«Вогненная вёска» Алеся Адамовіча
Гэты населены пункт нагадвае нявесту, якой усім раёнам збіралі добры пасаг на працягу многіх гадоў, але па нейкіх прычынах так і не выдалі замуж. Гады ідуць, сабранае псуецца і гіне. Але ўсе ж такі Глуша — патэнцыйна зорнае турыстычнае мястэчка — чакае і спадзяецца.
Музей, якога няма
Па шляху ў Глушу на трасе «Бабруйск–Слуцк» стаіць указальнік «Музей РАМЁСЛАЎ. 50 метраў». Збочваем у надзеі знайсці там усё ж такі музей рамёстваў.
У склад музея «Глушанскі хутарок» уваходзіць няшмат аб’ектаў, але тыя нямногія смела можна назваць «стойкімі сведкамі глушанскай гісторыі». Паўнавартасна працуюць толькі цэнтр рамёстваў і народны дзіцячы калектыў «Глечыкі». Толькі гэтая дзейнасць і дапамагае ўтрымліваць хаця б некаторыя будынкі ў прыстойным выглядзе, што ўсё ж такі дае нейкую надзею на аднаўленне музея.
Кіраўнік калектыву Аляксандр Арлоў з задавальненнем расказвае пра кожны закуточак глушанскіх экспанатаў. Арлоў тут і за настаўніка, і за кіраўніка, і за заўгаса, і за экскурсавода. Ён, нават не ведаючы, што мы збіраем матэрыял для артыкула, падараваў нам шмат свайго часу. Яго не цікавілі сацыяльныя статусы і імёны, яму хапіла толькі аднаго: што мы — людзі, зацікаўленыя гісторыяй сваёй краіны.
«Цяпер у музейны комплекс уваходзяць хата бедняка, ветраны млын, царква і хата багача, якую цяпер займае ганчарня. Раней яшчэ была лазня і хата лесніка, але яны з цягам часу разбурыліся», — уздыхае Аляксандр Васільевіч.
На сайце Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта таксама размяшчаюцца звесткі пра музей рамёстваў, але пад неаптымістычнай назвай «Музей, которого нет», дзе распавядаецца кароткая гісторыя пра скарачэнне фінансавання на яго падтрымку. Пасля такой інфармацыі ад «вярхоў» нейкай надзеі, шчыра кажучы, застаецца мала.
«Сваімі сіламі»
Млын, які быў пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя, прывезлі з расійскага Іванава. Увесь механізм захаваўся ў сваім першапачатковым выглядзе. Нават на некаторых бэльках засталіся выпаленыя надпісы гадоў яго існавання. Старшыня Глушанскага сельсавета Марыя Сушчэнка распавядае пра млын, як пра жывую істоту: «Шкада, канечне, што ўраган «Даніэла» адарваў яму лопасці».
Аляксандр Арлоў кажа, што на розныя святы прымацоўваюць да яго маленькія дэкаратыўныя лопасці: «А то стаіць будынак — быццам бы млын, а быццам і не. Вось так і падтрымліваем яго стан — сваімі сіламі...»
Хата бедняка XIX стагоддзя таксама знаходзіцца ў паўразбураным стане. «Калі б адрэстаўраваць гэтыя хаты, то ў іх нават і ночыць можна было б! Расійцы б прыязджалі — яны любяць такія ўмовы… Канешне, дах павінны па асобай тэхналогіі выкладаць чаротам, але мы змаглі пакрыць толькі саломай», — і, заўважыўшы тэндэнцыю, Аляксандр Васільевіч сумна ўсміхаючыся дадае: «Ну вось, неяк сваімі сіламі».
Шкада, што пры думках аб патэнцыйных наведвальніках згадваецца адразу не наш «вышыванкаваны» народ. А гэта ж наглядная гісторыя нашага жыцця ва ўсіх яе праявах!
Тэма аднаўлення музея ў пасёлку Глуша з’яўляецца актуальнай ужо на працягу трох дзясяткаў гадоў. Але, пабыўшы там аднойчы, гэта здаецца адным вялікім непаразуменнем. Лепшага адпачынку для беларуса, які шукае гармонію з сабой, з навакольным асяроддзем у сваёй краіне проста прыдумаць нельга. Але гэта той рэдкі выпадак, калі «час не пакажа».
Яшчэ адзін музей
Але не толькі тэма «закінутага музея пад адкрытым небам» з’яўляецца для Глушы балючай. Які ўжо год не рухаецца і пытанне пра будаўніцтва новага музея — музея сусветна знакамітага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча.
Алеся Адамовіча дзякавалі з трыбуны на цырымоніі Нобелеўскай прэміі, яго імя ў 2015 годзе пранеслася па ўсім Стакгольме, па ўсім свеце, яго імя ўваходзіць у сусветныя спісы лепшых пісьменнікаў. А ў Беларусі перад тым, як распавесці пра праблему музея, трэба спачатку задаць пытанне: «Ты ж ведаеш, хто такі Алесь Адамовіч?» Яго творчасць нават не ўключана ў школьную праграму.
Дарэчы ў 2017-м, 3 верасня, спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння Алеся Адамовіча. Але гэта толькі па пашпартных дадзеных. Справа ў тым, што ў ваенныя гады яго маці вымушана была выправіць дату народзінаў на адзін год і адзін месяц, зрабіўшы Аляксандра маладзейшым, каб яго не адправілі ў Германію. Таму і святкуюць дзве даты, бо невядома, як бы склаўся яго лёс, каб не спрытнасць яго маці.
Размясціць музей плануецца ў сценах былой аптэкі, будынак якой у гады вайны быў «цэнтрам падпольнага руху, актыўным удзельнікам якога быў Адамовіч», — распавядаюць мясцовыя жыхары.
