«Было ўсё: і мяхі на галаве, і ператрусы». Як працаваў цэнтр гуманітарнай дапамогі ў акупаваным Херсоне
«Самае цяжкае, калі чуеш, што забілі твайго сябра ці знаёмага. Кагось затрымалі і ён у палоне, кагось выкралі і па цяперашні час пра лёс чалавека нічога невядома. Страшна, калі проста прыходзілі дадому і грукалі ў дзверы. Да нас прыходзілі...»
У вызваленым Херсоне ўсё яшчэ складаная абстаноўка: працягваюцца расейскія абстрэлы з левага берага Дняпра, няма электрычнасці і водазабеспячэння. Мясцовыя ўлады намагаюцца аднавіць камунікацыі, ствараюць часовыя пункты з генератарамі і раздачай вады, праводзяць эвакуацыю ў больш бяспечныя раёны. Таксама істотную дапамогу аказваюць валанцёры.
Розныя грамадскія арганізацыі ці проста актывісты з усёй Украіны зараз вязуць у Херсон неабходныя для жыцця рэчы: у першую чаргу генератары і медыкаменты. Некаторыя ж валанцёры — звычайныя херсонцы, якія з першых дзён вайны дапамагаюць найбольш уразлівым групам насельніцтва. Акурат такі пункт дапамогі, які працаваў у Херсоне цягам акупацыі і працягвае дзейнасць зараз, наведаў наш журналіст.
Усё перабыванне ў Херсоне суправаджаецца гукам выбухаў на фоне — абстрэлы тут не сціхаюць ні на дзень. Гэта бадай асноўная складанасць для камунальшчыкаў у справе аднаўлення ў горадзе электрыкі, адсутнасць якой кропкава вырашаюць выкарыстаннем генератараў. Яшчэ адной праблемай з’яўляецца фінансавае становішча херсонцаў: многія засталіся без працы, бо асноўныя прадпрыемствы ў горадзе ці разбітыя, ці проста не функцыянуюць. Таму, нягледзячы на вырашэнне пасля вызвалення горада праблемы дэфіцыту, для многіх херсонцаў застаецца крытычна важным пытанне гуманітарнай дапамогі.
Адзін з пунктаў раздачы такой дапамогі для шматдзетных сем’яў месціцца ў самым цэнтры, непадалёк ад плошчы Свабоды. Ён быў арганізаваны яшчэ вясной, пад расейскай акупацыяй, двума выкладчыкамі — Наталляй Шушляннікавай і Ігарам Цурканам. Акупанты спрабавалі перашкодзіць працы валанцёраў, запужвалі, праводзілі вобшукі, вывозячы актывістаў з мяхамі на галаве на допыты. Але працу людзі не спынілі. Адна з арганізатарак ініцыятывы Наталля Шушляннікава, якая і па сёння штодзень стаіць на выдачы дапамогі, распавядае:
— Калі ўсё гэта пачалося — 24 лютага — мы нічога не маглі зразумець, першы тыдзень быў абсалютна незразумелы. У мяне была такая моцная сям’я аднакласнікаў і сяброў за мяжой і ўвогуле па Украіне, якія адразу пачалі казаць, што могуць даслаць грошы, неяк дапамагчы.
Яны пачалі мне на картку пераводзіць грошы, я пабегала, падумала, што ж рабіць, і зразумела, што найпершае, што патрэбна — гэта лекі. Ішла бойка за Антонаўскі мост і было шмат параненых. Банкаматы ўжо не працавалі. Грошы зняць немагчыма. У мяне былі дзве аднакласніцы, якія працавалі ў аптэках, яны зачынялі аптэкі, калі я прыходзіла, нешта знаходзілі з патрэбнага, рабілі замовы на пастаўкі. Я ехала ранкам у прыёмны пакой лякарні Лучанскага, брала спіс неабходных лекаў, збольшага гэта былі прэпараты для спынення крыві, жгуты, перевязачны матэрыял — тое, што ў першую чаргу патрэбна было. І купляла па карце ў аптэцы, спецыяльна для мяне ўключалі мабільны інтэрнэт. Вялікі дзякуй, што ў нас такія людзі! І я прывозіла прэпараты ў лякарні. Таксама клапаціліся пра станцыю пералівання крыві. Бралі ўсё па спісе для тых, хто здае кроў: то-бок гэта валер’янка, нешта супраць ціску — бо ўсе хвалююцца, і цукар, кава, чай, печыва.
