«Мова — гэта зброя на паражэнне». Трапныя выказванні забітай змагаркі за свабоду Украіны Ірыны Фарыён

У кожнага народа ёсць прадстаўнікі, якім наканавана пры жыцці насіць званне радыкалаў, маргіналаў, палітычных фрыкаў. І толькі пасля смерці такім людзям урэшце ўдаецца дагрукацца да сэрцаў суайчыннікаў. Толькі тады іх словы пачынаюць гучаць у поўную моц, а тых, хто іх прамовіў, клічуць ужо героямі і прарокамі. Ва Украіне гэта адбылося з мовазнаўцай, грамадскай і палітычнай дзяячкай Ірынай Фарыён. Звернемся да яе словаў, надзвычай актуальных для беларусаў. 

Ірына Фарыён

Ірына Фарыён

Ірына Фарыён — украінская мовазнаўца, доктарка філалагічных навук, прафесарка, народная дэпутатка Украіны 7-га склікання (2012-2014), старшыня падкамітэта па пытаннях вышэйшай адукацыі Камітэта Вярхоўнай Рады Украіны па навуцы і адукацыі (2013), публіцыстка. Усё сваё жыццё яна прысвяціла абароне роднай мовы. 19 ліпеня 2024 года спадарыня Ірына была забітая ў родным Львове. Гэтае забойства называюць «стрэлам ва Украіну», «стрэлам у кожнага ўкраінскага патрыёта». Ірына Фарыён пакінула гэты свет ва ўзросце 60 гадоў. 

Пра асабісты шлях да ўкраінскай мовы

«У мяне быў абсалютна, цалкам украінскамоўны асяродак. Я наагул не ўяўляла сабе, як можна жыць у краіне, якая называецца Украіна — і ў гэтай краіне можа гучаць нейкая іншая мова. Гэта было для мяне абсалютным дзікунствам, ненатуральнасцю.Гэта вынікала з культывавання мовы дома. Мама працавала ў бібліятэцы і тонамі прыносіла мне чытаць кніжкі. Збольшага гэта была перакладная літаратура. І ўся гэтая перакладная літаратура, вядома ж, была па-украінску.

Не ўяўляю, што я чытала б Джэка Лондана, скажам, у нейкім іншым перакладзе ці нават у арыгінале, калі была маленькай.

Гэта па-першае. Па-другое, у мяне быў старэйшы брат, які быў вельмі актыўным правадніком уласна тых нацыянальных кірункаў, які таксама карыстаўся выключна ўкраінскай мовай. І для яго было шокам, калі ён скончыў «Львоўскую палітэхніку» і атрымаў размеркаванне ў Харкаў, здаецца, на танкавы завод.

І там ён сутыкнуўся з нашай найбольшай катастрофай — «русскоязычием».

Гэта адразу дадало яму яшчэ больш моцы супрацьстаяць гэтай ненатуральнасці».

Пра неабходнасць размаўляць па-украінску

«Размаўляць па-украінску — значыць, панаваць. Гэта значыць, мець сваю гармату. Гэта значыць, ачольваць дальнабойную артылерыю. Гэта значыць, жыць у непрыступнай крэпасці. Гэта значыць, ні ад каго не залежаць. Гэта значыць, акрэсліць вакол сябе чароўнае кола, праз якое ніхто не пераступіць.

Чаму? Таму што гэта мой спосаб мыслення, а ў мой спосаб мыслення не можа зазірнуць ніхто, акрамя мяне самой. Такім чынам, з дапамогаю мовы я выяўляю сваю непаўторнасць. Гэта мая непаўторнасць, і кожны нармальны чалавек хоча быць непаўторным. Калі вы бачыце спадарыню, якая ідзе ў такой самай сукенцы, як вы, вы дакладна схаваецеся ў якую-небудзь краму, каб не атаясамлівацца з ёй. Гэтак сама і з мовай. З аднаго боку — яна мяне ад усіх адасабляе, з іншага — аб'ядноўвае мяне з тымі, хто такі ж, як я. Такім чынам, мова — гэта асноўны ідэнтыфікатар кроўнага сваяцтва».

Ірына Фарыён. Фота УНІАН

Ірына Фарыён. Фота УНІАН

Пра суайчыннікаў, які не размаўляюць на роднай мове

 «Мову не ведаюць альбо палітычна заангажаваныя, альбо разумова адсталыя. Дык у якой вы сістэме каардынат?» (2012, у звароце да прэм'ер-міністра Мікалая Азарава, які размаўляў па-руску).

«Я думаю, гэта на стадыі псіхалагічнага захворвання. Такім людзям патрэбная не толькі філалагічная дапамога, такім людзям патрэбная і псіхалагічная дапамога.

