З дзіцячага аніматара ў ваяры. Споведзь добраахвотніка
Лахвіч — беларускі добраахвотнік. Актыўны ўдзельнік пратэстаў Беларусі 2020 года. У 2021 годзе з'ехаў у Польшчу, ад магчымага палітычна матываванага пераследу. З пачаткам поўнамаштабнага ваеннага ўварвання прыехаў ва Украіну і далучыўся да шэрагаў добраахвотнікаў палка імя Кастуся Каліноўскага. Ваяваў да кастрычніка 2023 года. Цяпер знаходзіцца ў адпачынку ў Польшчы. У траўні плануе вярнуцца ва Украіну і працягнуць службу.
Да 2020 года палітыкай моцна не цікавіўся
Але ў 2019-м ужо штосьці наспявала, гэта было відавочна. Я ўдзельнічаў у пратэстах са жніўня. 9 жніўня быў на Стэле, я тады пабачыў і зразумеў, супраць якога рэжыму мы змагаемся. На маіх вачах аўтазак збіў чалавека, а з майго ракурсу было бачна, што ён увогуле наехаў на яго. Мы паехалі спрабаваць дапамагчы гэтаму чалавеку, а АМАПаўцы, ці хто там, пачалі па нам страляць, закідваць светлашумавыя гранаты. Я проста зразумеў, да якой ступені яны вар’яты — чалавек ляжыць без прытомнасці, мы спрабуем яму дапамагчы, а нас закідваюць гранатамі. Ён увогуле не варушыўся, у яго побач з галавой, побач з ім — выбухі. Потым выцягвалі дзяўчыну з разбітай галавой, выклікалі ёй хуткую дапамогу, я тады ПТСР злавіў.
Але з’ехаў я з Беларусі ажно ў кастрычніку 2021 года — больш за год прайшло пасля пратэстаў. Ведаеце, я чакаў што людзі зноў паўстануць, бо тое, што робіць лукашысцкая сістэма, — гэта недаравальна. Але мы страцілі вуліцы і барацьба скончылася. Асноўнае, чаму я з’ехаў з Беларусі — на сайтах МУС і следчага камітэту пабачыў свае фотаздымкі менавіта з падзеяў жніўня: вось там ланцуг, у якім мы стаім, а 8 хлопцаў з гэтага здымка ўжо затрыманы, з імі паказвалі гэтыя т.зв. «пакаяльныя відэа». Я зразумеў, што я наступны. І выехаў ва Украіну, ва Львоў, там атрымаў гуманітарную візу ў польскай амбасадзе, і ў лістападзе паехаў у Польшчу.
«Зразумеў, што павінен быць ва Украіне, таму што весці барацьбу ў Беларусі немагчыма
Чаму я ўступіў у шэрагі добраахвотнікаў і вырашыў абараняць Украіну? Тут шмат фактараў.
Першае, што ў мяне было ў галаве, — мая краіна акупавана, з Беларусі едуць танкі, ляцяць ракеты. Так, я выходзіў супраць Лукашэнкі, супраць ягонай сістэмы, але калектыўна ўсе беларусы страцілі сваю краіну — законы не працуюць, беларускі народ не гаспадар на сваёй зямлі. Я зразумеў, што павінен быць ва Украіне, таму што весці барацьбу ў Беларусі немагчыма. Для мяне гэта не было вялікім пытаннем — я зрабіў гэта эмацыйна, я адчуваў моцны сорам, віну і проста сабраў рэчы ў заплечнік і паехаў да кардону. Польскія памежнікі мяне прапусцілі, а ўкраінскія — не, бо ў мяне беларускі пашпарт. Памежнікі сказалі, што не могуць парушыць загад — беларусаў і расейцаў не пускаюць ва Украіну. Ужо тады фарміравалася беларуская рота — будучы батальён, а цяпер полк імя Кастуся Каліноўскага. Я напісаў да іх у чат і праз некаторы час мне далі дазвол на ўезд. Праз вызваленне Украіны я бачыў вызваленне Беларусі. Гэта той гістарычны шанец, дзе беларусам можна аб’яднацца супраць ворага. Вызваляць Беларусь трэба не толькі ад лукашызму, а і ад Расіі, з якой у нас няма нічога агульнага.