Недзе праз месяц — а я Ігара Мікалаевіча (Цуркана — аўт.) не бачыла вельмі доўга — ён мне патэлефанаваў і кажа: «Хочаш хлеба?» А з хлебам быў сапраўдны калапс. Я кажу: «Вядома, хачу». Ён прывёз дадому мне хлеб, адзін раз, другі. Распавёў, як ён раздае, я распавяла, як я раздаю. І пачала на яго ціснуць, што трэба аб’яднаць высілкі, каб гэта было не марна, каб быў нейкі вынік. Ён са свайго боку запрапанаваў свой офіс як штаб. Па-першае, гэта цэнтр горада, зручна ўсім дабірацца, па-другое, тут даволі прасторна, усё памяшчалася. Ён працаваў у Анэкс-тур — гэта яго ўласная турагенцыя. Мы пачалі распрацоўваць стратэгію. Ігар прыдумаў «банк дзіцячых рэчаў». У нас да мінулага панядзелка было ўсё тут у дзіцячых рэчах, абутку, цацках, дапаможных матэрыялах, вазкі, гойдалкі, пеленальны столік. Прыходзілі людзі з канца траўня, бралі, што ім неабходна, пакідалі, што маглі. Мы друкавалі ў сацсетках абвесткі, каб людзі дазнаваліся пра магчымасць атрымаць дапамогу.
Пісалі знізу: «Далучайцеся да добрых спраў». Ігар адкрыў спецыяльную картку, на якую паступалі грошы. За іх мы куплялі на склад (прамака з карткі — нам ішлі насустрач) неабходнае. Муку, крупы, таматную пасту, алей. Такое, што маглі прывезці, і стваралі маленечкія — не такія «тлустыя», як апошнім часам, — прадуктовыя наборы. Нашыя выпускнікі — Ігар і я былі выкладчыкамі ва ўніверсітэце раней, я вяла гісторыю мастацтва, а Ігар — украінскую літаратуру — нам тэлефанавалі, прапанавалі дапамогу, нешта адпраўлялі ўвесь час, апошняя пасылка прыйшла тыдзень таму. Яны пасылалі нам тое, што ніхто не мог нідзе ўзяць. Гэта дзіцячае харчаванне — яно было на рахунак золата. Дзіцячыя рэчы для паляпшэння жыцця ў такіх страшных умовах: размалёўкі розныя і г.д., бутэлькі, соскі, лыжкі. Не фігню, а імпартныя, класныя…
Раздавала сёння бутэлечкі, мне сказалі, што яны каштуюць вельмі шмат насамрэч. Вось такая соска адна каштуе недзе 500 грывень (прыкладна 12 долараў ), зараз такія выдаем.
Дзіцячае харчаванне цяпер вельмі неабходная і каштоўная рэч, а падчас акупацыі было сапраўдным скарбам. То-бок такога не было ў Херсоне ўвогуле нічога. Калі дзіцёнка з паўгода можна дакармліваць чым заўгодна: можна рабіць кашы нейкія, можна там змешваць штось, а вось да паўгода яно есць толькі альбо маму, альбо сумесь. А мамы пад выбухамі і ўсім астатнім — уяві, якое там малако — яно прападала. Таму сумесь была крытычна неабходнай. І тыя [акупанты] не вазілі, усё было выключна на валанцёрах.
Былі такія матулі, што прыходзілі і казалі без аніякага нацыяналізму, аніякага патрыятызму, але: «Сумесь расейская — дзіцёнка ванітуе».
Вось як сказаць, як яно робіцца — ну, не прымае сумесь і ўсё. Нармальная сумесь каштуе, каб ты разумеў, ад 800 да 1000 грывень у сярэднім (20-25 долараў). Гэтага хапае на тыдзень для дзіцёнка.
У нас ёсць спіс шматдзетных сем’яў — гэта нашы пастаянныя кліенты, аб кім мы клапаціліся ўвесь час. Спачатку было 60 сем’яў у спісе, цяпер ён вырас да 170. Хтось выехаў, хто вярнуўся. Усё гэта адбываецца пастаянна.
