«У сне падскочыў, пачаў трэсці краты і крычаць: «Сволачы! Што вы робіце?»

Зміцер Хведарук у нядаўнім мінулым вядомы як журналіст і актывіст «Маладога фронту». Цяпер ён вучыцца ў семінарыі і рыхтуецца стаць пастарам. За апошнія месяцы хлопец двойчы адбываў арышт, прычым у першы раз ён трапіў на Акрэсціна ў дні самага жорсткага гвалту ў ізалятары.

zmicer_hvedaruk_dzijana_seradzjuk__1__logo.jpg


«Сказалі — альбо мы цябе забярэм па-добраму, альбо будзе балюча» — Насамрэч, я не хацеў ісці галасаваць, бо ніколі паход на выбарчы ўчастак не заканчваўся для мяне добра. Я сядзеў у 2006 годзе, калі мяне забралі за два дні перад выбарамі — мне толькі споўнілася 18 і я тады быў навучэнцам гімназіі. У 2010 годзе мяне зноў падчас выбараў арыштавалі, — распавядае Зміцер Хведарук.
Але сёлета ён не паслухаў інтуіцыю і вырашыў выканаць грамадзянскі абавязак у той самай гімназіі, якую калісьці скончыў і з якой упершыню трапіў на Акрэсціна. На выбарчы ўчастак хлопец пайшоў са складзеным на ўсялякі выпадак заплечнікам: там былі туалетная папера, шкарпэткі, Біблія. Але ў выніку яму так і не давялося гэтым скарыстацца.

Накіроўваючыся з запоўненым бюлетэнем да скрыні для галасавання, Зміцер убачыў у ёй вялікую шчыліну — «памерам з шакаладку “Алёнка”», удакладняе ён. Звярнуўшы ўвагу камісіі на парушэнне, Зміцер і яшчэ некалькі чалавек прапанавалі назіральнікам зафіксаваць яго. Але старшыня камісіі паклікаў міліцыю і напісаў на Змітра скаргу, нібыта той перашкаджае працаваць.

Для разбіральніцтва да Змітра падышлі тры міліцыянты: жанчына-маёр і два курсанты. Калі маладзён пачаў казаць, што яго зараз могуць арыштаваць ні за што, а ім давядзецца за гэта адказваць, жанчына-міліцыянт нават расплакалася. Але гэта не перашкодзіла ёй выклікаць нейкіх невядомых людзей, каб тыя дапамаглі «разабрацца».

— З’явіліся два мардавароты, схапілі мяне пад рукі і сказалі — альбо мы цябе забярэм па-добраму, альбо будзе балюча. Мы выйшлі са школы, мяне пасадзілі ў цывільную машыну, не тлумачачы, хто яны і куды збіраюцца мяне весці, толькі казалі ўсялякія абразлівыя словы.

У Змітра тым часам саспеў план уцёкаў: ён вырашыў адштурхнуць таго, хто сядзеў побач з ім, адчыніць дзверы і збегчы — балазе бегае ён добра. Палічыўшы пра сябе да трох і штурхануўшы бугая, ён тузануў за ручку і… зразумеў, што дзверы заблакаваныя. Вядома ж, такі выкрутас не прайшоў дарам: Змітра збілі.


«Жанчына-маёр з участка прыехала пісаць заяву на звальненне»

zmicer_hvedaruk_dzijana_seradzjuk__2__logo.jpg


Хлопца адвезлі ў Першамайскае РУУС, папярэдзіўшы, што, калі ён яшчэ раз паспрабуе збегчы, на яго завядуць крымінальную справу за непадпарадкаванне. У пастарунку ў яго забралі ўсе рэчы, і нават Біблію — калі ён яе разгарнуў, яго прыкавалі кайданкамі да лавы. Ён праседзеў так некалькі гадзін, потым яго перавялі ў «стакан» — камеру метр на метр ці на два, дзе знаходзіліся яшчэ 5 чалавек.— Мы пазнаёміліся, была вельмі прыкольная кампанія. Адзін хлопец — аператар, які ў 9 раніцы здымаў відэа каля будынка адміністрацыі Першамайскага раёна. Да яго падышлі, пасадзілі ў бус і арыштавалі. Яшчэ адзін хлопец — айцішнік, які прыйшоў са сцягам на выбарчы ўчастак. Яшчэ быў мужчына, які проста стаяў на прыпынку каля вуліцы Герояў 120-й дывізіі. І апошні — выпіў з сябрам і пайшоў галасаваць. На яго ўчастак не пускалі людзей, утварылася чарга. Ён спытаў у міліцыянта, што адбываецца, — і яго арыштавалі.

