Расія прасоўваецца, Украіна контратакуе: і не толькі на фронце
Расія нарошчвае тэмпы прасоўвання на фронце ва Украіне шляхам "мясных штурмаў". У той жа час Украіна паспяхова контратакуе, у тым ліку і на фронце дыпламатычным: Расіі прапанаваная чарговая сустрэча па мірным перамовам. Пасля гэтага нельга сказаць, што Украіна ўхіляецца ад іх. Ідзе 1243-ці дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі ва Украіне адбылося 154 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 20 ліпеня.
Амаль траціна штурмаў — 50 боесутыкненняў, — зафіксаваная на Пакроўскім кірунку ў раёнах Папова Яру, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Удалага, Новасергіеўкі, Арэхавага, Шаўчэнка, Дачнага, Мірнаграду, Аляксееўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 22 разы, спрабуючы прасунуцца паблізу Новага Свету, Торскага, Серабранкі, Рэдкадубу, Грэкаўкі, Карпаўкі, Грыгораўкі і іншых.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку за мінулыя суткі адбылося 21 баявое сутыкненне.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны спынілі 16 атак у раёнах Шаўчэнка, Запарожжа, Зялёнага Гаю, Васкрасенкі, Вольнага Поля, Зялёнага Поля і іншых.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі дзевяць атак паблізу Дыліеўкі, Тарэцка і Русінага Яра.
На Паўднёва-Слабажанскім (Курскім) і Прыдняпроўскім кірунках зафіксавана па шэсць атак на кожным.
* * *
Узброеныя Сілы Украіны дасягнулі прагрэсу на найбольш напружаным участку фронту, у прыватнасці, на Пакроўскім кірунку, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у нядзелю, 20 ліпеня.
Геалакацыйныя відэазапісы, апублікаваныя 19 ліпеня, пацвердзілі, што УСУ занялі пазіцыі ў паўночнай частцы вёскі Мікалаеўка, размешчанага на паўночны ўсход ад Пакроўска.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 19 ліпеня, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўночным усходзе Васкрасенкі (на паўднёвы захад ад Новапаўлаўкі).
* * *
Расійскія войскі прасунуліся каля пяці населеных пунктаў у Данецкай вобласці, паведамілі аналітыкі праекта DeepState. Згодна з абноўленай мапай, РФ прасунулася непадалёк ад Катляроўкі, Новамікалаеўкі, Паддубнага, Верхнекаменскага і Фёдараўкі.
* * *
Украінскія войскі змаглі аднавіць шэраг пазіцый у раёне горада Арэхаў у Запарожскай вобласці. Гэта ўдалося дзякуючы таму, што сілы абароны выкарыстоўваюць манеўраную абарону і контратакуюць ворага, заявіў спікер Сіл абароны поўдня Украіны Уладзіслаў Валошын у эфіры тэлеканала «Мы — Україна».
Па словах спікера, украінскія падраздзяленні завабліваюць расійцаў у пасткі, а затым контратакуюць. Такім спосабам удалося аднавіць частку раней згубленых пазіцый.
«Не хачу адкрываць шмат інфармацыі, але тое, што ў нас ёсць: мы аднавілі пэўныя пазіцыі на некаторых кірунках. У прыватнасці, непадалёк Арэхава, дзе дзейнічаем даволі паспяхова. Мы аднавілі некаторыя пазіцыі, іх няшмат, але мы не толькі спрабуем устойліва ўтрымліваць тэрыторыю, але і праводзіць контратакі, невялікія контрнаступныя дзеянні — і поспехі ёсць», — распавёў Валошын.
* * *
Тэмпы прасоўвання расійцаў паскараюцца, з пачатку 2025 года расійскія войскі акупавалі ва Украіне тэрыторыю памерам з Люксембург, піша Bild са спасылкай на ацэнкі ўкраінскіх і расійскіх вайсковых блогераў.
Армія РФ заняла з пачатку года 2395 квадратных кіламетраў украінскай тэрыторыі. Для параўнання – у 2024 годзе расійскія войскі захапілі 3388 кв. км. Гэта азначае, што іх прасоўванне паскараецца. Калі тэндэнцыя захаваецца, то да канца гэтага года Украіна страціць больш за 4 тысяч кв. км.
