Беларусь, якая чакае — літаратурная. На мінскай «Хвалі» Уладзіміра Сцяпана

Зборнік «Хвалі» — сапраўдны падарунак аматарам кароткіх апавяданняў і мініяцюр. Вельмі зацягвае стыль, рытм і мова пісьменніка. Чытаеш і перад вачыма яскрава і натуральна паўстаюць героі і мясціны, дзе адбываюцца падзеі.

_belarus_minsk_hvali_arka_fota_novy_czas__2__logo.jpg


Мінск — адно з улюбёных месцаў аўтара, тут ён пражыў амаль паўстагоддзя. І мы ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае» наведаем некаторыя куткі, што прыгадваюцца на старонках гэтай выдатнай кнігі.
Пачнем з месца, якое прама і ўскосна прыгадваецца на працягу амаль усёй кнігі. Былы будынак мастацкай вучэльні імя Глебава хаваецца ў двары побач з сучаснай Акадэміяй мастацтваў. Праз «трыумфальную» арку з праспекта бачны кавалачак гэтага насамрэч гістарычнага і знакавага месца для беларускага мастацтва. Зусім інакш да яго ставішся пасля знаёмства з героямі цыклу «Альбом», які ўваходзіць у склад «Хваляў». Арка на месцы, цырульня праваруч таксама, а вучэльні ўжо няма.


Адно з легендарных месцаў сталіцы, якое таксама згадваецца ў кнізе — «Малочка». Гэта потым ужо тут узніклі рэстарацыі «Узбекістон» і «Пікавая дама». А мінчукі сталага веку памятаюць кавярню «Малочная» ці проста — «Малочка». Прыгожае і даволі таннае месца ў самым цэнтры горада было вельмі папулярным у жыхароў Мінска. Цяпер, пасля шматлікіх зменаў канцэпцый і назваў, першы паверх вядомага дому ля цырка змрочна глядзіць навокал цёмнымі бруднымі вокнамі і чакае новага гаспадара. А ўвогуле гэты дом памятае шмат розных гісторый.


Вось яшчэ адное знакавае месца, якое таксама неразрыўна звязана з жыццёвым і творчым шляхам аўтара і не аднойчы прыгадваецца ў «Альбоме». Інтэрнат архітэктурна-будаўнічага тэхнікума стаў адным з прытулкаў для многіх маладзёнаў-навучэнцаў мастацкай вучэльні. Для хлопцаў і дзяўчат, што прыехалі з розных куткоў Беларусі, у той час гэта быў велічэзны будынак, амаль як цяпер хмарачосы. Ён таксама вядомы як адзін з кутоў «Бермудскага трохкутніка», але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.


Вайсковыя могілкі. Калісьці менавіта тут часта можна было ўбачыць Толіка Вераб’ёва, які зацята маляваў нават пад дажджом, але «ніводная кропля дажджу, не падала на шэрую паперу, на рукі мастака».


Той жа Толік Вераб’ёў намагаўся стварыць вялікае пано для фасаду кінатэатра «Мір». Доўгія гадзіны праводзіў упарты хлопец насупраць гэтага будынку, разглядаючы яго з розных кропак. На вялікі жаль, мы ніколі не ўбачым вынікаў ягонай творчасці. Аўтар не ведае, ці жывы ён цяпер. Вядома ж, жывы — у «Хвалях», у мініяцюры «Геній».


Здаецца, без прыгадвання гэтай вуліцы не абыходзіцца аніводная кніга, падзеі якой адбываюцца ў Мінску. Багадзельная, Феліцыянаўская, Камсамольская... Цэнтр шматлікіх падзей і месца сустрэч. А яшчэ, паводле адной з гісторый «Хваляў», недзе тут жыла натуршчыца з мастацкай вучэльні. Канешне, цяпер ужо няма таго дому, як няма нават і той Камсамольскай. Спадзяемся, што з цягам часу вар’яцкае стаўленне да гісторыі гораду таксама стане гісторыяй.


Былы ваенкамат ля плошчы Свабоды, а зараз музей мастака Савіцкага. Адсюль аўтар выпраўляўся ў армію. Адсюль ён бачыў карабель над «знявечанымі касцёльнымі вежамі. Было змрочна і шэра». Цяпер тут іншая атмасфера, але дзякуючы Уладзіміру Сцяпану досыць добра ўяўляецца той самы карабель паміж вежамі. Нават у сонечнае надвор’е.


Безумоўна, у кнізе прыгадваецца нашмат болей сталічных месцаў, многіх з якіх ужо не існуе. Мы вельмі раім нашым чытачам не абмінуць гэты выдатны зборнік апавяданняў і мініяцюр, а потым падчас шпацыру па горадзе паглядзець на вядомыя ўсім мясціны ўжо зусім іншым поглядам. Чытаем сваё!
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.