гэты час гнабілі мяне, што я чарнаскуры, фарбаваны – я тады быў з ружовымі валасамі з блакітнымі ўстаўкамі.
    Калі я сядзеў на крэсле ў РУУС, то падышоў адзін, праверыў мае справы да гэтага і ўбачыў, што ў траўні 2020 года я звяртаўся з нагоды крадзяжу сумкі. Ён пачаў у грубай форме казаць: "Мы не бюро знаходак". І стаў проста біць мяне вось так (складае рукі ў замак і замахваецца) па галаве, па спіне. І пасля гэтага я атрымаў чэрапна-мазгавую траўму.
    У Маскоўскім РУУС у туалет выпускалі рэдка. Там людзі пісаліся пад сябе. Хадзілі па вялікім таксама пад сябе некаторыя – ад болю ці яшчэ чагосьці".
Затрыманых у міліцыі здымаюць на відэа, дзе яны павінны прадставіцца і расказаць за што яны затрыманыя. Глеб распавёў, што пасля відэаздымкі ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска, затрыманых збівалі:
    "Знялі, паварочваюць да сценкі – і проста пачынаюць біць. Чацвёра. І ў канцы прылятае яшчэ ўдар у пах. Потым у прынцыпе ўжо не чапалі.
    Потым адвезлі на Акрэсціна. Там у параўнанні з Маскоўскім РУУС ужо не білі".
Глеб распавёў, што яго асудзілі прама на Акрэсціна па арт. 23. 34 КаАП на 15 сутак арышту.
    "На Акрэсціна нас спачатку паставілі да плота ўсіх на калені і галавой у зямлю. Потым пачалі заводзіць у будынак. Там былі суддзі, мы падыходзілі да іх, яны зачытвалі нейкі артыкул, звязаны з мітынгам. У мяне ў пратаколе было запісана, што затрымалі мяне на "Пушкінскай" , а ў той дзень мяне там нават не было. Я пачаў з імі спрачацца. Яны ўсе перапісалі, але 15 сутак ўсё роўна далі".
На Акрэсціна Глеб з іншымі затрыманымі спалі ў шпацырным пакоі:
    "Гэта бетонны пакойчык шэсць на шэсць ці менш з адкрытым небам. І там нас было 77 чалавек. Грэліся адзін аб аднаго, паравозікам. Мы чулі, як там білі новых. Дзяўчат і мужчын. Іх і электрошокерамі білі. Усю ноч здзекаваліся.
    Назаўтра усё, што нам далі, – гэта шэсць боханаў хлеба, тры батона і тры літра вады. На 77 чалавек. Да гэтага мы не елі трое сутак недзе. На Акрэсціна я прабыў паўтара дня".
Затым Глеба з многімі іншымі затрыманымі перавезлі ў ЛПП №3 пад Слуцкам, дзе ён прабыў суткі.
    "Ехалі мы да Слуцка з вайскоўцамі. Яны нам наогул сказалі, што павінны везці нас у сцяжках на руках, але яны не сталі гэтага рабіць.
    Калі прывезлі ў ЛПП, нас перш за ўсё адправілі ў душ. Пасля душа адвялі ў пакоі з двухпавярховымі ложкамі. Кармілі таксама нармальна тры разы на дзень. Нават пакурыць выпускалі.
    У Слуцку былі ў шоку ад таго, у якім выглядзе мы прыехалі. Там адразу ж прапаноўвалі медыцынскую дапамогу. І, калі ў кагосьці не было рэчаў, то яны адразу ж знаходзілі яму рэчы. А з Акрэсціна, пакуль табе што-небудзь не зламалі сур'ёзна: пазваночнік або рэбры, ты не з'едзеш у прынцыпе.
    У ЛПП я прабыў суткі. У пятніцу ў 19:00 пачалі адпускаць. Выйшаў, там сустрэлі валанцёры, давезлі да Мінска да родных. Калі нас выпускалі, давалі падпісаць нейкае папярэджанне: калі нібыта яшчэ раз зловяць, то там ужо крымінальны артыкул да 15 гадоў".
http://spring96.org