У РУУСе на Змітра склалі пратакол, паводле якога ён парушаў грамадскі парадак, лаяўся матам і не падпарадкоўваўся міліцыі. Рабілі гэта зусім іншыя людзі, а не тыя, хто ўдзельнічаў у затрыманні.

— У пастарунку я пачуў, як жанчына-маёр з участка прыехала пісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні. На яе дзіка крычалі, называлі дурай, — узгадвае суразмоўца.


«Людзей білі бесперапынна 5 сутак»


Пасля вязняў павезлі на Акрэсціна. Змітра неаднойчы арыштоўвалі і саджалі на суткі ў ізалятар, але такога, што ён там убачыў гэтым разам, не было ніколі.

— На Акрэсціна нас прымусілі хутка бегчы праз усю тэрыторыю, завялі ў «адстойнік» — вулічную клетку, дзе мы стаялі хвілін 40. Пасля ўсіх шасцярых завялі ў памяшканне — маленькую клетачку, дзе было цяжка стаяць. Распранулі, прыніжалі, але асабліва не білі. Пазабіралі ўсе рэчы, і ў выніку ўсё, што я з сабой склаў, не прыдалося.

У той момант Зміцер падумаў, што гэта самае горшае, што магло з ім здарыцца. Але ён памыляўся. Вязняў пасадзілі ў камеру з дэпартантамі з Расіі, Азербайджана і Кітая. Расіянін на той момант сядзеў на Акрэсціна ўжо 9 месяцаў, і менавіта ён трапіў у сюжэт пра ізалятар на дзяржтэлебачанні аўтарства адыёзнага прапагандыста Азаронка.

— Як сцямнела, пачалі прыязджаць аўтазакі, забітыя людзьмі, увесь двор быў запоўнены людзьмі ў масках — вокны нашай камеры выходзілі прама на яго. Гэтыя людзі ў масках з дубінамі, аўтаматамі, пісталетамі, помпавымі ружжамі, крычалі і білі людзей бесперапынна наступныя 5 сутак. Мне грэх скардзіцца, бо асабліва не патрапіла, і ты адчуваеш віну, калі бачыш, што іншых б’юць, а сам знаходзішся нібыта ў бяспецы. Да цябе ў камеру не залятаюць, не выхопліваюць, не прымушаюць крычаць «Я люблю АМАП» ці спяваць тую ці іншую песню. Але ты ўвесь час гэта чуеш, — узгадвае Зміцер.

Вокны яго камеры выходзілі ў бок Пушкінскай, і адтуль вязні бачылі зарава. Тады яны думалі, што, напэўна, гэта феерверкі — відаць, Ціханоўская перамагла. Толькі пазней, калі ў камеру кінулі яшчэ некалькі людзей, яны даведаліся, што гэта былі святлашумавыя гранаты.

Зміцер бачыў, як людзей збівалі, праганяючы праз калідор, здзекваліся прымушалі класціся на асфальт. У гэтым удзельнічалі і амапаўцы, і супрацоўнікі ізалятара.

— Усё гэта было вельмі жорстка і брутальна і, напэўна, мая псіхіка не вельмі была да гэтага гатовая, бо на трэці дзень у мяне здарыўся нервовы зрыў: я проста ў сне з месца, дзе я спаў, падскочыў на батарэю і пачаў трэсці краты і крычаць «Сволачы! Што вы робіце?». Хлопцы ў камеры пачалі адрываць мяне ад вакна, і тады я зразумеў, што не сплю.

У камеру, дзе сядзеў Зміцер, на наступны дзень кінулі моцна збітага хлопца з Берасцейшчыны. Аказалася, ён з сябрамі, дрэнна ведаючы Мінск, прыпаркаваў машыну ля будынка Следчага камітэту. Тут жа да іх пад’ехаў бус, хлопцаў выцягнулі з машыны, завалаклі ў будынак СК і моцна збілі. Іх прымусілі падпісаць паперы, нібыта яны кідалі ў будынак ведамства заточаныя балты і раздавалі заточаныя рыдлёўкі.

