«Ты гатовы сказаць, што забіў Уладзіслава Лісцьева?» Жыхары вызваленага Херсона распавялі, як іх катавалі расейцы

У акупаваным Херсоне расейцы арганізавалі цэлую сістэму жорсткіх катаванняў з мясцовых жыхароў.



pytki_92060939.jpg


Тэлефонная размова з Васілём, жыхаром Херсонскай вобласці, адбылася амаль праз тры тыдні пасля вызвалення Херсона. Спачатку ў горадзе не было электрычнасці і сувязі, таму Васіль доўга не мог падысці да мабільных станцый сотавага аператара, каб здзейсніць званок. Але калі размова адбылася, стала зразумела, што ў акупаваным Херсоне расейцы арганізавалі цэлую сістэму жорсткіх катаванняў над мясцовымі жыхарамі, піша delfi.lt.
11 лістапада ўкраінскія ўлады заявілі пра тое, што Херсон, які знаходзіўся ў акупацыі з 2 сакавіка (тады туды ўвайшлі расейскія войскі), вызвалены. Сотні людзей выходзілі сустракаць падраздзяленні УСУ са сцягамі, а на цэнтральнай плошчы Херсона некалькі дзён збіраліся радасныя жыхары горада.
Аднак паступова сталі выкрывацца падрабязнасці таго, што адбывалася на працягу васьмі месяцаў, калі рэгіён кантралявалі расійскія войскі. Так, украінскія праваахоўнікі ўжо праз некалькі дзён сталі заяўляць аб выяўленні катавальняў у розных частках Херсона і вобласці. Да прыкладу, агенцтва Associated Press расказала пра выяўленне як мінімум дзевяці памяшканняў для катаванняў, у якіх украінцаў трымалі пад замком, збівалі, катавалі токам, дапытвалі і пагражалі смерцю. Адзін з выпадкаў, якія расследавалі журналісты AP, тычыўся 24-гадовага Дзмітрыя Белага, паліцэйскага з Чарнабаеўкі. Апроч іншага ён з'яўляецца сынам вайскоўца. У канцы лета да яго дадому ўварваліся дзесяць расейскіх вайскоўцаў і запатрабавалі здаць службовы пісталет, пагражаючы тым, што выкрадуць маці і брата. Пасля таго як Белы перадаў пісталет салдатам, яго ўсё роўна выцягнулі з хаты і павезлі ў турму ў Херсоне. Як распавядае паліцэйскі, яго замкнулі ў камеры і катавалі на працягу некалькіх дзён — білі токам па геніталіях і вушах. Белы растлумачыў, што ў яго былі адчуванні, што яго цела пагрузілі ў пекла.


Падобная сітуацыя была і з херсонскім валанцёрам, заснавальнікам дабрачыннага фонду «Украінскія сэрцы» Алегам Баркаранкам. Калі расейцы зайшлі ў горад, то адразу прыехалі ў будынак ягонага фонду. Там на сценах усюды віселі партрэты Тараса Шаўчэнкі, украінская сімволіка і загалоўнымі літарамі надпіс «Слава Украіне». Баркаранка ўспамінае, што ў яго фонд прыехала дваццаць вайскоўцаў, якія пагражалі адсекчы канечнасці, а адзін з салдат пастаянна біў сякерай па пальцах. Пасля валанцёру ўдалося схавацца, і ён восем месяцаў жыў у падполлі і хаваўся ў знаёмых.


У дэпутата Карабельнага райсавета Херсона Рамана Баклажова гісторыя катаванняў даўжынёй у 54 дні. Ён распавёў, што ў ліпені да яго ў дом уварваліся ФСБ-шнікі і расгвардзейцы, сталі патрабаваць у яго зброю, якую ён нібыта захоўваў. У якасці доказу расейцы паказвалі Баклажаву старую фатаграфію з сацыяльнай сеткі «Вконтакте», дзе ён трымаў у руках самаробную гранату. Сам дэпутат кажа, што зусім забыўся пра гэтую фатаграфію і ніякай гранаты ў яго не было ў наяўнасці. Пасля яго забралі і павезлі ў ізалятар на вуліцы Цеплаэнергетыкаў, там у камеры знаходзіліся пабітыя затрыманыя. Сярод сукамернікаў быў былы паліцэйскі, 60-гадовы экс-вайсковец, які працаваў да вайны на абаронным заводзе ў Мікалаеве.


