«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Частка 23: З палоннікаў рэжыму не трэба рабіць жалезных змагароў

 Апошнія часткі турэмных дзённікаў вырашыла прысвяціць развагам. Разумею, што ўжо трэба скончваць гэты цыкл, ставіць кропку. А яна ўсё не ставіцца… 

photo_2023_04_26_13_09_54_logo.jpg.webp

 У заключных частках сваіх успамінаў паспрабую адказаць на тры пытанні: «што я вынесла з усяго гэтага?», «дзеля чаго гэта было?» і «хто яны, гэтыя каты?»

Папярэднія часткі «Турэмных дзённікаў» Вольгі Класкоўскай

… І рэхам раскотваецца неўміручае «Жыве Беларусь!»

Настрой за кратамі часта мяняецца, ён не пастаянны.

Зрэшты, ён і не можа быць пастаянным. Як і ў людзей на волі, у палітвязняў бываюць розныя дні, што да эмацыйнага стану, успрыняцця рэчаіснасці. 

На пачатку адседкі, памятаю, адчувала сябе вельмі бадзёра, настрой — суцэльны пазітыў, ніякай меланхоліі, «толькі наперад», часта смяялася, жартавала, падбадзёрвала іншых, з імпэтам задзіралася з людзьмі ў пагонах. 

Я была ўпэўненая, як і большасць з нас у той час, што мы хутка выйдзем на волю. І нават калі нас, палітвязняў першай хвалі, ужо асудзілі, мы былі перакананыя, што гэта ўсё ненадоўга, што яшчэ, маўляў, літаральна на пару месяцаў.

У камерах следчых ізалятараў мы часта абмяркоўвалі момант нашага вызвалення: ну вось, думалі, даціснуць людзі рэжым, Захад умяшаецца з санкцыямі, да нас прыйдзе прадольны і скажа: «З рэчамі на выйсце». Мы выходзім — а каля брамы тысячы людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, гучыць «Пагоня», усюды кветкі і белыя і чырвоныя шарыкі. Людзі ўсміхаюцца, радуюцца, апладзіруюць і абдымаюць нас. Рэхам раскотваецца неўміручае «Жыве Беларусь!»

Нашыя мары не спраўдзіліся. 

І з часам пачала адчувацца заўважная стома. Замкнёная прастора і сцены ціснуць, ад гэтага нікуды не падзецца. Пастаяннае недасыпанне, спёртае паветра, кашмарныя побытавыя ўмовы, ціск з боку турэмнікаў, праблемы са здароўем — вядома, усе гэтыя чыннікі так ці інакш адбіваюцца і на фізічным, і на эмацыйным стане. Яны аслабляюць цябе. 

Ты робішся знясіленым і з кожным днём губляеш сілы яшчэ больш, бо нічога не мяняецца, умовы і стаўленне толькі пагаршаюцца, а аднаўляць сілы, недзе браць падпітку для сваіх унутраных рэсурсаў, няма як, няма дзе. 

І ў калоніі было не лягчэй. Здавалася б, там больш свежага паветра і прасторы, але па сутнасці гомельская калонія кісларод і прастору перакрыла цалкам.  

У нейкі момант я адчула, што мае пачуцці атрафіраваліся. Я не адчувала ўжо ні радасці, ні злосці, ні болю. Мае погляды і каштоўнасці зусім не змяніліся. Але праяўляць тую ж спагаду, радасць, эмацыйна я ўжо не магла. 

Тады б мы былі не мы

Я адчувала сябе робатам. У якога ўклалі праграму «выжыць». Часамі мяне гэта бянтэжыла. «Дык а што сталася з пачуццямі, няўжо ў мяне замест сэрца цяпер камень?» — думала я сабе. Нейкі час пераймалася, але нядоўга. Зноў рабілася робатам і ішла выжываць далей. 

— Воль, дык а што ты думала? Твая псіхіка выгарае і такім чынам бароніць сябе. Ты мне тут нічога новага не сказала. Гэта вы з Хершэ трапілі за краты аднымі з першых — заехалі сюды на хвалі пратэсту, адрэналіну, таму яшчэ такі працяглы час захоўвалі аптымізм за кратамі. А мы, каго схапілі пазней, заехалі ўжо вельмі стомленымі. Ад барацьбы, ад рэчаіснасці, — падзялілася думкамі на гэты конт валанцёр Таня Астроўская

Мы пазнаёміліся з Таняй на Валадарцы ў снежні 2021 года. Мяне этапавалі ў Навінкі для праходжання экспертызы ў рамках ужо другой, узбуджанай супраць мяне, крымінальнай справы. Транзітам везлі праз усе магчымыя СІЗА — каб «жыццё не здавалася малінай». 

