«Звычайны тэрор». Супрацоўніка Акадэміі навук затрымалі пасля маршу, з міліцыі ён трапіў у шпіталь

1 лістапада ў Мінску праходзіў марш супраць тэрору — шэсце накіроўвалася да Курапатаў. У выніку было затрымана каля 300 чалавек, пасля 231 з іх сталі падазраванымі па крымінальнай справе. Супрацоўнік Акадэміі навук Андрэй — адзін з затрыманых у той дзень. Прычым яго ўзялі ўжо пасля заканчэння акцыі, а праз некалькі гадзін ён трапіў у бальніцу са страсеннем мозгу і шматлікімі ўдарамі.

Марш супраць тэрору. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Марш супраць тэрору. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Андрэй Я. працуе малодшым навуковым супрацоўнікам у адным з падраздзяленняў Акадэміі навук. 1 лістапада ён вяртаўся дадому па Лагойскім тракце і быў ужо даволі далёка ад месца акцыі, калі зразумеў, што побач з ім едзе «нейкі дзіўны шэры бус». Адтуль на Андрэя, па яго словах, «выскачылі амапаўцы», заштурхалі яго ўнутр.
Там у Андрэя дагледзелі заплечнік, дзе знайшлі лазерную ўказку і бінокль. Указку, кажа суразмоўца, ён проста насіў з сабой, як і іншыя канцылярскія прылады з працы, а бінокль у ліку іншага выкарыстоўвае, каб назіраць за птушкамі — у яго «шмат кропак скрыжавання з арнітолагамі».
Пасля гэтай знаходкі з Андрэем запісалі ролік, які назаўтра паказалі па дзяржаўным тэлебачанні. Гэтае ж відэа размясцілі і некаторыя праўладныя Telegram-каналы. На кадрах можна ўбачыць, як у Андрэя пытаюцца: «Навошта бінокль?», На што мужчына адказвае: «Птушачак гляджу». Таксама яму задаюць пытанне, хто свяціў супрацоўнікам міліцыі ўказкай ў вочы, і Андрэй кажа: «Не ведаю, дакладна не я».
— Пасля таго як яны знялі ролік, пачалі патрабаваць, каб я разблакаваў свой тэлефон, — працягвае суразмоўца. — Я адмовіўся, і мяне пачалі збіваць. Білі рукамі, нагамі, пагражалі забіць, павесіць, утапіць. Яшчэ гразіліся, што ў азадак засунуць дубінку, штаны парэзалі.
Тэлефон я не разблакаваў, яны яго зламалі. Пасля гэтага мяне адвезлі ў Савецкае РУУС, адвялі ў нейкі падвал, дзе ўжо стаялі іншыя затрыманыя людзі, склалі вопіс рэчаў. Прычым у пратаколе не было ўжо ні бінокля, ні ўказкі, ні ключоў. Ці то ўсё гэта знікла яшчэ ў бусе, ці то ўжо ў іх. Але большая частка рэчаў потым вярнулася.
Затым мяне вывелі ў двор. Я ўжо ў тым склепе сябе няважна адчуваў, а на вуліцы проста стаяў ля сценкі і ў адзін момант пачаў губляць прытомнасць. Хтосьці з затрыманых быў лекарам і адразу вызначыў, што ў мяне страсенне мозгу.
У РУУС мне выклікалі хуткую — хуткая мяне там абследавала, а потым адвезла ў 5-ю гарадскую клінічную бальніцу, дзе я і прабыў пяць дзён. Цяпер знаходжуся на бальнічным.
Андрэй паказаў копіі вынікаў агляду лекарамі, а таксама выпісны эпікрыз, дзе ў графе «дыягназ» прапісана: «ЧМТ лёгкай ступені, страсенне галаўнога мозгу, пералом пярэдняй і верхняй сценак левай ВСП (верхнесківічнай пазухі), удар, гематома мяккіх тканак левай ягадзіцы і сцягна». На фота, знятым у першыя дні ў шпіталі, відаць, што ў яго велізарная гематома амаль на ўсё сцягно, а таксама сінякі вакол вачэй, характэрныя для страсення.