А трэцяй гадзіне цэнтр дапамогі завяршае сваю працу. За 10 хвілін да закрыцця сюды прыходзіць калектыў выкладчыкаў Херсонскага акадэмічнага ліцэю — таксама па прадуктовыя наборы. Іван Анатольевіч Ткачэнка выкладае англійскую мову, мужчына распавядае, як сёлета завяршыўся навучальны год у Херсоне, і якая сітуацыя з адукацыяй у горадзе на сённяшні момант:
— Насамрэч я і зараз працую фармальна, але пакуль няма святла і сувязі, мы ў такім вымушаным адпачынку. З пачаткам вайны працягнулі заняткі. Мы былі на дыстанцыйным навучанні, пакуль такая магчымасць існавала. Працэс трываў, нічога не завяршылася ў лютым. Вясной кожную раніцу адкрываў ноўтбук, праводзіў заняткі.
Іван Ткачэнка. Фота: Алесь Мінаў
Таксама вялі дакументацыю, выходзілі ў анлайн-рэжыме ў Зуме. Есць праграмнае забеспячэнне «адзіная школа», усё лічбавае, дзеці бачаць хатняедамашняе заданне ў электронных дзённіках.
Акупанты нават не ведалі, што мы выкладаем. Хаця яны зайшлі ў будынак: спачатку ва ўніверсітэт, пасля ўжо ў ліцэй. І яны нават не ведалі, хто выкладае. Потым у нас з’явіліся пратаколы бяспекі, каб нас не вылічылі і не знайшлі.
Мы завяршылі на пачатку красавіка — нам сказалі датэрмінова скончыць год праз абстаноўку. З траўня пайшлі ў прастой. Так і па цяперашні момант. Чакаем, калі да нас вернецца святло, інтэрнэт, зможам вярнуцца ў ліцэй і працаваць. Зараз мы ў іншым рэжыме, Херсон жа лічыцца як тэрыторыя баявых дзеянняў.
Прыязджаў да нас міністр адукацыі, сказаў, што ёсць пэўны механізм выхаду з прастою, што пры першай жа тэхнічнай магчымасці мы вернемся да нашых працоўных месцаў, яны замацаваныя за намі, кожны застаецца на сваёй пасадзе.
— Ці атрымліваеце цяпер заробак?
— Заробак таксама зараз прыходзіць, хоць і вылічваецца адсотак з улікам таго, што праца не ідзе. Таму выходзіць менш, але што можа даць дзяржава — яна дае. Мы разумеем усё, потым выйдзем на нашыя нармальныя заробкі.
Каледж у Херсоне. Фота: Алесь Мінаў
— Які настрой, чаканні?
— Настрой баявы. Я чакаў вызвалення, чакаў увесь час. Калі пачуў 11 лістапада пра тое, што нашы заходзяць у горад, спачатку не паверыў. Людзі бачылі нашыя сцягі, нашых вайсковых. Я спачатку трымаўся, але ўсё ж пабег у горад глядзець. Я жыву на 8 паверсе, на шостым я заплакаў вельмі моцна. Дома чакалі бацькі — мама і тата — сказаў, што ўжо нашы тут. Мы іх вельмі чакалі. Было вельмі цяжка, шмат хто выехаў. Дапамагалі суседзям, што засталіся адныя, у нас шмат калег, якія пасля інсульту, якія патрабавалі дапамогі. Таксама стасаваліся з прэсай.
Надзею ніколі не гублялі. Нават, калі зразумелі, што забралі наш будынак каледжу, што пазіцыі УСУ адыходзяць далей, мы ўсё адно чакалі і ведалі, што да нас вярнуцца нашыя вайсковыя.
Зараз настрой толькі адбудоўваць, наладжваць жыццё, працягваць правільны шлях, які прапануе Украіна, а не той шлях, які прапанавалі акупанты.
Вучні пішуць, трымаем з імі сувязь. Віншуюць са святамі. Калі яны дазналіся, што Херсон вызвалілі, то шмат выехаўшых вучняў пісала, пыталі як мы, якая дапамога патрэбна. Спачатку ж сувязі не было, а потым гэтыя паведамленні загрузіліся — мне асабіста прыйшло больш за сто. Я адказаў усім. Шмат хто з іх чакае момант, каб вярнуцца ў Херсон.