Пісьменнік падрабязна апісаў гэта ў аўтабіяграфічным рамане «Вайна пад стрэхамі», па матывах якога быў зняты фільм, а Уладзімірам Высоцкім напісаны ваенныя балады — «Земля» («Кто сказал, всё сгорело дотла…»), «Сыновья уходят в бой» і іншыя.
«З дапамогай музея плануецца расказаць не толькі пра пісьменніка, але, у першую чаргу, пра людзей, якія з’яўляліся прататыпам яго кніг, пра жыхароў пасёлка ў ваенныя гады. Для Адамовіча заўсёды самым каштоўным былі людзі, і таму дачка пісьменніка Наталля, актыўна займаючыся пытаннем будаўніцтва музея, хоча, каб у гэтым месцы была старонка вялікіх людзей Глушы. Але з кожным годам зрабіць гэта становіцца ўсё цяжэй», — кажа Марыя Сушчэнка.
Пачатак без працягу
Яшчэ ў 2016 годзе ў Магілёве адбыўся круглы стол на тэму «Музей Алеся Адамовіча: супрацоўніцтва грамадскасці і ўлады», ініцыятарам якога стала журналістка газеты «Звязда» Нэлі Зігуля. Яго ўдзельнікамі былі прадстаўнікі ўлады, Таварыства беларускай мовы, мясцовыя гісторыкі, журналісты, прадстаўнікі пісьменніцкіх арганізацый. Удзельнікі вылучылі шэраг прапаноў, якія павінны паспрыяць актывізацыі збору сродкаў на стварэнне музея.
Глуша не ведае такую модную катэгорыю, як «краўдфандынг». Таму грошы спрабуюць знайсці традыцыйным чынам. Пры Бабруйскім райвыканкаме ў 2016 годзе быў адкрыты разліковы рахунак на збор сродкаў для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі музея і рэканструкцыі будынка, але за год яго існавання на ім адбыліся малаважныя зрухі. Выправіла сітуацыю нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч, якая пералічыла пяць тысяч долараў на гэты рахунак. Але трэба падкрэсліць, што пералічаных грошай хопіць толькі на распрацоўку адпаведнай дакументацыі, асноўная праца — наперадзе.
Заўважым, што менавіта Алесь Адамовіч заснаваў у Беларусі жанр, які адначасова спалучае і літаратуру, і журналістыку, у якім у далейшым і працавала Алексіевіч. Святлана Аляксандраўна часцяком называе Адамовіча сваім настаўнікам, а яе, у сваю чаргу, завуць яго паслядоўніцай.
«Ідэя стварэння музея нарадзілася яшчэ падчас пахавання пісьменніка ў 1994 годзе. Але аб пачатку актыўных дзеянняў па захаванні памяці пісьменніка можна казаць толькі пра 1996 год, калі адну з вуліц пасёлка Глуша перайменавалі ў імя Алеся Адамовіча», — распавяла дачка Адамовіча Наталля Аляксандраўна.
Дарэчы, у Беларусі існуюць толькі дзве вуліцы імя Адамовіча. Адна — у пасёлку Калодзішчы Мінскага раёна, дзе ініцыятарам выступіў кааператыў індывідуальных забудоўшчыкаў, то бок самі жыхары. Другая — у Глушы. Прычым, перайменаваннем глушанскай вуліцы ў 1996 годзе займаўся беларускі ПЭН-цэнтр, які ўзначальваў Васіль Быкаў, і Саюз пісьменнікаў на чале з Уладзімірам Някляевым.
«Канешне, правільным і сімвалічным было б назваць яго імем цэнтральную вуліцу пасёлка, дзе знаходзіцца тая аптэка, пасляваенны дом роду Адамовічаў і паварот да могілак, дзе пахаваны ўвесь наш род», — разважае Наталля Аляксандраўна. Але ўлада была ў гэтым пытанні катэгарычная, і не дазволіла перайменаваць «Кастрычніцкую». Таму імем Адамовіча названая бакавая вулачка, па якой некалі Алесь бегаў у школу.
Ці вернецца Адамовіч?
Але вось што цікава: юрыдычнае рашэнне пра стварэнне музея Алеся Адамовіча ў Глушы яшчэ нават не прынятае! І нават ужо адкрыты рахунак не гарантуе пачатку стварэння.
Яскравым доказам з’яўляецца расказаны Наталляй Аляксандраўнай дзіўны выпадак: «На «круглым стале» ў Магілёве журналістка Нэлі Зігуля перадала прысутным словы Алексіевіч, якая абяцала падтрымаць будаўніцтва музея шляхам пералічэння грошай на адпаведны рахунак у бліжэйшы час. Святлана Аляксандраўна стрымала слова, і ў канцы лістапада грошы ўжо былі пералічаныя. Але пра факт паступлення сродкаў Бабруйскі райвыканкам нікому не паведаміў, пакуль у канцы студзеня сама Зігуля не пачала дазнавацца пра гэта».
«Ведаеце, проста цяпер як ніколі трэба дзейнічаць вельмі аператыўна. Дом не абаграваўся з 1996 года. Добра, што ў свой час будаўнікі якасна і сумленна ўзвялі будынак аптэкі. За гэтыя два месяцы можна было ўжо шмат чаго зрабіць, напрыклад, правесці тэндар», — непакоіцца дачка пісьменніка.
Алесь Адамовіч у аповесці «Клуб» піша пра Глушу: «Не стоило все-таки возвращаться в поселок. Казалось, что вернувшись, что-то верну…»
А можа, калі мы яго вернем у пасёлак з дапамогай узвядзення храма душы Алеся Адамовіча, насамрэч, ён верне нам нешта калісьці страчанае для ўсяго беларускага народа?