Першы баявы выезд
Фармальна першы мой баявы выезд быў у напрамку Ірпеня і Бучы.
Наша калона туды зайшла 1 красавіка, а 31 сакавіка расійскія войскі ўжо выйшлі адтуль, таму я не лічу гэта за баявы, але менавіта з гэтага і пачынаецца мая вайсковая гісторыя, гэты дзень застанецца ў маёй галаве назаўсёды. Там мы пабачылі людзей, якія перажылі акупацыю, у іх вачах было шмат болю і толькі два пытання: за што? І як жыць далей? Сапраўдным першым баявым я лічу штурм вёскі Лазавая, 26 траўня. Тады быў яшчэ жывы Іван Марчук (Брэст), і ён павёў нас у бой. Гэта найлепшы камандзір, якога я сустракаў і сапраўдны сын Беларусі. Калі шлі ў атаку з ім — нават не было страшна. Вёска Лазавая — гэта Херсонскі напрамак, з цягам часу нас перакінулі на Запарожскі — Гуляй-Поле. Потым быў Бахмут, там мы былі доўга.
Самы цяжкі бой
Мне складана сказаць, які бой быў самым цяжкім для мяне.
Напрыклад, першы штурм — ён складаны тым, што ты яшчэ не разумееш, не маеш досведу, але тады з намі быў Брэст, і таму страшна не было. Я працаваў у разліку ПЗРК (пераносны зенітна-ракетны комплекс), але, на жаль, мы нічога не збілі. Мы выконвалі свае задачы, сачылі за небам, былі падрыхтаваныя, але, на жаль, нічога не збілі. То-бок, выконваць задачу ПЗРК нескладана, адзінае, што КПД быў нізкі. Потым я перайшоў у мінамётны разлік. Чаму я перайшоў у «мінамётку»? У ПЗРК у «шэрай зоне» да ворага мы максімальна падпаўзалі на 150 метраў, гэта стралкатня з аўтаматаў, кулі над галавой свісталі, і нейкі страх накопліваўся, стрэс для арганізму. І таму я перайшоў — гэта ўжо 2 кіламетры да варожых пазіцый, ты па іх трапляеш, а яны па табе — не. Яны па нам таксама стралялі, але я сябе там адчуваў як «рыба ў вадзе», мне вельмі падабалася, і вось зараз, знаходзячыся ў Варшаве ў адпачынку, я разумею, што вярнуся зноўку ў артылерыю — там выконваеш свае абавязкі, працуеш разлікам і нічога складанага няма.
Да вайны працаваў дзіцячым аніматарам
Я не ведаю, як асабіста на мяне паўплывала вайна, я не надта аналізаваў гэтую сітуацыю. Упэўнены, што яна неяк паўплывала, але пакуль не адсочваю гэтага. Я такі ж вясёлы, я такі ж сумны, калі сумна, і, як мне падаецца, я не змяніўся. Адзінае, раней я працаваў дзіцячым аніматарам — да вайны, да пратэстаў, да ўсяго гэтага, і зараз я не ведаю — атрымаецца ў мяне вярнуцца да гэтай працы ці не? Тут трэба будзе прайсці псіхатэрапеўта, напэўна, але на сённяшні дзень я сябе адчуваю добра.
