Сяргей Коршун: Ціханоўскі тады сказаў мне: «Мяне ніхто не пераможа, я непераможны»

46-гадовы блогер тэлеграм-канала «Армія з народам» Сяргей Коршун правёў за кратамі чатыры гады. У мінулым мужчына — супрацоўнік органаў унутраных спраў, звольніўся з міліцыі пасля разгону Плошчы-2010. Пра перажытае ў зняволенні, пра тое, што азначае быць у «тэрарыстычным спісе» ўладаў, пра настроі ў асяроддзі сілавікоў, а таксама што згубіла Сяргея Ціханоўскага былы палітвязень апавёў у эксклюзіўным інтэрв’ю «Новаму Часу».

Сяргей Коршун у дзень вызвалення з калоніі.

Сяргей Коршун у дзень вызвалення з калоніі.

Мінчаніна Сяргея Коршуна арыштавалі яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, у ліпені 2020 года. У 2021-м яго асудзілі па артыкуле «масавыя беспарадкі» да 4,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Свой тэрмін мужчына адбыў цалкам у папраўчай калоніі № 3 «Віцьба». Пасля вызвалення ў ліпені 2024 года былы палітвязень з’ехаў з Беларусі. 

Нашае інтэрв’ю зацягнулася больш, чым на тры гадзіны. Сяргею хочацца выгаварыцца, хоць і ўспаміны пра зняволенне пякельныя і траўмуючыя.

«Ціханоўскага згубіла самаўпэўненасць»

— Тое, што ў краіне штосьці ідзе не ў тым кірунку, я асэнсаваў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Тады я працаваў у сістэме МУС, падчас пратэсных падзей на Плошчы быў у рэзерве. Убачыў, што пратэстоўцы — скрозь нармальныя людзі, і калі іх пачалі ні за што затрымліваць, збіваць, прыняў рашэнне звольніцца з міліцыі. 

Падчас пенсійнай рэформы высветлілася, што ў мой працоўны стаж не залічылі час службы ў органах. Гэта як? А потым ў сувязі з так званай аптымізацыяй штату на прадпрыемствах пачалі скарачаць супрацоўнікаў, не працягвалі ім кантракты. Я назіраў за ўсім гэтым, і маё абурэнне сістэмай нарастала як снежны ком і ўрэшце дасягнула свайго піку. 

Былы палітвязень кажа, што вялікі ўплыў на яго свядомасць аказалі і рэпартажы Сяргея Ціханоўскага:

— З Сяргеем мы пазнаёміліся ў сакавіку 2020 года. І яшчэ тады я і мае паплечнікі казалі яму: «Сяргей, ты ўжо не проста блогер, а публічная, палітычная фігура. Перад кожным тваім стрымам трэба прадпрымаць элементарныя захады бяспекі, рабіць своеасаблівую выведку. Глядзець па баках, фіксаваць, дзе стаяць «ціхары» і гэтак далей. Ціханоўскі тады адказаў мне: «Ды ну, што ты. Мне нічога не патрэбна. Мяне ніхто не пераможа, я непераможны». 

Сяргей нашыя рэкамендацыі праігнараваў і ў выніку атрымалася тое, што атрымалася. А калі б у яго была нейкая служба суправаджэння, то я думаю, што тады б у Гродне ў той правакатаршы нічога б не атрымалася: яна б папросту не здолела падысці да яго ўшчыльную.

— То бок ты хочаш сказаць, што Ціханоўскі ў пэўных пытаннях быў наіўным?

— Ён быў самаўпэўнены. Сяргей быў перакананы, што ён перамагае сістэму, што яна ламаецца. 

Суразмоўца дадае, што не паехаў 29 мая 2020 года з Сяргеем Ціханоўскім і яго камандай у Гродна, бо мусіў дапамагаць бацькам на лецішчы. Там не лавіў тэлефон: мабільнік запрацаваў толькі, калі былы палітвязень ужо вяртаўся дахаты.

