Катаванні палітвязняў. 65-гадовую Алену Гнаўк кінулі ў ПКТ, былога сілавіка Сяргея Коршуна — у ШІЗА
Праваабаронцам стала вядома пра катавальныя ўмовы, у якіх утрымліваюць зараз двух палітвязняў.

Палітзняволеную актывістку з Пружанаў Алену Гнаўк
15 жніўня перавялі ў
папраўчую калонію № 4. Стала вядома, што адміністрацыя калоніі нядаўна змясціла 65-гадовую жанчыну ў
памяшканне камернага тыпу (ПКТ) да 24 лютага. Акрамя гэтага, яе пазбавілі амаль
усіх перадач, званкоў, спатканняў і скарацілі атаварку з трох базавых велічыняў да адной (32 рублі).
Нагадаем, 17 чэрвеня палітзняволеную асудзілі на тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 3200 рублёў.
Алену прызналі вінаватай паводле двух крымінальных артыкулаў. Перад этапам
у калонію палітзняволеную больш за паўтара месяца ўтрымлівалі ў штрафным
ізалятары баранавіцкага СІЗА.

Таксама стала вядома, што палітзняволенага блогера Сяргея Коршуна ўжо 38 дзён
утрымліваюць у ШІЗА.
Сяргей Коршун
— блогер
тэлеграм-канала «Армія з народам», былы супрацоўнік міліцыі. Яго затрымалі ў
ліпені 2020 у межах справы па арт. 342 КК. Потым артыкул Коршуну
перакваліфікавалі на 293 КК («Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў
масавых беспарадках, альбо фінансаванне гэтай дзейнасці»).
Мінскі абласны суд 7 траўня 2021 прысудзіў Сяргею чатыры з паловай гады пазбаўлення
волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, фармальнай прычынай змяшчэння палітвязня ў ШІЗА стала «парушэнне правілаў
унутранага распарадку».

Тым часам маюцца звесткі, што акадэміка-біёлага Алега Давыдзенку і яго жонку Наталлю пачнуць судзіць напрыканцы снежня.
З канца кастрычніка ў Мінску адбываліся масавыя затрыманні ў
Нацыянальнай акадэміі навук. 71-гадовага члена-карэспандэнта НАН Беларусі,
доктара біялагічных навук Алега Давыдзенку і яго жонку Наталлю Акцябрскую
затрымалі раніцай 2 лістапада.
У залежнасці ад ролі кожнага, іх вінавацяць па двух
крымінальных артыкулах: ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба
парушаюць грамадскі парадак») і арт. 368 (абраза Лукашэнкі). Іх справу будуць
разглядаць 29 снежня ў судзе Савецкага раёна Мінска. Працэс будзе весці суддзя
Алена Жуковіч.
Давыдзенка — аўтар 300 навуковых працаў, у тым ліку пяці манаграфій, аднаго падручніка, вывеў 19 гатункаў раслін. Ён даследаваў геном
карэннага насельніцтва Беларусі.