— Паколькі мы былі ў камеры для дэпартантаў, пра нас на пэўны час проста забыліся. І ў гэтым быў невялікі плюс: у камеры на 8 чалавек нас было 11, а не 50, як у іншых камерах, нас кожны раз кармілі, працаваў туалет. У аднаго з дэпартантаў нават было радыё, хоць гэта забаронена, і мы слухалі навіны. Трэба аддаць належнае радыё «Юністар», бо яны, у адрозненне ад астатніх, казалі, колькі арыштавалі людзей, у якіх гарадах адбываюцца пратэсты.


Лес, калючы дрот і вышкі з аўтаматчыкамі


zmicer_hvedaruk_dzijana_seradzjuk__4__logo.jpg


Больш за трое сутак затрыманых 9 жніўня трымалі ў ізалятары без суда, хаця гэта незаконна. Спахапіліся толькі на чацвёртыя суткі.

Суды адбываліся на Акрэсціна. Усіх паставілі да сцяны на другім паверсе і па чарзе заводзілі ў кабінет, дзе сядзелі суддзя і сакратар. Усё доўжылася не больш за 5 хвілін, суддзя не звяртала ўвагі ні на якія доказы. Зміцер атрымаў 5 сутак за парушэнне грамадскага парадку і 2 сутак за непадпарадкаванне.

Праз некалькі гадзін Змітра і іншых вязняў вывелі на двор, дзе яны стаялі да позняй ночы. Людзям было холадна. У аднаго сталага мужчыны канфіскавалі абутак, і ён стаяў басанож. Толькі на шостую просьбу амапаўцы злітасцівіліся і далі яму тапкі.
— Я ўбачыў людзей у жудасным стане — скрываўленых, забінтаваных, у падраных нагавіцах, з намаляванымі маркерамі нумарамі на руках, спіне, ілбе, з абрэзанымі валасамі, — гаворыць Зміцер.
  Гэтым разам каля сцяны давялося стаяць 5 ці 6 гадзін. Потым усіх пасадзілі ў аўтазакі і кудысьці павезлі. Па адлегласці зняволеныя зразумелі, што гэта не Жодзіна, а значна далей.

— Нас прывезлі і выгрузілі дзесьці ў лесе, і тут стала крыху страшна. Было цёмна, брахалі сабакі, нам забаранялі ўзняць галаву. Мы яшчэ прастаялі некалькі гадзін на холадзе, нас пастроілі «каробачкамі» па чалавек 20-30, людзі ў ваеннай форме пачалі перапісваць даныя. Я ўзняў вочы і ўбачыў навокал частакол, нейкія баракі, быў чуваць гук сякеры і людзі нацягвалі калючы дрот вакол будынкаў.

Як і былі, «каробачкамі», арыштантаў адвялі ў душ. Вось толькі, памыўшыся, давялося стаяць мокрымі на холадзе, бо ручнікоў не было.

Пасля кіраўнік установы паведаміў вязням, што яны знаходзяцца ў слуцкім жаночым ЛПП, і паабяцаў добрае стаўленне, ложкі і падушкі пры добрым стаўленні ў адказ.

— Нас завялі ў казарменае памяшканне, дзе было шмат двух’ярусных ложкаў, на якія можна было легчы і сесці, што само па сабе выглядала цудам. Можна было нармальна пагутарыць з людзьмі, пасмяяцца, і гэта вельмі дапамагала.

Прачнуўшыся наступным ранкам, Зміцер убачыў, што іх будынак абнеслі калючым дротам. Вязняў вывелі на вуліцу, і аказалася, што за ноч скалацілі вышкі для аўтаматчыкаў.

— Потым завялі ў сталоўку і добра пакармілі — давалі аўсянку на малацэ, і мы падумалі, што ўсё гэта вельмі падазрона, — усміхаецца суразмоўца.

Пасля абеду арыштантам выдалі мыла, каб яны маглі папраць рэчы. Многія, у тым ліку Зміцер, гэта зрабілі. Але раптам прыйшлі вайскоўцы з нейкімі спісамі і пачалі выклікаць людзей, якія мусілі вызваіцца альбо цягам бліжэйшых двух дзён, альбо яшчэ праз 15 сутак. Вязні вырашылі, што іх зноў некуды пераводзяць. Але аказалася, што іх вызвалялі, прычым многія не даседзелі свае суткі.


