«Жывёліны, вы не ўяўляеце, куды трапілі. У пекла!»
Пакуль Андрэя білі, сілавікі
загадалі іншым затрыманым спяваць гімн Беларусі — маўляў, ударамі яны робяць
музыку. Новая
гісторыя праекта Белсат «Мне яшчэ пашанцавала», які прысвечаны пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.
![Андрэй Вяршэня. Фота: Белсат Андрэй Вяршэня. Фота: Белсат](/img/v1/images/11_andrej_e1615396714568.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Андрэй Вяршэня. Фота: Белсат
На момант размовы кіроўца Андрэй Вяршэня ўжо раздаў дзясятак інтэрв’ю беларускім медыя. Сваю гісторыю ён пачынае распавядаць падрабязна і бадзёра. Дайшоўшы да затрымання, трохі збіваецца і паўтарае, што дасюль не разумее, чаму ды за што гэта адбылося з ім і тысячамі іншых беларусаў. У ноч на 12 жніўня ён падвозіў сяброў дадому. На скрыжаванні ў бок сталічнага гандлёвага цэнтра «Рыга» да аўтамабіля падбеглі ўзброеныя людзі. Пагражаючы зброяй, яны змусілі ўсіх выйсці.
«Я быў упэўнены. Я не сумняваўся. Я насамрэч да апошняга думаў, што зараз нас правераць, нічога ж супрацьзаконнага няма, і мы паедзем далей. Да апошняга быў упэўнены. Пакуль нас не паклалі на зямлю», — згадвае Андрэй.
Мужчын пачалі збіваць ужо тады, пры вобшуку. У багажніку знайшлі перакіс вадароду, і гэта запэўніла сілавікоў у тым, што затрыманыя нібыта рыхтаваліся да пратэсту. Мужчына ў цывільным і з адкрытым тварам — відавочна, кіраўнік гэтай групы — перад тым, як Андрэя закінулі ў аўтазак, крыкнуў: «Гэты — рэвалюцыянер!»
У аўтазаку здзекі працягнуліся. Андрэя пасадзілі на кукішкі, а на яго ўскараскаўся амапавец.
«Здаравенны, там кілаграмаў сто было, у мяне аж усё захрусцела ўсярэдзіне. Кажу, каб злез, бо цяжка. Ён, як і сядзеў, пачаў біць мяне ў твар: маўляў, мне добра, то чаго табе дрэнна. І крычаў сваім: "Хлопцы, глядзіце, які ў мяне зэдлічак!" — згадвае Андрэй.
Калі аўтазак затармазіў, амапавец зваліўся ў канец машыны. Тады ўсе сілавікі накінуліся на затрыманага: «Наступілі на галаву і ногі. Білі доўга: колькі мы ехалі, столькі і білі. Я крычаў ад болю. Калі траціў сілы на крык і непрытомнеў — яны спыняліся. Не паспяваў я ачуняць, як яны зноў пачыналі, я зноў крычаў і непрытомнеў. І паўтаралася». З часам машына напаўнялася, людзі ляжалі адно на адным.
Мужчына запомніў перадусім шалёныя вочы сілавікоў, «чорныя кропкі», як кажа цяпер. У аўтазаку амапаўцы гарлалі:
«Жывёліны, вы не ўяўляеце, куды вы трапілі. Вы трапілі ў пекла!»
Пакуль Андрэя білі, сілавікі загадалі іншым затрыманым спяваць гімн Беларусі — маўляў, ударамі яны робяць музыку.
Затрыманых пераводзілі з аўтазака ў аўтазак праз калідор амапаўцаў. Яны загадалі крычаць «Я люблю АМАП», паабяцаўшы не біць тых, хто будзе крычаць гучна. Збівалі рукамі, нагамі і дручкамі ўсіх. У невялікай душнай камеры аўтазака Андрэй знепрытомнеў. Ачуняў толькі на Акрэсціна.
«Я схамянуўся, пабачыў, што ляжу на зямлі. Каб я вярнуўся да прытомнасці, яны выкінулі мяне з аўтазака і пачалі біць. Збівалі нагамі і дручкамі. Паставілі на бетон каля плота, рукі — на мур. Стаіш ілбом у сцяну на каленах, яны праходзяць і перыядычна бʼюць усіх», — у голасе мужчыны чуваць роспач.
Ланцуг людзей насупраць сцяны мусіў пакрысе перасоўвацца, калі людзей заводзілі ў камеры. Андрэю не ставала сіл паспяваць, ён самлеў, яго збівалі, аж урэшце мужчыну адцягнулі да альтанкі, дзе кучай ляжалі іншыя людзі, якія не мелі сіл нават стаяць на каленах.
![Малюнак Андрэя Вяршэні. Фота: Белсат Малюнак Андрэя Вяршэні. Фота: Белсат](/img/v1/images/10_maksim_1_e1615396366895.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Малюнак Андрэя Вяршэні. Фота: Белсат
Доктарка з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, на ўражанне Андрэя, наогул не была здзіўленая катаваннямі, што адбываліся на яе вачах. Урэшце прыехалі карэты хуткай дапамогі. Мужчына згадвае, што экіпажы намагаліся забраць з таго пекла як мага больш людзей, беручы тры, а то і чатыры чалавекі ў машыну.
«Я ляжаў і чуў, як заводзілі ў камеры, і там былі нялюдскія крыкі. Удары і крыкі. Я разумеў, што я ні ў якім выпадку не магу трапіць туды. Калі прыйшла фельчарка з хуткай, я згадаў і сваю арытмію, і што калісьці ў дзяцінстве меў бранхіяльную астму. Я пачаў ціснуць на гэта. Намагаўся сімуляваць як мог, толькі б там не застацца», — Андрэй гаворыць усё хутчэй.
Ён згадвае, як ужо за сценамі Акрэсціна доктарка дала свой тэлефон тром асобам, якіх вывезла адтуль, і тыя паспелі паведаміць пра сябе блізкім.