Баклажаў кажа, што было чатыры допыты, а адбываліся яны такім чынам. Калі заходзілі ў камеру расейцы, то ўсе затрыманыя павінны былі ўстаць у шэраг каля нараў і крычаць: «Слава Расеі! Слава Пуціну! Слава Шайгу!». Затым выводзілі на допыт. Катавалі токам, падлучалі драты на мезенец, на вуха і са словамі «Прызнавайся, што ты нацыст!» пускалі электрычнасць. Той жа херсонец Васіль, з якім удалося пагаварыць па тэлефоне, пацвярджае, што расейскія акупанты арганізавалі цэлую сістэму — затрымлівалі людзей і ўжывалі да іх фізічны гвалт. Да прыкладу, яго «арыштоўвалі» два разы — першы ў сярэдзіне лета. У першы раз ён праязджаў на машыне праз блокпост у мікрараён Востраў — туды праехаў спакойна, а на зваротным шляху яго затрымалі.


Адвезлі ў «шклотару» — ізалятар часовага ўтрымання. Васіль кажа, што яго дапытвалі чацвёра сутак, пры гэтым з камеры маглі выклікаць у любы час дня і ночы. «Токам білі, куча апёкаў, шмат пераломаў, пасечаны. Калі хацелі, тады і катавалі. Яшчэ рэбры паламаныя не зрасліся. Пыталіся, што я ведаю пра УСУ, дзе іх дыслакацыя, каго я ведаю з УСУ. Я адказваў, што нічога не ведаю. І ўсё ў такім духу», — кажа Васіль.
Пры гэтым у камеры, дзе іх трымалі, знаходзілася каля 50 чалавек, калі памяшканне было прызначана на 10 людзей. «Была летняя спякота. Абдымалі адзін аднаго, дыхаць няма чым было. Пры мне чалавека вынеслі — блага стала. Не ведаю, ці жывы ён», — кажа Васіль.
Калі яго выпусцілі, то жонка не пазнала мужа — настолькі ён быў пабітым. Сам херсонец тлумачыць, што ягоныя сваякі працавалі ў праваахоўных органах, таму хутчэй за ўсё хтосьці яго проста «здаў».


Другі раз Васіля затрымалі, калі ён ехаў на маршрутцы. Гэта адбылося ўвосень, за два-тры тыдні незадоўга да таго, як у Херсон зайшлі ўкраінскія войскі. У транспарт зайшлі салдаты і выбіралі тых, хто ім не спадабаўся. «Зноў камера. Спачатку б'юць, ламаюць. Нават без "здрасьце". Яны абвінавачвалі, што я датычны да тэрарыстычных актаў; датычны да ўкраінскіх фарміраванняў. Проста ламаюць. Такога кшталту пытанні: «Ты гатовы сказаць, што забіў Уладзіслава Лісцьева?». У мяне рука зламаная, на нагах і руках зламаныя пальцы. Як вырываюць пазногці — расказаць? Я стары спартсмен. Не п'ю, не палю, а зараз здароўя не засталося», — кажа Васіль.


Ён апынуўся на свабодзе, калі расейскія войскі ўжо адступалі з Херсона. Праваахоўнікі і праваабаронцы выявілі як месцы катаванняў, так і дзясяткі сведчанняў пра тое, як акупанты выбівалі розныя прызнанні з мясцовых жыхароў. Але здараліся і зусім жахлівыя рэчы. Так, упаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека Дзмітрый Лубінец кажа, што на Херсоншчыне жыхары вобласці падвяргаліся больш жорсткім метадам катаванняў, чым у тых абласцях, якія раней былі пад часовай акупацыяй — пад Харкавам, Кіевам, Чарнігавам. Скажам, у Херсоне былі камеры, дзе мужчын і жанчын трымалі разам, а ў катавальнях знаходзілася асобнае памяшканне для падлеткаў. Сярод затрыманых у гэтых камерах утрымлівалі хлопцаў ад 14 да 19 гадоў. Яшчэ адно памяшканне для катаванняў было знойдзена паліцэйскімі ў будынку офіснага цэнтра Херсона. Там знаходзілася каля 50 чалавек, у кабінетах засталіся інструменты для катаванняў.

pytki_92060907.jpg


У падвале, дзе размяшчаліся «камеры», на сценах людзі выдрапвалі рысачкамі дні, лічачы, колькі часу яны правялі ў засценках, і надпісы са зваротам да Бога аб выратаванні.