Андрэй Паротнікаў: Для Расіі месца ў пасляваеннай Еўропе можа не аказацца

Эксперт па бяспецы, кіраўнік праекта «Belarus Security Blog» канстатуе істотную змену «лідзіруючых пазіцый» на Захадзе. Па яго меркаванні, мінулы год паказаў важную ролю ў ЕС нашых бліжэйшых суседзяў, з якімі нам потым прыйдзецца дамаўляцца.

porotnikov01_39f91c882cb266c5c8f07320dce47f38e9afab31.jpg


— На Захадзе, асабліва ў ЗША, да вайны была асцярога: маўляў, калі занадта моцна ціснуць на Крэмль з-за Украіны, то Расія павернецца ў бок Кітая і сфарміруе з ім саюз, узмацніўшы Пекін, які і з'яўляецца асноўным супернікам ЗША. Вайна паказала, што гэтая здагадка была памылковая, — кажа аналітык. — Мы прывыклі лічыць, што ў Расіі ідэалагічны рэжым, у Кітаі — камуністы, таму яны таксама ідэалагічна матываваныя, не любяць Захад і могуць аб'яднацца адзін з адным на антызаходняй глебе.

Але вось на практыцы сітуацыя выйшла адваротнай: гэта ЗША і Еўропа аказаліся ідэалагічна матываванымі, разам з Расіяй. А Кітай — вельмі рацыянальным, і дзейнічае ён вельмі асцярожна.

У Кітаі, вядома, ва ўладзе камуністы, але гэта не «чыстыя» камуністы, гэта камуністы-бухгалтары. Іх партбілет ляжыць глыбока ў кішэні, а калькулятар — перад вачыма. Свой вельмі выразны інтарэс яны ў стане пралічыць і рэалізаваць.

Андрэй Паротнікаў нагадвае: пасля ўвядзення заходніх санкцый супраць РФ было шмат размоў пра магчымасці іх абыходу праз Кітай. Але праз амаль год няма сведчанняў таго, каб кітайскі ўрад на дзяржаўным узроўні садзейнічаў абыходу заходніх абмежаванняў — наадварот, «Кітай вельмі акуратна выконвае ўсе заходнія і асабліва амерыканскія санкцыі ў дачыненні да РФ».

— З чым гэта звязана? Справа ў тым, што Кітай — гэта экспартаарыентаваная эканоміка, і перавышэнне экспарту над імпартам дасягае сотняў мільярдаў долараў кожны год, ад $370 да больш як $600 мільярдаў долараў. І 90% гэтага прафіцыту ўтвараецца за кошт экспарту ў ЗША і краіны Заходняй Еўропы. Гэта значыць, кітайцы не супернічаюць з Захадам, а зарабляюць на Захадзе і накіроўваюць гэтыя грошы для вырашэння сваіх унутраных праблем.

Такім чынам, Кітай на практыцы прадэманстраваў, што можа не згаджацца з Захадам на ўзроўні палітычных заяў, але не будзе прадпрымаць ніякіх крокаў, якія маглі б прывесці да краху Захаду, бо гэта будзе азначаць выбух унутры самога Кітая. І далей гэтая краіна будзе дзейнічаць, абапіраючыся на свае эканамічныя інтарэсы.

Больш таго, у бягучай сітуацыі паражэнне Расіі хутчэй нават у інтарэсах Кітая. Апынуўшыся ізаляванай з боку Захаду, РФ трапляе ў сур'ёзную тэхналагічную і эканамічную залежнасць ад Пекіна, і, адпаведна, становіцца новай дадатковай крыніцай эканамічных магчымасцей для КНР.

Другім важным урокам мінулага года, на думку Андрэя Паротнікава, стала высокая эфектыўнасць знешняй палітыкі цэнтральнаеўрапейскіх краін ЕС і NATO — Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі, Славакіі, Румыніі.

— Мы прывыклі лічыць гэтыя краіны маленькімі, якія мала на што ўплываюць, таму часта можна было пачуць і ў Беларусі, і ў Расіі, што галоўнае — дамовіцца з Берлінам, Парыжам, Бруселем, Вашынгтонам, пасля чаго Варшава, Вільня або Прага «возьмуць пад казырок» і будуць выконваць тое, што вырашаць «дарослыя».

Аказалася — не. Гэтыя краіны ў стане прасоўваць сваё бачанне сітуацыі і свае правілы гульні для ўсяго Захаду. У 2022 годзе былыя сацыялістычныя краіны аказаліся той самай шыяй, якая круціла галавой «калектыўнага Захаду».

Напрыклад, нагадвае эксперт па бяспецы, яшчэ ў самым пачатку вайны і Варшава, і Вільня актыўна выступілі за перадачу Украіне цяжкай бранятэхнікі, а Польшча адной з першых паставіла танкі (увогуле больш за 250 адзінак), змушаючы і Германію паспяшацца з прыняццем аналагічнага рашэння.

— У нейкі момант былым сацкраінам удалося праламаць гэтую сцяну «старога Захаду». Цяпер ужо практычна вырашана пытанне аб перадачы танкаў, паступілі на ўзбраенне зенітна-ракетныя комплексы, у тым ліку Украіна атрымае мінімум два ЗРК «Patriot».

Яшчэ ў пачатку снежня немцы адказалі катэгарычнай адмовай, а 6 студзеня паведамілі, што ў бліжэйшы час перададуць комплексы «Patriot» Кіеву.

І гэта вельмі цікавы ўрок, які дэманструе неабходнасць сур'ёзна ўспрымаць усе краіны Захаду, а не толькі буйныя.

Мы ўбачылі ў 2022 годзе, што знешняя палітыка былых сацкраін унутры заходніх альянсаў дазваляе прасоўваць іх пазіцыі, а дзе-нідзе, магчыма, нават навязваць іх больш буйным партнёрам па ЕС і NATO.

Любое паляпшэнне адносін Беларусі з Захадам, Расіі з Захадам, робіць выснову аналітык, немагчыма без паляпшэння адносін з суседнімі постсацыялістычнымі краінамі-членамі ЕС і NATO.

— Малаверагодна, што атрымаецца дзейнічаць наўпрост праз галаву Варшавы, Вільні, Рыгі. Каб наладзіць адносіны з Германіяй ці Францыяй, спачатку прыйдзецца наладжваць іх з Літвой і Польшчай.

Разважаючы пра перспектывы пасляваеннага ўладкавання Еўропы, Андрэй Паротнікаў падкрэслівае, што рана ці позна паўстане пытанне аб арганізацыі новай сістэмы рэгіянальнай бяспекі. А яна цалкам можа ўзнікнуць без Расіі.

— Цяпер вельмі актыўна з боку польскіх і балтыйскіх экспертаў прасоўваецца ідэя, што сістэма бяспекі павінна заключацца ў тым, каб засцерагчыся ад Расіі — ізаляваць яе, выключыць з Еўропы. Маўляў, калі рускія хочуць павярнуцца на ўсход, то няхай паварочваюцца — і «давай, да пабачэння», а ўсе еўрапейскія пытанні будуць вырашацца NATO, Турцыяй, краінамі Заходніх Балканаў, Малдовай, Украінай плюс краінамі Паўднёвага Каўказа.

Для Расіі месца ў пасляваеннай Еўропе можа не аказацца.

Паводле «Салідарнасці», пераклад «НЧ»