Беларусь, якая чакае — літаратурная. Штодзённыя іспыты ў школе Ганны Севярынец
Наш сённяшні літаратурны фоташпацыр па старонках кнігі «Мая школа» Ганны Севярынец. Гэта не проста зборнік апавяданняў з настаўніцкага жыцця. І не кніга пра настаўнікаў і вучняў. Гэта — кніга пра штодзённае жыццё мястэчка і яго жыхароў.
Падзеі адбываюцца ў мястэчку Чарэпіты, якіх на Беларусі нават не дзясяткі, а сотні. Кожны, хто хадзіў у школу ў райцэнтры ці проста ў невялічкім гарадку, пазнае свой родны кут амаль з першых радкоў. А ўжо школ такіх — і казаць няма аб чым.
Пры наведванні Чарэпітаў можа падасца, што тут ніколі нічога не адбываецца і адбыцца не можа. Шмат жыхароў зранку едзе ў буйны горад побач на працу, іншыя працуюць недалёка на заводзе, адзінкі павольна кіруюцца ў краму. Увечары хатнія клопаты, а там ужо і час класціся спаць. Але гэта вонкавае і памылковае меркаванне. Так, менавіта па гэтых сцежках крочылі і крочаць прыгожая Караліна Мотуз і хуліганісты Слава Чапля, сціплы самотны Косцік і чэмпіёнкі Оля з Машай. Не зважаючы на лужыны, прабіраецца да школы картэж высокіх гасцей з «вобласці». Наташы, Марынкі, Нікіты, Лёшкі...
Пра што ўвогуле «Мая школа»? Яна пра дзяцей, у першую чаргу. Зусім малых і амаль дарослых, але ж пакуль дзяцей. Яна таксама і пра зусім дарослых, але ж таксама дзяцей. Яна пра тое, якімі павінны быць дзяцінства і юнацтва і якімі можа зрабіць іх школа. Пра каштоўнасць кожнага чалавека, а малога чалавека — тым больш.
«Мая школа» пра дарослых. Ну, як дарослых... Пра настаўнікаў, дырэктараў, людзей, без якіх, як здаецца, адукацыя наўпрост не можа існаваць. Пра тое, што існуе «журнальная» асадка, конкурс «Цыцэронаў» і як па грукаце абцасаў дырэктара па калідоры вызначыць сваю будучыню на бліжэйшыя некалькі месяцаў. А яшчэ пра тое, як дарослы чалавек можа быць сапраўдным сябрам, ратавальнікам і настаўнікам. І якім жорсткім і бязлітасным ён часцей за ўсё бывае.
Таксама яна пра тое, што «школа» не сканчаецца з апошнім званком. Заканчэнне «хабзы» ці ўніверсітэта зусім не гарантуе салодкага і бясклопатнага жыцця. Памятаеце, як у школе мы зайздросцілі дарослым: «Схадзіў на працу і ўсё! Ніякіх клопатаў, «дамашак», кантрольных! Хутчэй бы!». І як дарослымі мы зайздросцім школьнікам... Хаця, не. Зараз мы ім зусім не зайздросцім.
Кожны дзень мы здаём экзамен на чалавечнасць і гонар. Робім працу над памылкамі, шукаем дабра і справядлівасці ў шматлікіх задачах, даказваем тэарэмы і ператвараем іх у аксіёмы аб сваёй годнасці і праве «людзьмі звацца». А нашыя дзеці глядзяць на нас, і ў нейкі момант мы мяняемся месцамі. І вось ужо яны — нашыя самыя строгія і бязлітасныя экзаменатары. Бо ў тым, што мы зараз пабудуем — ім жыць...
«Мая школа» пра тое, без чаго школа пераўтвараецца ва «ўстанову адукацыі». Можна бясконца казаць аб недахопах і «перагібах», памылках і недарэчнасцях, але лічаныя адзінкі могуць дакладна сказаць і зрабіць «як трэба». Аўтарка кнігі Ганна Севярынец якраз такі чалавек, і менавіта «Мая школа», а не чарговыя «дадаткі да метадычных рэкамендацый» павінна быць настольнай кнігай настаўніка. Ды што там казаць, гэта кніга для кожнага сумленнага чалавека, які жыве не толькі сённяшнім днём.