Але вялікі дзякуй за гэта служакам. У часе падарожжа я пазнаёмілася і пасябравала з вялікай колькасцю палітвязняў. Калядны тур па Беларусі насамрэч удаўся. 

Разам з тым я адчула вялікі кантраст у настроях. Калі ў дваццатым годзе большасць палітзняволеных захоўвалі шчыры аптымізм, былі поўныя сіл, то цяпер, напрыканцы 2021-га года, гэта былі ўжо іншыя людзі. Усе, з кім мне атрымалася перамовіцца тады, былі ўпэўненыя, што цудаў чакаць не выпадае, што свае тэрміны мы будзем сядзець да канца. 


Вольга Класкоўская

Вольга Класкоўская

Ці шкадавалі палітвязні аб тым, што ўзялі ўдзел у пратэстах? Ці былі гатовыя да таго, што ім давядзецца плаціць такую высокую цану за свой выбар?

Па-рознаму. Але ніколі не чула, каб хтосьці шкадаваў аб тым, што выступіў супраць улады. Нянавісць да рэжыму і тых, хто яго абслугоўвае, тых жа сілавікоў, турэмнікаў яшчэ больш у кінутых за краты людзей узмацнялася. 

Тое, што многія палітвязні не былі гатовыя да такіх брутальных рэпрэсій, зняволення, дзікіх турэмных тэрмінаў — гэта так, такое ў іх развагах прасочвалася і даволі часта. 

Ці шкадую я аб тым, што перакрыла ў кастрычніку 2020-га дарожны рух у сталічнай Серабранцы і праз гэта пайшла за краты? Не, ні кроплі. Разам з тым выдатна ўсведамляю, што гэтая акцыя была па вялікім рахунку бессэнсоўнай, наіўнай, дзіцячай. Яна нічога не магла змяніць, яна не магла зрынуць рэжым. «Ну мы разумеем, што моладзь, падлеткі палезлі на гэтую праезную частку, ну а ты, дарослая цётка, што там забыла?» — па-добраму кпіла з мяне пасля мая сям’я. 

Я шкадавала толькі аб адным: што так лёгка далася ў рукі сілавікам, так лёгка дазволіла сябе арыштаваць. Пайшла наўпрост ім у рукі пасля сканчэння акцыі. 

Але калі б я не выйшла тады, у кастрычніку 2020-га, на дарогу ў Серабранцы, то я была б не я. 

Мы былі б не мы, калі б мы паступілі інакш. 

Крохкае жыццё, шчасце ў маленькіх радасцях і ўзвышэнне над сабой

У ШІЗА я часта думала аб тым, наколькі крохкае чалавечае жыццё. Як яно ў лічаныя секунды можа абарвацца. Як важна яго цаніць, чапляцца за яго, як важна напоўніць яго сэнсам. 

Я навучылася не зважаць на нейкія дробныя, няважныя рэчы. Я не звяртаю ўвагу на тое, што раней магло выклікаць у мяне буру эмоцый, падацца канцом света. Цяпер я вельмі дакладна магу вычапіць, вылучыць з кантэксту жыцця галоўнае. І засяродзіцца менавіта на гэтым, цаніць менавіта гэтае. 

Я даражу сваімі бацькамі, сябрамі, блізкімі людзьмі так, як ніколі. 

Я зусім па-іншаму будую камунікацыю, дачыненні з людзьмі. Калі раней я магла дазволіць сабе нейкую імпульсіўнасць, часамі мо нават пэўную няшчырасць у дачыненнях, то цяпер гэтага няма. Я нават не магу ўявіць сабе, як гэта можна быць у чымсьці няшчырым ці схітрыць.

Гібкасць у адносінах, такт, дыпламатыя ў камунікацыях і пры гэтым суцэльная шчырасць — вынік пакутнага досведу і працы над сабой за кратамі. У нейкі момант я адчула, што захлынаюся ад нянавісці да турэмнікаў, гэтых мучыцеляў, і што мяне гэтыя пачуцці цалкам выбіваюць з раўнавагі, атручваюць. Наступаючы сабе на горла, я напачатку проста выпрацавала абыякавасць да іх, а пазней нават пачала спрабаваць размаўляць з імі. Пры гэтым падчас размоваў ніколі не апускалася на іх узровень, на абразы і правакацыі з іх боку адказвала жартамі. 

Так я навучылася вытрымцы. А таксама здольнасці данесці сваю пазіцыю без надрыву і так, каб яна збольшага была пачутая.

Я стала вельмі самакрытычнай і вельмі добра бачу і разумею ўсе свае памылкі мінулага, шмат за якія ўчынкі мне насамрэч сорамна, я ведаю, што больш ніколі такога не паўтарю. У ШІЗА і ПКТ у мяне з’явілася магчымасць як бы паглядзець на сябе з боку, бесстаронна правесці грунтоўны аналіз свайго жыцця, мінулага, учынкаў, разабрацца ва ўсім, зразумець, чаму і як гэта адбылося, і як зрабіць так, каб такое болей не паўтаралася. 

