«Прапаганда ўперлася ў столь». Вынікі чарговага апытання беларусаў на фоне вайны ва Украіне
Беларуская аналітычная майстэрня (БАМ), якую ўзначальвае прафэсар Андрэй Вардамацкі, сёньня ў Варшаве прадставіла вынікі чэрвеньскага апытаньня ў Беларусі. Рэспандэнтаў апытвалі праз тэлефон па выпадковай выбарцы, вынікі рэпрэзэнтуюць усё дарослае насельніцтва краіны. Атрыманыя дадзеныя аналізуе на «Свабодзе» аглядальнік Юрый Дракахруст.

Фота Міністэрства абароны
Паводле апытаньняў БАМ, пасьля пачатку вайны Расеі з
Украінай адбылося павелічэньне долі прыхільнікаў інтэграцыі з РФ. Аднак,
нягледзячы на інтэнсіўную прапаганду Расеі і на беларускую дзяржаўную
прапаганду, якая паўтарае расейскія наратывы, доля прыхільнікаў інтэграцыі з РФ
стабілізавалася. Паводле тлумачэньня прафэсара Вардамацкага, прапаганда
ўперлася ў столь, яна няздольная падвысіць колькасьць адэптаў эўразійскай
інтэграцыі.

Тут і далей фота БАМ
У чэрвеньскім апытаньні БАМ задаў таксама пытаньне, якое дапускала выбар у выглядзе інтэграцыі і на Ўсход, і на Захад, а таксама адмову ад абедзьвюх формаў інтэграцыі. Абодва варыянты выбралі прыкладна па 20% рэспандэнтаў. У адказах на пытаньне ў такой форме зьнізіліся долі прыхільнікаў інтэграцыі як з ЭЗ, гэтак і з РФ.

Што тычыцца вайскова-палітычных саюзаў, то большасьць беларусаў аддаюць перавагу неўступленьню ні ў які зь іх. Год вайны Расеі з Украінай не зьмяніў прынцыпова прапорцыі. Толькі невялікая частка беларусаў выступае за ўступленьне краіны ў NATO, доля прыхільнікаў сяброўства краіны ў АДКБ значна большая, але яна меншая, чым тых, хто супраць сяброўства і ў АДКБ, і ў Паўночнаатлянтычным альянсе.

Апытаньні БАМ фіксуюць кансэнсус у беларускім грамадзтве наконт нежаданьня, каб беларускае войска ўдзельнічала ў вайне ва Ўкраіне. Гэтае меркаваньне падзялялі на працягу году 80–85% апытаных.

Таксама большасьць адмоўна ставіцца да выкарыстаньня Расеяй беларускай тэрыторыі і вайсковай інфраструктуры для ваенных апэрацыяў супраць Украіны. Але ў гэтым пытаньні перавага меншая, чым у пытаньні пра ўдзел Беларусі ў ваенных дзеяньнях: каля 30% апытаных ухваляюць расейскую вайсковую прысутнасьць і напады расейскага войска зь Беларусі на Ўкраіну.

Нарэшце, у чэрвені 2023 году БАМ задала пытаньне пра стаўленьне беларусаў да разьмяшчэньня ў краіне расейскай ядзернай зброі. Пра такі плян абвясьціў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 25 сакавіка сёлета. Паводле заяваў Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, зробленых у чэрвені, пэўную колькасьць боегаловак даставілі ў Беларусь ужо на пачатку лета.

Паводле чэрвеньскага апытаньня БАМ, больш за палову рэспандэнтаў да разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ТЯЗ ставяцца адмоўна, аднак каля траціны — станоўча. Паводле апытаньняў Chatham House, якія праводзіліся ў Беларусі, доля праціўнікаў расейскай ТЯЗ у Беларусі вышэйшая.

Аднак апытаньні Chatham House праводзяцца ў Беларусі
онлайн і прадстаўляюць гарадзкое інтэрнэтызаванае насельніцтва, у той час як
апытаньні БАМ рэпрэзэнтуюць усё дарослае насельніцтва, у тым ліку і вясковае, і
тых, хто не карыстаецца інтэрнэтам.