— Мне прыйшлі сотні паведамленняў. Я ж не ведаў, што Сяргей затрыманы. Пытаюся ў сяброў: «Што здарылася?» Яны кажуць: «А ты дзе? Мы думалі, што цябе ўжо таксама «закрылі». І апавялі мне, што адбылося з Сяргеем. Я асалапеў і кажу: «Да ну нафіг, што вы такое кажаце, не можа быць!»

Для мяне гэта сталася апошняй кропляй. 

«Сілавікам не хапіла сілы духу»

— У чаце «Армія з народам», які я да таго ж і адміністраваў, было каля сямі тысяч удзельнікаў, — працягвае свой аповед Сяргей Коршун. — Гэта былі ў тым ліку былыя і дзейныя сілавікі, што выступалі за перамены і маглі аказаць практычную дапамогу ў неардынарных сітуацыях, даць парады, што рабіць, калі вас затрымліваюць, збіваюць і гэтак далей. Але, вядома, былі і тыя, хто абслугоўваў рэжым і ўступіў у наш чат з мэтай нас кантраляваць і правакаваць. Паказанні некаторых з іх пасля ляглі ў аснову майго абвінавачвання па крымінальнай справе. 

Адміністратар канала мусіць вельмі добра адчуваць сваю аўдыторыю і ўдзельнікаў. У чаце траплялася вельмі шмат выпадковых людзей, правакатараў, як я ужо казаў. Я стараўся іх вылічваць і баніць. 

— Як сябе звычайна паводзілі правакатары ў чаце?

— Калі памятаеш, у нас, людзей з пратэснымі настроямі, была выразная ўстаноўка: ніякага гвалту. Пра што большасць з нас пасля дужа пашкадавала, як па мне… Але окей, гэта ўжо іншая гісторыя. Дык вось правакатары, тыя ж губазікаўцы, звычайна заклікалі людзей да расправы з сілавікамі, да гвалту. Я разумею, што часам чалавек можа ляпнуць штосьці такое на эмоцыях. Але калі ён раз за разам паўтарае адное і тое ж, то гэта нагода, каб насцярожыцца. 

Сяргей Коршун у бяспецы ў Польшчы

Сяргей Коршун у бяспецы ў Польшчы

— Сяргей, дык армія насамрэч тады была з народам? Ці шмат людзей у пагонах у дваццатым таксама прагла перамен, на тваю думку?

— Я лічу, што так. У чаце сярод іншых было шмат дзейных сілавікоў, якіх я ведаў асабіста, і яны адназначна казалі: «Хопіць!»

Калі я трапіў у «Віцьбу», зразумеў, што нас яшчэ больш. Гэта ж так званая чырвоная зона, там сядзяць тыя, хто калісьці быў пры пагонах: следчыя, пракуроры, памежнікі, міліцыянты, вайскоўцы, супрацоўнікі МНС. 

На момант майго вызвалення былых супрацоўнікаў, асуджаных па палітычных артыкулах, было даволі шмат. 

У СІЗА я ўтрымліваўся ў камеры для былых супрацоўнікаў. Там таксама перасекся з хлопцам, асуджаным за палітыку. 

Чаму большасць сілавікоў з прадэмакратычнымі поглядамі адкрыта не перайшла ў дваццатым на бок народу… Магчыма, ім не хапіла сілы духу. Плюс страх за будучыню. 

«Павярнуў галаву і ўбачыў на ганку маці…»

— Мяне арыштавалі 21 ліпеня 2020 года. Я тады быў на працы. Бралі жорстка: ГУБАЗіК і байцы САХРа. У бусе загадалі пакласці галаву на калені, але я сам сабе ўсміхнуўся тады: «Блін, Коршун, цябе вязуць як прэзідэнта. Картэж з чатырох машын!»

Напачатку мяне адвезлі ў будынак ГУБАЗіКа. Вядуць па калідоры ў кайданках, а насустрач — супрацоўнікі, сярод якіх шмат былых знаёмых, мы пазналіся ў часе маёй службы ў міліцыі. Кажуць: «О, Серы, здаровенька! А што такое?»