Цяпер я выдатна разумею, што жыццё — гэта і змаганне з самім сабой. І ў працэсе гэтага змагання чалавек мусіць узвышацца, расці духоўна, вучыцца на сваіх памылках і не баяцца прызнаць іх.

Я цаню простыя чалавечыя радасці, маленькія радасці, яны робяць мяне шчаслівай. Я прыйшла да высновы, што нейкага абстрактнага, вялікага шчасця ў будучыні не існуе. Яно ёсць тут і цяпер і складаецца з дробных радасцяў. Кубачак духмянай кавы цяпер робіць мяне шчаслівай на цэлы дзень. Раней я гэтага кубку нават не заўважала, успрымала ўсё вакол сябе, як належнае. Ну кубак і кубак, і што тут такога. Цяпер жа ўсё па-іншаму. 

Пасля зняволення мяне цалкам адвярнула ад алкаголю. Мне падабаецца жыць без яго і я шчыра не разумею, чаму ў сваім мінулым жыцці я часамі свае радасць ці гора падзяляла з куфлем піва. Цяпер я пачуваюся шчаслівай і без яго. Ну, а калі накочвае меланхолія, для барацьбы з ёй выкарыстоўваю свае ўнутраныя рэсурсы.

Не варта рамантызаваць зняволенне

Цяжкі і вельмі пакутлівы досвед стаўся і штуршком для майго суцэльнага перараджэння. Калі казаць проста, я стала нашмат лепей. І мне вельмі падабаецца быць такой, якая я цяпер. 

Разам з тым я супраць таго, каб рамантызаваць жыццё за кратамі. Апроч відавочных плюсаў, якія я, бясспрэчна, вынесла з гэтага досведу, ёсць і шмат мінусаў. 

Тое, што робіць улада супраць палітвязняў, — гэта вялікае злачынства. Для праціўнікаў рэжыму за кратамі створаныя невыносныя ўмовы, палітзняволеных там катуюць, гнояць. Некаторыя беларусы нават страцілі ў лукашэнкаўскіх засценках жыццё. 

Турма загартоўвае? У чымсьці так. Але разам з тым яна і дэфармуе асобу, калечыць, і ў пэўных рэчах — неадваротна. І тут няма чаго рамантызаваць. 

Я заўсёды прытрымлівалася думкі, што людзей трэба выцягваць з-за кратаў любым спосабам, тэрмінова ратаваць іх. Вядома, ні лідары дэмсіл, ні палітычныя і грамадскія актывісты, ні былыя палітвязні — мы не можам вось так раптам выпрацаваць нейкі цудадзейны рэцэпт вызвалення палітвязняў альбо сілай думкі абрушыць турэмныя муры. 

Але гнуткі падыход, на мой погляд, у гэтым пытанні мусіць захоўвацца. Любая магчымасць, якая можа дапамагчы выцягнуць людзей з гэтага палону ці палепшыць нейкім чынам іх умовы ўтрымання там, бясспрэчна, мусіць быць выкарыстаная. 


Вольга Класкоўская ў Швейцарыі з былымі палітвязнямі Ганнай Баран і Іванам Андрушойць.

Вольга Класкоўская ў Швейцарыі з былымі палітвязнямі Ганнай Баран і Іванам Андрушойць.

Адказнасць за зрынанне дыктатуры не мусіць ляжаць на плячах палонных палітвязняў. Гэта адказнасць усяго беларускага грамадства. І адзіны абавязак знясіленых, закатаваных людзей — выйсці з палону жывымі і здаровымі. Не варта патрабаваць ад іх у гэтым сэнсе залішняга геройства, заклікаючы іх класці свае жыцці за кратамі. Свой унёсак у барацьбу яны ўжо зрабілі. Свой геройскі ўчынак, калі кінулі выклік дыктатуры, таксама.

Вядома, такія людзі, як Мікола Статкевіч, Паліна Шарэнда-Панасюк, што шмат гадоў свайго жыцця прысвяцілі барацьбе з Лукашэнкам, вельмі загартаваныя і, бясспрэчна, гатовыя ісці да канца. Але не трэба забываць, што сярод палітвязняў і шмат тых, хто ўпершыню прыйшоў у палітыку ў 2020-м, шмат хто трапіў пад каток рэпрэсій выпадкова, аказаўся не падрыхтаваным да цяжкіх выпрабаванняў. Не трэба рабіць з гэтых людзей жалезных змагароў — а такая нотка гучыць часамі ў сацсетках і незалежных медыя — бо гэта звычайныя, жывыя, вельмі стомленыя людзі, якія хочуць жыць і вярнуцца дамоў.

Працяг будзе