Шлях дадому. Як беларускія турысты вярталіся з Украіны пасля пачатку вайны

У першыя дні вайны некалькі груп беларускіх турыстаў былі ва Украіне. І галоўнай задачай для іх тады стала — вярнуцца дадому. Сяргей (імя зменена) распавёў «Новаму Часу» як гэта было.

Бежанцы на мяжы з Славакіяй. Ілюстрацыйнае фота. УНІАН

Бежанцы на мяжы з Славакіяй. Ілюстрацыйнае фота. УНІАН


19 лютага мы выехалі ва Украіну на аўтобусе турфірмы. Нас адразу папярэдзілі, што паедзем праз «Новую Гуту» пад Гомелем, а не праз Брэст. Мяжу мы прайшлі даволі хутка, толькі на ўкраінскім баку ўладальнікаў расійскіх пашпартоў папрасілі запоўніць нейкія міграцыйныя дакументы і потым усіх прапусцілі. Але ж іншы аўтобус ад той жа турфірмы, які паехаў праз мяжу побач з Брэстам, украінскія памежнікі адправілі назад. Астатні шлях да Букавеля мы праехалі досыць добра, потым тры дні там адпачывалі без аніякіх праблемаў.
24 лютага зранку ад сяброў з Беларусі пачалі масава прыходзіць звесткі аб пачатку ваенных дзеянняў. Я звязаўся з нашым гідам ад турфірмы і спытаўся, як нам зараз сябе паводзіць і што будзем рабіць далей. Ён быў не ў курсе гэтых падзей, стэлефанаваўся з мінскім офісам і распавёў нам, што тур спыняецца, а 10 раніцы мы павінны быць каля аўтобуса каб вяртацца дадому. Мы паспелі разлічыцца з пракатнай канторай, на рэсепшэне гатэля нам вярнулі грошы за час, які мы не адбылі. Трэба адзначыць, што ўкраінцы вельмі хваляваліся за тое, як мы будзем вяртацца. Потым пайшлі ў краму каб набыць прадукты ў дарогу — там ужо было вельмі шмат людзей, якія змяталі літаральна ўсё! Насамрэч, было жудасна гэта бачыць — толькі ў чарзе мы стаялі каля гадзіны. Штосьці набылі, разумеючы, што шлях дадому будзе доўгім.

Чарга ў краму. Кіеў. Ілюстрацыйнае фота. УНІАН

Чарга ў краму. Кіеў. Ілюстрацыйнае фота. УНІАН

Спачатку нам казалі, што паедзем праз мяжу са Славакіяй, але мы вельмі доўгі час (гадзіны тры) стаялі наўпрост у чарзе, каб выехаць на трасу — на скрыжаванні была аўтазапраўка, і да яе стаяла такая чарга, што мы нават не маглі трапіць на патрэбную нам дарогу. У гэты час гід неаднойчы стэлефаноўваўся з мінскім офісам, офіс — з МЗС і нарэшце нам сказалі, што па рэкамендацыі МЗС вяртаемся ў Букавель. Вярнуліся, зноў засяліліся амаль усёй групай у адзін гатэль, каб быць увесь час побач і не згубіцца.
І пайшлі зноў па крамах. У некаторых з іх ужо не прымалі банкаўскія карты, але нам пашанцавала знайсці краму, якая яшчэ працавала з карткамі і закупіліся тым, што было, разлічваючы дзён на 10. Увечары нам сказалі, што зранку 25 лютага выязджаем праз Славакію.
Мы ехалі калонай з некалькіх аўтобусаў, паміж аўтобусамі была вялікая дыстанцыя, гід сказаў што будзе вайсковае суправаджэнне. Так мы даехалі да першага блок-паста. Першыя два аўтобуса з калоны праехалі яго, а наш спынілі і загадалі ўсім выхадзіць, браць свае рэчы і па аднаму праходзіць гэты пост. На блок-пасце ваенныя правяралі пашпарт, фатаграфавалі кожнага на тэлефон і агледжвалі рэчы. Трэба адзначыць, што ўсё праходзіла вельмі карэктна і без канфліктаў. Калі прыкладна палова людзей прайшла, то ўсё спынілася.