Андрэй у шпіталі. Фота прадастаўлена героем матэрыяла

Андрэй у шпіталі. Фота прадастаўлена героем матэрыяла

sotrudnik_nan_rb_osmotr.jpg

Фота прадастаўлена героем матэрыяла

Як я сябе цяпер адчуваю? Ужо нармальна, я досыць хутка ўзнаўляюся, — працягвае Андрэй. — Адзінае непрыемнае адчуванне — пераломы ўсё яшчэ трохі адчуваюцца, але, у прынцыпе, нармальна. Нават мае сябры здзівіліся, як на мне ўсё так хутка загаілася. Псіхалагічна — таксама быццам нармальна. Я выжыў, здароўе быццам бы аднаўляецца, і гэта самае галоўнае.
Ён дадае, што адзінае, пра што думаў у тым мікрааўтобусе, — гэта як выжыць і мінімізаваць шкоду. Апынуўшыся ў бальніцы ў падраным адзенні і са зламаным смартфонам, перш за ўсё Андрэй папрасіў у санітаркі тэлефон і патэлефанаваў сваёй маці — гэта быў адзіны нумар, які ён памятаў. Потым ужо аб тым, што здарылася, даведаўся блізкі сябар, а за ім і калегі.
На пытанне, ці звязваліся з ім супрацоўнікі Следчага камітэта, Андрэй адказвае адмовай.
— Гэтага не было. Як я зразумеў, у тыя пяць дзён, што я ляжаў у лякарні, да мяне яшчэ павінны былі прыйсці са Следчага камітэта, таму што мяне затрымлівалі і даставілі ў бальніцу з міліцыі. Але за гэты час ніхто пра мяне так і не ўспомніў.
Калі я нядаўна больш-менш аклямаўся, то вырашыў забраць свае рэчы з РУУС. І мне давялося некалькі разоў курсіраваць паміж Якуба Коласа 3 і 9 (адрас РУУС Савецкага раёна Мінска. — Заўвага. TUT.BY), каб яны вызначыліся, хто я такі, за што мяне затрымалі і дзе мае рэчы. Мой заплечнік знайшоўся па чыстай выпадковасці: на ім захавалася бірка з імем. Мабыць, там здарыўся нейкі дакументацыйны бардак.
Так што пакуль я проста чакаў, што ж будзе далей. Таму што, самі разумееце, амаль усім, каго ў той дзень затрымалі, прышылі крымінальны артыкул. А мне — толькі папярэджанне.
Андрэй кажа пра дакумент, які прыйшоў на імя яго кіраўніка. У лісце, падпісаным начальнікам ГУУС Мінгарвыканкама Міхаілам Грыбам, гаворыцца, што «01.11.2020 у дачыненні да (тут называецца прозвішча, імя і пасада суразмоўцы. — Заўвага. TUT.BY) складзены 2 пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях па артыкулах 23.34 і 23.4 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
У той сувязі прапануем Вам у рамках кампетэнцыі правесці тлумачальную гутарку з (тут ізноў называецца імя. — Заўвага. TUT.BY) аб недапушчальнасці падобных дзеянняў у далейшым і неабходнасці захавання дзеючага заканадаўства.
У ходзе гутаркі неабходна давесці аб'ектыўную інфармацыю, у першую чаргу размяшчаную ў дзяржаўных СМІ, аб дэструктыўных праявах, у тым ліку з боку Telegram-каналаў і іншых мас-медыя, у адносінах да нашай дзяржавы і народа, фэйк-тэхналогіях, якія ўжываюцца пры гэтым, спробах маніпулявання грамадскай думкай і паводзінамі розных груп грамадзян» (копія ліста, як і медыцынскіх дакументаў, ёсць у распараджэнні рэдакцыі).
Пакуль што гэтая гутарка не праводзілася: афіцыйна Андрэй працягвае знаходзіцца на бальнічным.
— Прычым запісаў пра тое, што такія пратаколы складаліся, у самой міліцыі няма, і яны самі не разумеюць, што да чаго. Ці то выкінулі, ці то проста забыліся скласці. Так што я пакуль чакаю, хіба што да праваабаронцаў звярнуўся. Яны параілі пачакаць, паглядзець, што будзе, таму што таксама з такім раней не сутыкаліся.
Суразмоўца дадае, што быў прыемна здзіўлены тым, як яго падтрымалі калегі і сябры. Таксама, пакуль Андрэй ляжаў у лякарні, іншыя супрацоўнікі акадэміі захваляваліся, што яго могуць звольніць. Але афіцыйных папер аб звальненні супрацоўніку не паступала. «Так, хадзілі чуткі, але пакуль накшталт усё замялі», — кажа ён.
Андрэй лічыць, што тое, што адбылося з ім, як і масавыя затрыманні на нядзельных акцыях і наступныя адміністрацыйныя і крымінальныя справы, — гэта «спроба запалохаць як мага больш народу».
— Так, страшна, калі такое здараецца з табой або тваім блізкім, гэта вельмі цяжка. Але што зрабіць, у такі ​​вось нялёгкі час мы жывем. І ўсе гэтыя выпадкі — звычайны тэрор, — кажа ён.
tut.by