Калі вывозілі з ГУБАЗіКа ў бусе, я павярнуў галаву ў бок будынка і ўбачыў на ганку маці… У наступны раз мы ўбачыліся толькі праз год…

Для Сяргея гэты момант вельмі эмацыйны. Мы робім паўзу і закурваем. Я распавядаю яму пра сваю маці, пра падобны досвед у часе майго знаходжання за кратамі. Адчуваю, што яму цяжка працягваць размову. Стараюся пераключыць суразмоўцу на штосьці іншае. Але ён глыбока ў сваіх думках і ўспамінах… «Якое там было наступнае пытанне?» — сумна ўсміхаецца ён неўзабаве. 

— Што адбывалася пасля твайго арышту?

— Губазікаўцы завезлі мяне ў Следчы Камітэт, да следчага Агафонава. Заходжу ў яго кабінет і, пабачыўшы там сімволіку «Краіны для жыцця», разумею: «Усё, капец». 

Потым мяне завезлі на Акрэсціна. У той час там асабліва не жасцілі, нас не збівалі. Там, дарэчы, таксама сустрэў шмат былых саслужыўцаў, многія з іх мяне пазналі. З адным з іх нават некалі сябравалі, адзначалі разам святы, сядзелі ў адным кабінеце. Дык вось ён мне сказаў тады на Акрэсціна: «Калі ты хоць слова тут раптам скажаш, я цябе ўхістаю». 

Я кажу яму: «Добра. Я ў цябе толькі цыгарэту хацеў папрасіць». Той развярнуўся і сышоў, нічога не адказаўшы. 

«Быў упэўнены, што мы пераможам»

— Пасля быў год на Валадарцы. Добра памятаю дзень выбараў 9 жніўня. Вокны маёй камеры выходзілі акурат на Экспертна-крыміналістычны цэнтр, а гэты будынак цалкам люстраны. І калі сілавікі падрывалі светлашумавыя гранаты, водбліск ад шкла азараў усё СІЗА, — працягвае Сяргей. — Калі ўсё гэта пачалося, мы ўскочылі на лаўку і пачалі глядзець у «рэшку». Кантралёры бегаюць, крычаць: «Усе па шконках!» А я ж тады быў упэўнены, што мы пераможам і адказаў на эмоцыях аднаму з іх: «Ды пайшоў ты!..»

Супрацоўнікі СІЗА ўвесь час мітусіліся, нерваваліся. А ў нас была бяссонная ноч. Мы прадчувалі перамогу. 

Сяргей Коршун у бяспецы ў Польшчы

Сяргей Коршун у бяспецы ў Польшчы

На наступны дзень — цішыня. Нас не вядуць на прагулку. Увогуле ўвесь распарадак дня перайначылі, адмянілі праверкі. Нас цалкам ізалявалі і нікуды не выводзілі амаль што тыдзень. Як я разумею, многія супрацоўнікі па вечарах ездзілі ва «ўзмацненне», бо пасля шасці вечара ў СІЗА амаль што нікога не было.

Ганаруся беларусамі, што не пабаяліся і выйшлі на вуліцы. Вы малайцы. 

Асобна хацеў бы сказаць пра «Новы Час». У СІЗА гэта была самая галоўная аддушына. Мы чакалі свежы нумар больш, чым перадач. Гэта па сутнасці была самая грунтоўная крыніца інфармацыі. Дзякуючы «Новаму Часу», мы не гублялі сувязі з рэчаіснасцю. 

Выданне трапляла да нас шточацвер. Я браў газету ў рукі і казаў сам сабе, што ўсю чытаць сёння не буду, хоць і вельмі хочацца, але трэба расцягнуць задавальненне. Сёння пачытаю адну старонку, заўтра другую, паслязаўтра трэцюю і гэтак далей. Каб мне было добра не толькі сёння, але і заўтра, і паслязаўтра. Вялікі дзякуй «Новаму Часу» за працу. 