«Ашалелі ад падтрымкі і салідарнасці»


zmicer_hvedaruk_dzijana_seradzjuk__3__logo.jpg


— Стоячы пасярод лесу недзе пад Слуцкам мы ўяўлялі, што нам трэба будзе дайсці да нейкага вакзала, каб ехаць у Мінск. Мы прасілі ў міліцыянера, які нас вызваляў, даць хаця б нейкія дакументы, каб нас пусцілі. На што пачулі: «Вас валанцёры падвязуць». Якія валанцёры? Нас выпусцілі за турэмную браму, мы прайшлі метраў сто і ўбачылі акіян людзей. І гэта дзіка шакавала, бо мы думалі, што ўсё дрэнна, людзей арыштоўваюць тысячамі і запалохваюць, і тут убачылі натоўпы людзей з машынамі, піцай, кавай, якія казалі «Якія вы малайцы!», «Трымайцеся!». Мы ашалелі ад такой падтрымкі і салідарнасці, бо гэта вельмі моцна кантраставала з тым канцлагерам, што мы бачылі, — дзеліцца ўражаннямі Зміцер.

Гэта адбылося 14 жніўня. Акурат напярэдадні, ад позняга вечара 13 жніўня пасля нечалавечых катаванняў пачалі выпускаць вязняў, якіх трымалі ў ЦІП на Акрэсціна. Каля гадзіны ночы туды прыехаў намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў і сказаў, што да ранка ўсіх выпусцяць. Тое ж самае тычылася і вязняў, якіх падчас першых дзён пратэстаў звезлі ў іншыя месцы зняволення.

У вялізнай чарзе людзей, што прыехалі падтрымаць тых, хто вызваліўся, Зміцер сустрэў сваіх дзядзьку з цёткай, з якімі даўно не кантактаваў. Пратэсты паўплывалі і на іх, гаворыць суразмоўца, бо раней яны былі апалітычнымі, а тут адмыслова прыехалі, каб забраць пляменніка. Так што прынамсі адзін плён — прымірэнне сям’і — ад беларускай рэвалюцыі атрымаўся.


У ноч на 30 жніўня забіў у камеры таракана

Другі раз падчас сёлетніх пратэстаў Змітра Хведарука затрымалі напрыканцы жніўня каля Чырвонага касцёла. Гэтым разам у Першамайскім РУУСе даводзілася сядзець у спартзале (дазвалялі нават ляжаць), доўга стаяць ля сцяны. Пасля Змітра павезлі на Акрэсціна, дзе адбыўся суд — і хлопцу далі 7 сутак, якія ён адбываў у Жодзіна.
— Быў забаўны момант: у Лукашэнкі 30 жніўня былі народзіны, і ў камеры на Акрэсціна ў ноч на 30 жніўня я забіў таракана, — усміхаецца Зміцер.

Гэтым разам зверстваў міліцыянтаў не было, наадварот, кажа Зміцер, прысутнічала паказушнасць: маўляў, глядзіце, як добра мы да вас ставімся.

Цяпер Зміцер Хведарук распавядае пра свае прыгоды з іранічнай усмешкай. Але і да сёння ён час ад часу адчувае раптоўныя прыступы трывогі і бяссонніцы. За час сваіх двух адсідак ад стрэсу ён страціў 7 кілаграмаў вагі.

Прайшоўшы праз арышты, Зміцер раіць тым, для каго рэальная перспектыва трапіць на суткі (а такіх цяпер як мінімум некалькі соцень тысяч чалавек), не губляць прысутнасці духу і не нагнятаць, не думаць, што можа здарыцца нешта горшае. А яшчэ ў такіх цяжкіх сітуацыях, як ні дзіўна, вельмі дапамагае гумар. Зміцер узгадвае, што ў Жодзіна міліцыянты нават рабілі вязнямі заўвагі, бо ў іх камеры пастаянна гучаў смех.


«Мы ўсе вінаватыя»

У тым ліку дзякуючы арыштам Змітра з’явіўся шэраг відэасведчанняў хрысціянаў, якія трапілі пад рэпрэсіі падчас сёлетніх пратэстаў.

Жонка Змітра распавядае, што яна перажыла, калі Зміцер сядзеў.