Вайна будзе працягвацца, пакуль ёсць Расія
Якой я бачу будучыню пасля нашай перамогі? Калі гэтая перамога будзе з нейкімі мірнымі пагадненнямі, то гэта будзе проста перапынак. Вельмі складана зараз казаць пра нашу перамогу, вельмі складана казаць, як і дзе вайна скончыцца, ці будзе Беларусь вольнай, ці ўвойдзе ў склад Расіі. Калі надзець ружовыя акуляры і пабачыць, што Беларусь стала вольнай, Украіна — вольная, Расіі няма, то ў гэтым выпадку я бачу сваю будучыню ў Беларусі і я буду займацца той справай, якая мне вельмі падабаецца — працаваць экскурсаводам, аніматарам, займацца гістарычнымі рэканструкцыямі і г.д. Але калі вайна зацягнецца, і я «кончуся» маральна, а вайна — не, то хутчэй за ўсё, я буду жыць альбо ва Украіне, альбо ў Польшчы. Ментальна гэтыя народы падобныя, я лічу іх братэрскімі, і ва Украіне, і ў Польшчы мне вельмі падабаецца. Напэўна, ва Украіне мне лепш, але гэта калі не будзе магчымасці павярнуцца ў Беларусь. А так я спадзяюся, што павярнуся ў Беларусь і гатовы змагацца за яе.
«Мяне чакала котка з кацянятамі»
Мы сустракалі вялікую колькасць хатніх жывёлаў у разбураных вёсках і гарадах.
Па магчымасці, хатніх жывёл мы вывозілі, хаця б у сваё размяшчэнне. Ужо там трымалі сувязь з валанцёрамі і перадавалі іх ім. Хтосьці з пабрацімаў сабак браў сабе і выхоўваў потым іх, хтосьці браў котак, але, усё ж такі, большая іх колькасць перадавалася валанцёрам, а там ужо яны раздавалі людзям.
У адным горадзе я сустрэў у падвале вельмі прыгожую котку і ў яе было тры кацяняткі. Я рабіў ім сняданак, рабіў ім вячэру, калі ў мяне быў час — бавіўся з імі, і, дарэчы, калі я пайшоў у першы баявы ў разліку ПЗРК, я не штурмавік, але мы ўдзельнічалі ў атацы, я проста не мог сабе дазволіць загінуць — мяне чакала котка з кацянятамі і я памятаў пра іх. Таму чым можам — дапамагаем, трымаем сувязь з валанцёрамі, яны нам перадаюць ежу для жывёл.
Без гумару на вайне можна звар’яцець, але ён вельмі розны
Мы былі ў Лісічанску, і нам трэба было паехаць у Севераданецк. Брэст тады быў жывы, ён быў у Севераданецку. У нас была задача зрабіць некалькі акопаў на рацэ. Мы ведалі, што хутчэй за ўсё гэтыя гарады будуць здавацца і на рацэ будзе пераправа — калі пачнецца раптоўны абстрэл, каб хлопцам, якія будуць перапраўляцца, было дзе схавацца. Я прыехаў капаць гэтыя акопы і штосьці мне так было лянотна, я разгарнуў свой карэмат і лёг спаць. Мне сніцца сон: да мяне падыходзіць Брэст, нічога мне не кажа, а проста паказвае мне сярэдні палец. Я адразу прачынаюся з думкай — я ж сюды прыехаў не спаць! Вось такая вось, не ведаю, смешная ці сумная гісторыя — нават у сне я адчуваю прысутнасць камандзіра. Карацей, у выніку сон даў мне зразумець, што я прыехаў выконваць задачу, і я выкапаў пару акопаў.
«Такія, як ты, не павінны паміраць»
Гумар на вайне ёсць, і без яго не магчыма, але суму там значна больш — баі, пахаванні, страты.