Неяк да мяне ў следчы ізалятар прыезаў ГУБАЗіК, трохі намялі бакі, вымагалі дадатковай інфармацыі. Але я прыкідваўся шлангам. 

У той час з поштай яшчэ было даволі лайтова: я атрымліваў шмат лістоў і паштовак з Беларусі і ўсяго свету, нават з Аўстраліі і Канады. Гэта было вялікай падтрымкай. 

Сяргей Коршун у бяспецы ў Польшчы

Сяргей Коршун у бяспецы ў Польшчы

— А памятаеш свой першы Новы год на Валадарцы? Я ў той час ужо таксама там сядзела. Хтосьці ў 23 гадзіны 34 хвіліны пачаў крычаць нам з вуліцы «Жыве Беларусь!» У мяне слёзы тады пакаціліся з вачэй…

— Так, памятаю гэты момант эйфарыі. У мяне быў унутраны ўздым у прынцыпе ў той час. Усё яшчэ падавалася не такім змрочным. Цеплілася надзея, што хутка ўсё скончыцца. 

Неяк на прагулцы дзяўчаты-палітычныя пачалі спяваць. У суседнім дворыку хтосьці крыкнуў: «Жыве Беларусь!», яму ў адказ пачалі крычаць тое ж самае з кожнага дворыку. Было ўражанне, што мы зноў вярнуліся ў жнівеньскія падзеі… 

Аднойчы стаў сведкам трагікамічнага выпадку на Валадарцы. Хлопцу-палітычнаму загадалі збірацца на этап. Мы кажам: «Які этап, ён жа яшчэ не асуджаны!» Кантралёры настойваюць: «Нічога не ведаем, ён мусіць збірацца». У апошні момант высветлілася, што на этап павінен быў ехаць зняволены з такім жа прозвішчам і позна ўвечары наш паплечнік вярнуўся ў камеру…

Пасля быў суд. У сваім апошнім слове на судзе я прывёў фразу Салжаніцына: «Вы караеце не мяне, а маю сям’ю». Але гэта было ў чымсьці наіўным: да каго я там спрабаваў дагрукацца?

Глядзіце таксама

Не абышлося без прыгодаў пры этапаванні ў калонію. Мяне не папярэдзілі пра яго, проста паведамілі: «З рэчамі на выхад». Я кажу: «У сэнсе? Дайце хоць сабрацца». «У цябе дзесяць хвілін», — пачуў у адказ. 

Этапавалі ў кайданках. Пры гэтым трэба было яшчэ несці торбы. Рукі пасля былі сінія ад гематом. 

Дзьмухаўцы, што разлятаюцца

— У ПК-3 я жыў верай, што барацьба на волі працягваецца, што за нас змагаюцца. Хлопцы там і дагэтуль вераць, што мы хутка прыйдзем за імі, — працягвае суразмоўца. — Палітычных у калоніі было багата. Паколькі мы ўсе хадзілі з жоўтымі біркамі на вопратцы, то пачалі называць адзін аднаго «дзьмухаўцамі». Супакойвалі сябе тым, што дзьмухавец толькі на пачатку жоўты, а пасля ён робіцца белы і пухнаты і разлятаецца ва ўсе бакі. І нас ужо будзе вельмі шмат тады і вы нас ніколі больш не задушыце.

У калоніі я працаваў на дрэваапрацоўцы. Зімой у цэху было халадней, чым на вуліцы. Дарэчы, ведаеш, што такое «бяндэга»?

— Не.

— Гэта падсобка, у якой мы распраналіся на прамзоне. І калі ўлетку кантралёры гэтыя бяндэгі не зачынялі, то зімой рабілі гэта ўвесь час. Каб зняволеныя не маглі зайсці туды пагрэцца. 

А каб ты бачыла, колькі лесу там паліцца ўхаластую. Кацельную топяць дровамі, уяўляеш? 21 стагоддзе, цэнтр Еўропы. 