Гэта нейкі ўнутраны пратэст ад уласнага бяссілля. Гэта прыкмета бязвольнасці. Прыкмета бяссілля. Прыкмета другаснасці. Мне здаецца, усе, якія сёння яшчэ размаўляюць маскоўскай мовай — гэта яскравы прыклад поўнай і абсалютнай маргіналізацыі грамадства.

Гэта тыя, хто застанецца па-за асноўным шляхам Украіны. Гэта як прыехаць, скажам, у Польшчу, жыць там і не жадаць размаўляць па-польску. Польскае грамадства, якое надзвычай здаровае, патрыятычнае, недзе нават шавіністычнае, адразу ж такога чалавека выкіне са свайго грамадства. І гэты чалавек не будзе рухацца па іерархіі. Украінскае грамадства, нягледзячы на вайну, яшчэ не мае такой унутранай моцы, каб тых людзей, якія, не будзем казаць не шануюць мовы сваёй зямлі, з імі ня варта размаўляць такімі катэгорыямі, яны гэтага не зразумеюць, яны жывуць у гэтым замкнёным, прымітыўным свеце.

Ім трэба проста не даваць сацыяльнага росту. Адукацыю — не атрымліваць, працу — не атрымліваць.

Так, як гэта робіцца за мяжой. Прыехалі зараз у Фінляндыю, хочаце там жыць, нават калі вы перасяленцы? Калі ласка, вучыце нашую мову — тады атрымаеце. Гэтак сама трэба паводзіць сябе з такімі людзьмі».

3813251.jpg

Пра сялянскую прыроду ўкраінскай мовы

«Маскавіты, якія завярбоўвалі нас, пачынаючы з другой паловы XVII стагоддзя, вельмі добра разумелі, што самы трывалы, самы натуральны, самы глыбокі, самы грунтоўны элемент украінскага светапогляду — гэта селянін. Таму што ён апрацоўвае зямлю, і ён дае нам ежу, але ён не проста апрацоўвае зямлю і дае нам есці, ён вызнае нашыя высокія ўкраінскі ідэалы. Ён разумее, што такое свая зямля. Так, як гэта разумеў англійскі селянін, які ўратаваў англійскую верхавіну ад французскага зняволення. 

Таму маскалі разумелі: каб знішчыць украінцаў — трэба знішчыць сялянства, як грунт украінскай культуры. А каб нешта знішчыць — трэба яго прынізіць, трэба яго апусціць, трэба яго сапсаваць. Якім чынам пачалося знішчэнне сялянства? Іншым чынам, чым праз галадамор, гэта зрабіць было немагчыма.

Такім чынам асноўнага носьбіта ўкраінскай мовы знішчылі праз голад. А тых, хто застаўся жывы, набылі праз сацыяльныя прэферэнцыі. Яны, вядома ж, уцяклі з сяла, таму што там быў голад, і яны апынуліся ў горадзе. І так атрымалася гэтае абсалютна алагічнае, бязглуздае супрацьпастаўленне горада і сяла. Але, без сумневаў, сяло — калыска якой-кольвек цывілізацыі. 

Хто паддаўся на такі пасыл? Слабыя вельмі людзі. Я не ўяўляю сабе, каб мая мама ці мой тата камплексавалі праз тое, што яны з сяла. Ніколі ў іх гэтага не было. Наадварот — шалёны гонар ад таго, што ты гаспадар». 

«Самае галоўнае — гэта быць нацыяй-эгаістам»

«Усё залежыць ад нас. Ад нашага спосаба мыслення. Ці здолеем мы вярнуць сабе інстынк вось гэтага глабальнага і лакальнага эга? Калі мы нарэшце зразумеем, што самае галоўнае — гэта быць нацыяй-эгаістам. Таму што кожная нацыя адстойвае свае зацікаўленасці. Амерыканцы ў гэтай вайне маюць свае зацікаўленасці, кітайцы — свае, Вялікабрытанія — свае, палякі, якія не хочуць, каб нашыя сельскагарпадарчыя вырабы прадавалі ў іх на рынку, маюць свае зацікаўленасці.  А мы жылі ў такім расхрыстаным стане, што ўвесь час лічыліся з чужой мовай і таму хадзілі чужымі дарогамі». 

«Маскоўская мова завядзе ў смерць»

«Маскоўская мова ва Украіне волю не дасць. Яна завядзе ў смерць. Яна завядзе ў няволю. Яна завядзе ў катастрофу. І мы атрымалі гэтую вайну менавіта праз тое, што Пуцін маў моўнае і сацыяльнае абгрунтаванне для таго, каб сюды зайсці».