* * *
У ноч на 20 ліпеня Расія атакавала Украіну 57 БПЛА, з якіх удалося збіць 18, яшчэ 7 лакацыйна страчаныя.
У ноч на 20 ліпеня расійскія войскі атакавалі дронам Васільеўскі раён Запарожскай вобласці. У выніку ўдару па прыватным доме пацярпелі дзве жанчыны.
У выніку начнога абстрэлу Ізюму расійскімі беспілотнікамі пашкоджаныя жылыя і прыватныя будынкі, двое цывільных атрымалі раненні.
У ноч на 20 ліпеня расійскія ўлады заявілі аб збіцці 16 беспілотнікаў, якія нібыта накіроўваліся на Маскву. У Падмаскоўі пасля падзення абломкаў загарэліся аўтамабілі. З-за атакі дронаў ва ўсіх аэрапортах Масквы — Шарамеццева, Дамадзедава, Унукава і Жукоўскім — прыпынялі ўзлёт і пасадку самалётаў.
З-за пашкоджання абломкамі БПЛА кантактнай сеткі на перагоне ў Растоўскай вобласці РФ з затрымкамі ідуць 75 пасажырскіх цягнікоў далёкага накіравання.
* * *

* * *
Кіраўнік сітуацыйнага цэнтра па Украіне ў Мінабароны Германіі генерал-маёр Крысціян Фройдынг заявіў у падкасце Бундэсвера Nachgefragt, што Расія мае намер запускаць па Украіне да 2000 беспілотнікаў адначасова.
Паводле інфармацыі Фройдынга, Расія істотна пашырае вытворчыя магутнасці для масавага прымянення беспілотнікаў у вайне супраць Украіны. Паводле яго слоў, Масква плануе адначасова запускаць 2 тысячы дронаў, што створыць сур'ёзны выклік для ўкраінскай сістэмы супрацьпаветранай абароны.
Як лічыць генерал Бундэсвера, Расіі моцна дапамагае Кітай. У прыватнасці ён звярнуў увагу на тое, што Кітай спыніў пастаўкі камплектуючых да беспілотнікаў ва Украіну, але цалкам засяродзіў свой адпапведны экспарт на Расіі. « Кітай фактычна экспартуе выключна ў Расію, тады як Украіна выключаная з гэтага рынку», — сказаў Фройдынг.
Генерал адзначыў неабходнасць распрацоўкі «разумных мер процідзеяння», бо прымяненне традыцыйных сродкаў, у прыватнасці ракет для сістэмы СПА Patriot, з'яўляецца нелагічным супраць «Шахедаў», кошт якіх складае 30-50 тысяч еўра, тады як адна ракета Patriot каштуе больш за 5 мільёнаў.
Паводле яго, патрэбныя недарагія сродкі барацьбы з беспілотнікамі коштам ад 2 да 4 тысяч еўра, што дазволіць эфектыўна рэагаваць на масіраваныя атакі.
Яшчэ адным метадам процідзеяння Фройдынг назваў удары па глыбокім тыле Расіі — па ваенных самалётах, аэрадромах і абаронных заводах.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што сакратар РНБА Украіны Рустэм Умераў прапанаваў расійскаму боку сустрэчу на наступным тыдні, а таксама падкрэсліў, што Украіна гатовая да сустрэчы на ўзроўні лідараў.
«Працягваюцца перамовы з расійскім бокам аб абмене —працягваем выконваць дамоўленасці мінулай сустрэчы ў Стамбуле. Зараз каманда працуе яшчэ над адным абменам. Таксама сакратар РНБА прапанаваў расійскаму боку наступную сустрэчу на наступным тыдні. Перамоўную дынаміку трэба павялічваць. Трэба рабіць усё, каб дасягнуць спынення агню. І расійскаму боку трэба перастаць хавацца ад рашэнняў», — адзначыў Зяленскі.
«Патрэбна сустрэча на ўзроўні лідараў, каб рэальна забяспечыць мір — сапраўды працяглы. Украіна гатовая да такой сустрэчы», — заявіў Зяленскі.