Пётр Кузняцоў: Вайна ва Украіне перайшла ў жахлівую для ўсіх стадыю
Аналітык Пётр Кузняцоў разважае ў сваім тэлеграм-канале пра ход вайны ва Украіне.
Не маючы магчымасці ўвайсці ў ключавыя гарады, расійскае войска прынялася рэалізоўваць тактыку, выпрабаваную ў Грозным і Алепа: знішчэнне ўсяго і ўся ў зоне паражэння ракет. Вайна «на змор» у сучасных рэаліях — свет робіць стаўку на тое, што ў Расіі скончацца рэсурсы на працяг баявых дзеянняў. Расійскае кіраўніцтва — на тое, што ва ўкраінскага народа скончацца рэсурсы ўнутранай мужнасці і гатоўнасці абараняцца.
Ракеты тым часам заканчваюцца. СМІ пішуць, што практычна на зыходзе крылатыя «Калібры». Праўда, запас «Іскандэраў», як і розных РСЗА, сучасных версій «Кацюшы», яшчэ вялікі. Але не менш вялікім з'яўляецца і пытанне, ці можа Расія дазволіць сабе выдаткаваць 100% запасаў, улічваючы, што межы ў лядашчай імперыі ўсё яшчэ велізарныя.
На фоне ўсяго, што адбываецца, рэальна уражвае маштаб катастрофы, якая адбылася з РФ пасля распаду СССР і перажытых «хвацкіх 90-х». І гэта якраз не пра сённяшнюю катастрофу эканамічную, а пра тое, да чаго прыйшла вялізная і найбагацейшая краіна за апошнія два дзесяцігоддзі пад размовы прапаганды пра геніяльныя геапалітычныя стратэгіі Крамля.
Сёння ў гэта, напэўна, ужо цяжка паверыць, але ў нейкім 2010 годзе, нейкіх нікчэмных у гістарычным маштабе 12 гадоў таму, ва Украіне цалкам дэмакратычна і легітымна маглі абраць прарасійскага прэзідэнта.
Януковіч — персанаж наскрозь карумпаваны і з крымінальным мінулым, заўсёды меў вялізны, самы вялікі антырэйтынг, але, у той жа час, будучы расійскім пратэжэ, змагаўся за ўладу ў 2004-м, узначальваў прарасійскую фракцыю ў парламенце, а потым і зусім стаў прэзідэнтам. Гэта значыць, нават нягледзячы на ўсю спецыфіку гэтага чалавека, пазіцыі дружалюбнага для Расіі электарату ва Украіне былі такія, што іх хапала на пастаянную і сістэмную прысутнасць ва ўладзе на самым вышэйшым узроўні, як у заканадаўчай, так і ў выканаўчай.
Калі б Масква на нейкім этапе раптам вырашыла зрабіць стаўку на кагосьці больш рэспектабельнага, цяжка нават уявіць, як магла б развівацца гісторыя. Але ў Крамлі лічаць, што ўсе кіраўнікі экс-савецкіх краін павінны быць такога ўзроўню, каб Пуцін на іх фоне выглядаў палітычным мастадонтам. У выніку атрымалася тое, што атрымалася.
«Якасць» палітычных рашэнняў Масквы ў дачыненні да Украіны ў 2013-15-м прывяла да таго, што, маючы там яшчэ пару гадоў таму каласальныя пазіцыі, Расія імкліва страціла літаральна ўсе магчымасці прысутнічаць у яе палітычным жыцці. Аднак «якасць» у гэты раз перайшла ў колькасць (звычайна бывае наадварот, але тут адмысловы выпадак) і перарадзілася ў сістэмную палітыку, у выніку якой велізарная, багатая, яшчэ нядаўна чалец G-8 краіна рэкорднымі тэмпамі ператварылася ў сусветнага ізгоя.
І тут ужо справа была не толькі ва Украіне. «Навічок», Літвіненка, Скрыпалі, Навальны, Сірыя, актыўнасць ЧВК, энергетычны шантаж — мноства праяў гэтай самай «палітыкі» прывялі да лагічнага выніку.
Ва Украіне, і не ў 2014-м, а ў 2004-м, усё пачыналася, ва Украіне і заканчваецца. Але шлях быў багатым на падзеі.
І вось ён, вынік. Без грошай, тэхналогій, самалётаў, саюзнікаў і перспектыў — паліць апошнія ракеты аб мірныя ўкраінскія рускамоўныя (!) гарады, якія яшчэ 12 гадоў таму самі выбіралі прарасійскага прэзідэнта. І не мець магчымасці ні ўвайсці ў іх, ні выбудаваць наноў адносіны, ні вярнуць страчаныя пазіцыі.
Марнаваць апошнія грошы на вядзенне вайны з тымі, з кім яшчэ нядаўна былі выдатныя адносіны. Думаць пра тое, як падмануць уласнае насельніцтва аповедамі пра тое, як усё добра, бо цяжка ўявіць, што будзе, калі да іх усё дойдзе.
Думаць, якой праграмай спецэфектаў лепш скарыстацца для мантажу «зносін з народам».
І шкурай адчуваць набліжэнне канца.
У Расіі зараз у трэндзе развагі пра гісторыю і месцы ў ёй кіраўнікоў.
Некаторым там сапраўды прыгатавана месца. Толькі не тое, на якое яны разлічваюць.
А ўсім астатнім краінам з несфармаванай устойлівай канкурэнтнай палітычнай сістэмай — урок: як кіраваць нельга.