Перад Лазавой мы стаялі ў адной вёсцы з сумежнікамі і з украінскімі падраздзяленнямі. Мы былі ў адным будынку з імі. Ад іх адзін чалавек выходзіў на варту, і адзін ад нас. У чатыры гадзіны раніцы падышла мая чарга ісці на варту. Я мяняю свайго пабраціма, украінец мяняе свайго, і мы ўдвох засталіся. Украінец мне кажа: «Ну што? Кавы давай зробім?». Я кажу: «Давайце!». Мы пачалі стасавацца, ён даведаўся, што я беларус і кажа: «А што цябе падштурхнула прыехаць ва Украіну ваяваць?». А яму было пяцьдзясят шэсць год. Я кажу: «Ведаеце, мы згубілі сваю краіну. Я лепей памру тут, чым я буду сядзець у лукашысцкай турме». І вось гэты дзядзька, ён заплакаў, абняў мяне і кажа: «Такія, як ты, не павінны паміраць. Такія павінны даваць новае пакаленне і выхаванне, таму што калі такіх не будзе, то не будзе нацыі, не будзе краіны». І для мяне гэта былі вельмі моцныя словы. Я пабачыў яго эмоцыі, таксама абняў яго, падзякаваў за такую падтрымку. На жаль, шкада вельмі, але гэты чалавек праз месяц ці два загінуў у баі, але я памятаю пра гэты дзень, і, дарэчы, я вяду ютуб-канал і яго згадваю там. Неяк так. Героі не паміраюць. Ну а гісторыя насамрэч вельмі важная для мяне.
Як змянілася вайна ад яе пачатку
Вораг хутка вучыцца. І калі раней у іх былі неразрывы, калі яны з артылерыі білі не паймі куды, то сёння я трымаю сувязь з хлопцамі, і шмат хто кажа, што калі не трэці так чацвёрты снарад, выпушчаны ворагам, трапляе туды, куды яны цэляцца. Пяхота, штурмавікі — яны на сваіх памылках, якія рабілі на пачатку, вывучыліся. Я хачу падкрэсліць толькі адно: ніколі рускія не былі нам братамі, гэта нацыя вар’ятаў. На пачатку вайны, калі траплялі ў палон, яны казалі, што заблукалі, што іх падманулі. На сённяшні дзень, гэтыя пачвары руйнюць усе гарады, інфраструктуру, ГЭС, электрастанцыі. Таму, ведаеце, так, яны навучыліся ваяваць, але ўсіх пакладзем у пакеты.
Ад вялікай стомы і выгарання пачаў «працякаць дах»
Я не мог сам сабе растлумачыць, што я раблю, што адбываецца і навошта я тут. І з гэтымі пытаннямі я прачынаўся кожную раніцу. Спачатку я перавёўся ў вучэбную роту, проста, каб адпачыць ад фронту, ад пазіцый мінамётных, артылерыйскіх. Але праз месяц зразумеў, што проста выгараў. За паўтары гады вайны я зразумеў, што мне патрэбны адпачынак, што калі я не буду сачыць за сабой, то мне тады ўжо і адпачынак не спатрэбіцца. Але ж проста дэфект будзе ў маёй галаве. Я паразмаўляў з псіхатэрапеўтам, яна сказала, што гэта можна зняць медыкаментозна, але трэба піць антыдэпрэсанты ажно паўгады. Я кажу: «Дык і што рабіць гэтыя паўгады?». Яна кажа: «Ну ў тылу быць, нельга выязджаць». Я падумаў, што лепей я гэтыя паўгады пажыву дзеля сябе. Я паразмаўляў з кіраўніцтвам, мне дазволілі звольніцца, і я сказаў, што праз паўгады павярнуся. Пакуль я трэці месяц у Польшчы. Другая мэта мая ў Польшчы — гэта легалізацыя, таму што ў беларускага пашпарта сканчаецца тэрмін дзеяння, а аднавіць яго можна толькі ў Беларусі. Ва Украіне складана легалізавацца беларусу па зразумелых прычынах, мы — краіна-суагрэсар.
Я ўжо больш-менш адпачыў, як толькі легалізуюся, вярнуся ва Украіну, думаю, не пазней за травень. Вайна не скончылася. Трэба дапамагаць братам-украінцам, пакуль мы не пераможам.
Што трэба для перамогі
Для хутчэйшай перамогі трэба дальнабойная зброя і вайну трэба пераносіць на тэрыторыю агрэсара. Калі будуць палаць гарады і нават вобласці. І можа яны зразумеюць, што «хутка будзе і мой раён, і мой дом». Хацелі вайну? Атрымоўвайце! Вось тады яна хутчэй скончыцца.
Фота з асабістага архіва героя публікацыі