Я ўвесь час быў тут, выехаць не было магчымасці, бо бацькі: стан здароўя маёй маці не такі, каб можна было давезці да іншага рэгіёна. Намагаліся з бацькам падтрымліваць яе стан. Зараз таксама няма магчымасці паехаць. У мяне ёсць старэйшы брат, які гатовы прыняць, але мы не можам.
— Распавядзіце, як зараз арганізаваны побыт ва ўмовах адсутнасці камунікацый?
— Побыту няма. Разам з суседзямі з кааператыву едзем па ваду на Днепр. Гэта небяспечна. Але ж што застаецца? Тэхнічная вада павінна быць, без яе нікуды. Святло — таксама стаім у чэргах, з усімі разам зараджаемся ў горадзе. Сувязь ёсць у некаторых месцах, трэба лавіць. Трымаемся ў тых умовах, якія ёсць.
Так званы пункт нязломнасці на плошчы Свабоды, дзе ёсць магчымасць падзарадзіць гаджэты ад генератара. Фота: Алесь Мінаў
— А што было найбольш складаным за гэты час?
— Самым цяжкім было страчваць людзей. Калі ты чуеш навіну, што няма больш твайго сябра ці знаёмага. Кагось затрымалі і ён у палоне, кагось выкралі і па цяперашні час пра лёс чалавека нічога невядома. Страшна, калі проста прыходзілі дадому і грукалі ў дзверы. Да нас прыходзілі. Калі быў нейкі супраціў у горадзе, то пачыналі хадзіць па хатах актыўна. Прадстаўляліся, што яны — улада Херсона, збіралі інфармацыю, праводзілі ператрусы, пагражалі.
Чакаю паляпшэння, веру, што мы зможам стаць лепей чым былі: кожны як асоба, і ўся краіна ў цэлым.
Ігар Цуркан акурат надаў памяшканне сваё турфірмы, якая працавала да 24 лютага, для ініцыятывы.
— Ці маеце намер аднавіць бізнес?
— Пакуль зіму мы дакладна не будзем працаваць, вясной, магчыма, пачнем пакрысе аднаўляцца, але ж невядома, якая будзе абстаноўка.
Ігар Цуркан. Фота: Алесь Мінаў
— Як цягам акупацыі ўдавалася арганізаваць пастаўкі ўсяго неабходнага?
— Мы атрымлівалі з Запарожжа: ці самі вазілі, ці прывозілі нашы сябры-валанцёры. Гэты выключна валанцёрскі рух, то-бок мы не мелі падтрымкі з боку дзяржавы, гэта й немагчыма было пад акупацыяй. Выключна дапамога неабыякавых людзей.
Апошнія тры месяцы было немагчыма ўвогуле нічога везці — была поўная забарона на ўвоз, не прапускалі нічога, нават лекі. Таму мы прасілі, каб нам скідвалі грошы, перасылалі на карткі і ўжо тут непасрэдна куплялі прадукты харчавання і іх рахтавалі. Па-сутнасці тры месяцы трымаліся літаральна на гароху, пшанічнай, ячнай крупе і кабачковай ікры.
— Распавядзіце падрабязней пра ціск, вам, як я разумею, спрабавалі перашкаджаць у дзейнасці?
— Так і было: перашкаджалі, было ўсё: і мяхі на галаве, і ператрусы — усё гэта мы перажылі. Але не хачу, па-першае, рабіць з сябе ахвяру. А па-другое, гэта асабістае — узгадваць непрыемна. Галоўнае, што перажылі, вось і ўсё. А тых нелюдзей бог рассудзіць.
Разумееце, Наташа — кандыдатка гістарычных навук, дацэнт, я маю турфірму і працую ў адукацыі — доктар філалагічных навук, прафесар, працую на паўстаўкі. Мы проста па прыродзе сваёй не маглі скласці рукі. Дапамога была патрэбна, мы яе аказвалі. Нават калі б за гэта пагражалі расстрэлам, усё адно б працягвалі.