Працаўнікі мінскай ЦЭЦ-2 выйшлі на акцыю салідарнасці
Супрацоўнікі ЦЭЦ-2 выйшлі на вуліцу Трасцянецкую на акцыю салідарнасці з іншымі рабочымі, якія трымаюць страйк з патрабаваннем новых выбараў.
Паводле працаўніка Віталя, пакуль гэта не страйк, але тых, хто гатовы страйкаваць на ЦЭЦ-2 і гарадскіх ўчастках, шмат.
«На ТЭЦ працуе каля 700 чалавек, у нашай група, хто патрабуе новых выбараў і можа пайсці на страйк, каля 200. У мінулую пятніцу быў сход з ўдзелам прафсаюзу, склалі ліст з патрабаваннямі і перадалі кіраўніцтву. Там абяцалі перадаць вышэй. Людзі падпісваліся, але бачаць, што нас не хочуць слухаць, зацягваюць час. Сёння стала вядома, што кіраўніцтва «Белэнерга» разаслала падпарадкаваным структурам загад аб персанальнай адказнасці за дысцыпліну, абавязалі кожны дзень па тры разы дакладаць пра сітуацыю і паведамляць прозвішчы тых, хто бярэ ўдзел у акцыях», — распавёў Свабодзе Віталь.
Цяпер працаўнікі ТЭЦ-2 праводзяць акцыю салідарнасці ў свой абедзенны перапынак. Абяцаюць, што будуць сачыць за сітуацыяй і вырашаць, што рабіць далей. Але гэтак усё пакідаць нельга, дадаў іншы працаўнік.
Паводле Радыё Свабода