Ілюстрацыйнае фота. УНІАН

Ілюстрацыйнае фота. УНІАН

Вярнуліся першыя два аўтобусы ў суправаджэнні аўтамабіля з вайскоўцамі, якія нам паведамілі, што гэты напрамак не вельмі небяспечны для нашай калоны, бо мясцовае насельніцтва ўжо досыць нервова ставіцца да рускіх і беларусаў, таму нам прапануецца абраць іншы шлях. Вядома, мы развярнуліся і ў суправаджэнні вайскоўцаў паехалі адтуль. Праз нейкі час вайсковая машына з’ехала.
Куды мы едзем нам не паведамлялі, але па навігатарах зразумелі, што рухаемся на мяжу з Польшчай. Па дарозе нас некалькі разоў спынялі паліцэйскія і ваенныя патрулі, было некалькі прыпынкаў на стацыянарных пастах, але людзей не высаджвалі, толькі падлічвалі і раз-пораз правяралі дакументы. Было зразумела, што нашая калона вельмі цікавіць вайскоўцаў і паліцыю, але бліжэй да мяжы было бачна, што дадзеныя пра нас досыць аператыўна пераданы на пасты, і паліцэйскія ўжо толькі спраўджвалі нумары аўтобусаў і колькасць пасажыраў.
Каля 18 гадзін 25 лютага мы даехалі да чаргі на памежным пункце «Кракавец». Даўжыня чаргі была амаль 16 кіламетраў. Уначы быў нейкі рух, а зранку 26 лютага ўжо была створаная асобная чарга для аўтобусаў, у якой наш быў 36-ы.
Агромністая колькасць людзей! Хто на машынах, хто пешшу — спачатку было досыць нервова і мітусліва, асабліва ўначы з 25 на 26 лютага. За тую ноч мы амаль не прасунуліся. Асноўнай праблемай на памежжы стала арганізаваць чаргу для тых, хто ідзе пешшу, бо іх было больш за ўсіх астатніх. У першую ноч шмат людзей спрабавалі нават пералазіць платы на памежжы. Было вельмі трывожна. Жанчыны, дзеці... Шмат хто з пераноскамі з катамі і сабакамі, ніхто нічога не разумее, куды ісці ці бегчы.

Бежанцы на вуліцах Львова. Ілюстрацыйнае фота. УНІАН

Бежанцы на вуліцах Львова. Ілюстрацыйнае фота. УНІАН

Зранку 26 лютага з’явіліся валанцёры і на здзіўленне хутка разам з памежнікамі арганізавалі людзей. Таксама валанцёры зрабілі некалькі пунктаў гарачага харчавання з гарбатай і супамі. Мясцовыя жыхары прывозілі нейкія закаткі, ежу. Можна было наведаць некалькі крамаў побач. На ўкраінскім баку мы правялі больш за 40 гадзін. Самае жудаснае і балючае было бачыць як мужчыны развітваюцца з жонкамі і дзецьмі і вяртаюцца назад. Дзеці чапляліся за іх ногі, крычалі, плакалі... Я не мог ніколі такога нават уявіць. Гэта не забудзецца ніколі!
Усе аўтобусы падсаджвалі бежанцаў, як кажуць, «па максімуму». Працяглы час было невядома ці будуць прапускаць людзей пешшу, таму дапамагчы стараліся ўсе хто як можа. Таксама пускалі людзей пагрэцца, бо ўначы было даволі холадна. Так на гэтых аўтобусах мы разам і праехалі ў Польшчу. Дарэчы, самі памежныя працэдуры прайшлі даволі хутка. На ўкраінскім баку тургрупа не выходзіла, з нашымі пашпартамі хадзіў гід, а бежанцы асобна самі праходзілі пашпартны кантроль, потым зноўку ішлі ў аўтобус; на польскім баку выходзілі ўсе з рэчамі і пашпартамі. Ніякіх канфліктаў не было, усе разумелі абстаноўку. Ну і трэба адзначыць, што з усіх пасажыраў аўтобусу толькі ў траіх ці чацвярых былі візы, але ніводнага пытання да іх не ўзнікла. Нават калі хтосьці пажартаваў наконт магчымасці застацца ў Польшчы, то гід вельмі спакойна растлумачыў, што калі хтосьці мае такое жаданне, то можа выйсці на нейтральнай тэрыторыі і крочыць у бок польскага памежнага пункта, бо ў гэтых абставінах, колькі ў Польшчу заехала людзей — столькі павінна і выехаць. Кіламетрах у трох ад польскай мяжы на нейкай вялікай стаянцы мы высадзілі бежанцаў — там некаторых ужо чакалі, за некаторымі таксама павінны былі прыехаць. Як я разумею, там ужо таксама працавалі валанцёры.
Транзіт па польскай тэрыторыі быў спакойным, мы прыпыняліся паесці ў кафэ, з намі добра размаўлялі па-руску, аніякага негатыву. Уначы з 27 на 28 лютага мы вярнуліся дадому. Ну а дома і сцены дапамагаюць.