З лістамі ў «Віцьбе» была катастрафічная сітуацыя. Можна было пісаць і атрымліваць іх толькі ад сваякоў. Дык я што прыдумаў: напісаў сябрам, склаў гэтыя паштоўкі ў стос і прымацаваў туды цыдулку: «Людзі добрыя, калі знойдзеце гэта, то дашліце, калі ласка, адрасатам». І гэта спрацавала, і не аднойчы. 

Але ўрэшце я ўсё ж трапіўся з гэтымі паштоўкамі пры вобшуку і атрымаў ШІЗА. Калі ўжо знаходзіўся ў штрафным ізалятары, на мяне навешвалі ўсё новыя і новыя парушэнні. Агулам набегла сорак сутак запар. 

Глядзіце таксама

Нара ў ШІЗА цяжкая, важыць каля 120 кілаграм. Дык я калі яе апускаў, стараўся наўмысна грукнуць ёй аб падлогу, каб гэтая падлога хутчэй разламалася. Нашкодзіць хацелася турэмнікам. Калі мыў камеру, то адмыслова ў шчыліну ліў як мага болей вады, каб падлога гніла. І аднойчы я яе насамрэч разламаў нарамі, за што атрымаў чарговае спагнанне.

Я быў «злоснікам» у калоніі амаль ад самога пачатку. А пасля КДБ унёс мяне яшчэ і ў спіс «тэрарыстаў», то бок мне былі забароненыя грашовыя пераказы. Але на гэты момант у мяне ўжо ляжала на рахунку пэўная сума з запасам, таму неяк выкручваўся. 

«…Таму што вельмі хачу вярнуцца дамоў»

—З-за кратаў я вызваліўся з прэвентыўным наглядам. Нікуды не мог уладкавацца на працу — ніхто са мной звязвацца не хацеў. У тым ліку з-за таго, што я не мог адкрыць банкаўскі рахунак, бо быў у «тэрарыстычным спісе». Спрабаваў, каб мяне адтуль выдалілі, але марна. 

Неяк міліцыянты завялі мяне ў «Зялёнбуд» — маўляў, зараз будзем уладкоўваць цябе на працу. Я пытаюся ў кабеты-супрацоўніцы: «А якім чынам вы мне заробак будзеце пералічваць? Наяўкай? Я ж картку не магу адкрыць». Тая перапытвае: «У сэнсе?» Я кажу: «Я — бчб». Кабета з абурэннем вымавіла аднаму з міліцыянтаў: «Ты каго мне сюды прывёў? Ты хочаш, каб мяне саму заўтра звольнілі з працы?»

Праз пэўны час міліцыя пачала навешваць на мяне парушэнні. Маўляў, не выконваю патрабаванні прэвентыўнага нагляду, не бываю дома ў азначаныя гадзіны. Гэта няпраўда. Але што ты ім дакажаш? 

Я зразумеў, што час з’язджаць. 

Сяргей Коршун у бяспецы ў Польшчы

Сяргей Коршун у бяспецы ў Польшчы

Цяпер я ў Польшчы. Уладкоўваю побыт, аднаўляю здароўе, якое заўважна пахіснулася падчас зняволення. Асабліва турбуюць суставы, баляць дужа. 

Вельмі вялікай падтрымкай з’яўляюцца кантакты з былымі палітвязнямі. Мы добра разумеем адзін аднаго і мне прасцей выказацца таму, хто прайшоў праз тое ж самае і адчуваў тое ж самае, што і я. 

Дарэчы, заўважыў, што былыя палітвязні дужа адзін аднаму дапамагаюць. Не хачу нікога пакрыўдзіць, але мне здаецца, у пэўных момантах яны дапамагаюць больш, чым некаторыя арганізацыі. 

Будучыню Беларусі я бачу выключна квітнеючай і свабоднай, таму што я вельмі хачу вярнуцца дамоў.

Падтрымаць Сяргея Коршуна можна па спасылцы.

Фота з асабістага архіву Сяргея Коршуна