— Я даведаўся, што, на вялікі жаль, многія хрысціяне абыякава ставяцца да ўсіх гэтых падзей альбо вельмі цынічна іх каментуюць. І мы вырашылі зрабіць такі праект — спецыяльна здымалі вернікаў, якія трапілі пад рэпрэсіі. Сярод іх быў шматдзетны бацька, які хацеў памаліцца ў цэнтры горада са сваімі братамі, і іх катавалі шокерамі, чалавек, які проста вяртаўся дадому, мая жонка, якая распавяла, як гэта — не ведаць, дзе знаходзяцца твае родныя, пра якіх табе не кажуць 5 дзён. Вернікі павінны разумець, што нельга маўчаць у гэтай сітуацыі. Гэта не проста нейкая палітычная барацьба, гэта больш сур’ёзная сітуацыя.
Для самога Змітра самым цяжкім падчас зняволення стала адчуванне ўласнай бездапаможнасці, калі людзей збівалі, а ён нічога не мог зрабіць. Для сябе ён знайшоў тлумачэнне жорсткасці сілавікоў, якая і цяпер працягваецца ў турэмных засценках.
— На вялікі жаль, мы ўсе вінаватыя. Цягам 26 гадоў збольшага мы абыякава ставіліся да ўсяго, што адбывалася, і заахвочвалі сістэму, якая гадавала гэтую машыну сілавікоў і беспакаранасці. Але раптам каронавірус і палітычная сітуацыя паказалі, што гэта наша агульная бяда, нам трэба з ёй разбірацца і браць адказнасць за ўсё, што адбываецца. Гэта вельмі важны момант для 9 мільёнаў людзей, каб перабудаваць не толькі сістэму, але і сябе таксама, адыйсці ад гэтых сацыялістычных уяўленняў, што дзяржава нешта павінна, а быць больш адказнымі на ўсіх узроўнях жыцця.
Яшчэ перад выбарамі Зміцер рабіў для сваіх знаёмых вандроўкі па Курапатах, распавядаў пра тое, як Сталін выбудаваў сваю рэпрэсіўную сістэму. Аказалася, што многія людзі ніколі не бывалі ў такіх месцах.
— Мне здаецца, тут можна прамую лінію правесці, што, на вялікі жаль, пасля ўсіх жахаў ХХ стагоддзя, мы проста, як кажа Лукашэнка, перагарнулі старонку. Таму не варта здзіўляцца, што гэта паўтараецца зноў. Не адбылося асэнсавання гэтага ўсяго і пакаяння.

Зло — не ўсёмагутнае

— Я разумею, што ў гэтым жыцці могуць адбыцца самыя страшныя рэчы. Але як хрысціянін, я бачу больш шырокую карціну і разумею, што вернецца Хрыстос і адновіць гэты свет. Таму гэта падтрымлівала. А яшчэ гэтым летам я ўбачыў тысячы не вядомых мне беларусаў, якія сталі народам. Я вельмі рады, што шмат беларусаў паўсталі супраць бяспраўя ў краіне. Зло — не ўсёмагутнае, яго рэсурс абмежаваны і не такі вялікі, як нам здаецца.
Хлопцу складана апісаць той узровень салідарнасці, які зведала яго сям’я. Пакуль Зміцер быў у зняволенні, сябры падтрымлівалі яго жонку, дапамагалі яго шукаць, замаўлялі ёй ежу, маліліся, тэлефанавалі. А па вызваленні адна з устаноў харчавання ў раёне, дзе жыве Зміцер, бясплатна пачаставала яго.
Падчас свайго зняволення Зміцер заўважыў цікавую асаблівасць сёлетніх пратэстаў. Калі раней на мітынгі выходзіла, у асноўным, інтэлігенцыя, то цяпер пратэсты закранулі абсалютна розныя слаі насельніцтва: гэта і людзі з зусім мізэрным дастаткам, і айцішнікі, і сярэдні клас. І калі раней на Акрэсціна сярод «палітычных» большасць былі беларускамоўнымі, то цяпер Зміцер аказаўся адзіным з сукамернікаў, хто гаварыў па-беларуску. Усё гэта сведчыць пра глабальныя зрухі ў свядомасці вялікай колькасці людзей.
— Яшчэ ў ліпені я скептычна ставіўся да пратэстаў, але атрымліваецца, што я не меў рацыі. Не ведаю, што будзе зімой — мабыць, пратэст не будзе такім масавым па зразумелых прычынах. Але эканамічная сітуацыя відавочна гуляе на баку пратэсту, — падсумоўвае Зміцер Хведарук.