У Вільні памёр Аляксандр Царук — былы дабраахвотнік палка Каліноўскага
Беларус Аляксандр Царук з пазыўным Сашко быў добраахвотнікам палка Каліноўскага. Вярнуўся з вайны і цяжка захварэў на анкалогію. Сябры ваяра паведамілі, што сёння ранкам Сашко пайшоў з жыцця, паведамляе «Белсат».

Фота з сайта "Белсата"
Цяпер сям’я Аляксандра Царука мае патрэбу ў дапамозе. Пералічыць сродкі на пахаванне можна на картку старэйшай дачкі Аляксандра: OLGA GOLOMEEVA, LT097300010182242136.
Развітанне адбудзецца ў Літве.
Аляксандр упершыню сутыкнуўся з беззаконнем сілавікоў Лукашэнкі задоўга да 2020-га года. У 2020-м таксама ўдзельнічаў у пратэстах і мусіў з’ехаць з Беларусі.
«Калі Пуцін скарыстаў Беларусь як плацдарм для ўварвання ва Украіну, Сашко пастанавіў, што будзе ваяваць і далучыўся да палку імя Кастуся Каліноўскага. Сашко прайшоў цяжкія трэнаванні і баі на фронце», — адзначаецца ў публікацыі тэлеканала.
«І Каліноўскі, і Рада БНР ведалі, што патрэбнае моцнае войска. Цяпер нашая армія фармуецца ва Украіне — з рознымі беларускімі падраздзяленнямі. Гэта не толькі ПКК, але шмат людзей ваююць у другіх структурах. Таму трэба не забывацца пра дапамогу ім», — казаў Аляксандр у нядаўнім інтэрв’ю «Белсату».
Былы каліновец заклікаў дэмакратычныя сілы заняцца праблемай ветэранаў, якім трэба будзе вяртацца да мірнага жыцця пасля перамогі.
Глядзіце таксама

Аляксандр Царук — грамадскі актывіст з Магілёва. У 2020 годзе быў назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП). У адказ на фальсіфікацыі і парушэнні на выбарах ён далучыўся да вулічных пратэстаў. Яго некалькі разоў затрымлівалі, агулам мужчына адбыў за кратамі 40 сутак.
Аляксандр быў разведзены, у Вільні жыў з дачкой і ўнучкай. У Літве атрымаў бежанства і аформіў ВНЖ, нават пасля пастаноўкі дыягназу працаваў у мясцовай кампаніі сантэхнікам. У інтэрв'ю «Люстэрку» восенню 2023-га ён распавядаў, што да апошняга хаваў ад блізкіх сур'ёзныя праблемы са здароўем.
«Разумею,
што гэта смяротная хвароба, але веру ў жыццё. Сумна бывае, але дапамагаюць
трымацца блізкія людзі. Кажуць, у бядзе пазнаецца сябар — дрэнны ён ці добры, —
казаў былы дабраахвотнік. — Усе размовы пра маю хваробу абрываю, калі мяне
пачынаюць шкадаваць. Дачка, напрыклад, хацела ведаць, якая стадыя рака, а я
прынцыпова не жадаю быць у курсе гэтага. Якая б ні была, няма розніцы».