Беларусь, якая чакае: Гарадок — таямніцы звычайнай назвы

Мы выправіліся ў гэтае падарожжа, калі надвор’е ўжо сур’ёзна папярэджвала аб хуткім пераходзе да актыўных дзеянняў па шпурлянні снегам ва ўсіх напрамках, а восень ледзь стрымлівалася ад канчатковай капітуляцыі. Напрамак сам зваліўся нам у рукі падчас размоў з сябрамі. Адна з найстарэйшых вёсак Беларусі, магчымы прытулак славутай Рагнеды перад пераездам у Заслаўе, адметны стары вадзяны млын. Маладзечанскі раён нас даўно чакаў!

Наш шлях ляжыць у вёску з вельмі звычайнай назвай, але багатай гісторыяй — Гарадок! Пакуль едзем, ля мястэчка Гердуцішкі, метраў за 100 ад аўтобуснага прыпынку з той жа назвай раптоўна заўважаем нейкія руіны ў лесе. Рэшткі старога, але досыць буйнога вадзянога млына ўражваюць грунтоўнасцю: бачна, што млын месціўся на абодвух берагах Заходняй Бярэзіны. Цікавае месца, якое амаль нідзе не пазначана, і мы вельмі спадзяемся, што чарговы гістарычны помнік дажыве да лепшых часоў.

Вырашаем паглядзець мапу і бачым, што недалёка, ля вёскі Пятроўшчына, на беразе вадасховішча месціцца яшчэ адзін вадзяны млын ХІХ стагоддзя. Гэта амаль па дарозе, таму ахвотна збочваем і праз некалькі хвілін назіраем ужо не руіны млына, але вельмі блізка да гэтага слова. Дарэчы, мясцовыя жыхары кажуць, што раней па берагах Заходняй Бярэзіны было шмат падобных будынкаў, але да сённяшняга дня ацалелі адзінкі.

Але ж час вяртацца на маршрут, і вось мы ўжо каля трэцяга (і самага прыгожага!) за сёння вадзянога млына, які сустракае кожнага, хто вырашыў завітаць у Гарадок з гэтага боку. Асабіста мне ён вельмі нагадаў будынкі ля моста да Ужупіса ў Вільні, але, магчыма, я проста сумую па іх. Кажуць, што ў 2008 годзе прыватныя асобы планавалі тут адкрыць гатэль з рэстарацыяй, але ж маем што маем. Бачна, што стары млын спрабавалі давесці да нейкага ладу, але ці то не хапіла грошай, ці то скончыўся імпэт... Але будынак вельмі цікавы і прывабны!

Трэба адзначыць, што ля млына месціцца даволі вялікая і прыгожая сажалка, якую таксама збіраліся ўпрыгожваць падчас праекта рэстарацыі і гатэля, але планы засталіся толькі планамі. А можна было б тут пабудаваць натуральна райскае месца для аматараў рыбалкі, бо, як кажуць мясцовыя рыбакі, сажалка багатая на рознага кшталту рыбу ад шчупакоў да лінёў. Так што месца тут перспектыўнае.

Царква Святой Тройцы ў цэнтры Гарадка пры ўсёй сваёй вонкавай занядбанасці досыць цікавая, па-першае, велічэзнымі валунамі навокал двара, якія больш пасавалі б да паганскага капішча, а па-другое — сваёй гісторыяй. Пабудаваная на гэтым месцы ў 1766 годзе царква згарэла падчас буйнога пажару 1865 года разам з большай часткай Гарадка, але была адбудавана наноў з цэглы ўжо ў 1874 годзе. Ад тагачаснага храма дагэтуль захаваліся толькі рэшткі варотаў. Набажэнствы ў царкве працягваліся да 1944 года, але пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яна разам з касцёлам была спалена...партызанамі. У 1992 годзе пачалося чарговае аднаўленне храма Святой Тройцы, улетку 1995 года тут ізноў пачаліся набажэнствы, але дагэтуль рэстаўрацыя цалкам не скончана.

Старыя габрэйскія могілкі ў Гарадку. Па сведчаннях гісторыкаў, да Другой сусветнай вайны большасць жыхароў вёскі складалі менавіта габрэі. Першыя пахаванні на габрэйскіх могілках датуюцца 1865 годам. Паводле даваеннага перапісу тут жыло амаль 1100 габрэяў, а пасля вайны засталося толькі 2 сям’і і тое толькі з той нагоды, што да вайны яны былі сасланы ў сталінскія лагеры, а пасля вайны вярнуліся ў родныя мясціны. У будынку былой сінагогі цяпер месціцца КСУП «Бярэзіна-аграпрадукт».

Зусім выпадкова заўважаем на электроннай мапе наяўнасць нейкага старога падмурка касцёла зусім побач. Без аніякіх пытанняў едзем і ідзём! Не ўпэўнены, але ж нам здаецца, што гэта падмурак старога касцёла Святога Яна Хрысціцеля, які быў знішчаны разам з царквой Святой Тройцы партызанамі ў 1944 годзе. Тым больш ёсць сведчанні, што ён стаяў на нейкай адлегласці ад Гарадка. Побач два адносна дагледжаныя надмагіллі святых айцоў і сучасны крыж з невялічкім сталом – відавочна, што дагэтуль зрэдку тут адбываюцца нейкія набажэнствы. 

Ну, а зараз мы наведаем тое месца, з якога заўсёды і пачынаюцца расповеды аб Гарадку, месца, з якога і пайшла гісторыя гэтага мястэчка. Першы пісьмовы ўспамін пра Гарадок датуецца 1646 годам, але няма сумневаў, што нашмат раней тут ужо віравала жыццё. Гарадзішча, цэнтрам якога быў зараз неіснуючы замак, датуецца археолагамі не пазней за ХІ стагоддзе. Існуе версія, што менавіта ў Гарадоцкім замку чакала перасялення ў Ізяслаўль знакамітая Рагнеда са сваім старэйшым сынам Ізяславам. Нягледзячы на тое, што замак не захаваўся да нашых дзён, Гарадоцкае гарадзішча здзіўляе і цяпер веліччу, памерамі і своеасаблівай сярэднявечнай аўрай. 

Наша невялікае падарожжа падыходзіць да заканчэння, бо светлавы дзень значна скараціўся. Але напрыканцы — традыцыйны шпацыр па Гарадку і наваколлі! Відавочна, працягнем ужо з надыходам зімы, а гэта значыць ужо зусім хутка!