Арцём Шрайбман: Лукашэнка адкрыта кажа, што дзейнічае ў адпаведнасці з так званай тэорыяй вар'ята

Расія пачала першы этап вучэнняў па ўжыванні тактычнай ядзернай зброі. Беларусь далучыцца на другім этапе. Чаму Лукашэнка вырашыў у гэтым удзельнічаць? Ён рыхтуецца да вайны?

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__14_.jpg

Чаму Аляксандр Лукашэнка вырашыў удзельнічаць у ядзерных вучэннях Расіі? Пра гэта разважае палітычны аналітык Арцём Шрайбман на «Люстэрку».

— Стратэгія выжывання Лукашэнкі ў апошнія гады — гэта прадастаўляць Расіі ўсе магчымыя бяспечныя для яго паслугі, каб паказваць сваю значнасць і незаменнасць.

Прыкладна ў 2023 годзе фармат выкарыстання Беларусі ў канфрантацыі Расіі з Захадам змяніўся. Калі раней наша краіна была проста плацдармам для наступу і абстрэлаў Украіны, то затым функцыі, якія пачаў на сябе браць Мінск, сталі больш стратэгічнымі. Замест таго, каб даваць свае аэрадромы або казармы, беларускія ўлады сталі дапамагаць Маскве пасылаць пагрозлівыя сігналы на Захад.

Так было і ў часы меркаванага размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі, і пасля размяшчэння лагера вагнераўцаў, калі Лукашэнка палохаў суседзяў тым, што найміты пойдуць з экскурсіямі ў іх гарады.

Цяпер Мінск далучаецца да ядзерных вучэнняў Расіі якраз у той момант, калі Масква наважыла выкарыстоўваць гэтае мерапрыемства для адказу NATO на рыторыку аб магчымым размяшчэнні заходніх вайскоўцаў ва Украіне.

Лукашэнка выдатна разумее, што стрымліванне Захаду, каб ён не даў Украіне перамагчы, проста цяпер — гэта галоўны прыярытэт Пуціна. Дапамагаючы ў гэтым, Лукашэнка хоча ў першую чаргу быць карысным хаўрусніку, каб неяк потым манетызаваць гэтую дапамогу у іншых фарматах.

Таму я не шукаў бы тут нейкага больш злавеснага падвойнага дна накшталт падрыхтоўкі да сапраўднай вайны. Зразумела, у выпадку рэальнага ваеннага канфлікту Расіі і NATO Беларусь будзе ў яго ўцягнутая як мінімум як тэатр ваенных дзеянняў. Але цяжка сабе ўявіць, што Пуцін будзе дэлегаваць беларускім ракетчыкам або лётчыкам нанясенне тактычных ядзерных удараў, калі ў яго ёсць свае войскі.

І ўжо тым больш малаверагодна, што Пуцін ужо цяпер паставіў Лукашэнку ў вядомасць аб такіх планах і што цяпер Мінску трэба рыхтавацца гуляць сваю ролю. Таму пакуль мы гаворым пераважна аб дэманстрацыйных жэстах, і Мінск заўсёды рады ў гэтым паўдзельнічаць.

Лукашэнка, дарэчы, упершыню адкрыта намякнуў, што дзейнічае ў адпаведнасці з так званай тэорыяй вар'ята, фармуляванне якой часта прыпісваюць былому прэзідэнту ЗША Рычарду Ніксану. Размаўляючы з прапагандыстамі ў Мінску пасля Дня Перамогі, Лукашэнка заявіў, што Захад збольшага мае рацыю, калі лічыць, што Лукашэнка дурны і ў яго няма чырвоных ліній. Гэта значыць, Мінск хоча пераканаць свет, што ў выпадку чаго рука не здрыганецца — і пры першай жа агрэсіўнай правакацыі ядзерныя ракеты могуць паляцець у сталіцы суседніх заходніх краін.

І гэта таксама можна разглядаць як паслугу Расіі ў справе стрымлівання NATO. Разлік тут на тое, каб стварыць некамфортны для Захаду ўзровень нявызначанасці. Тут мала таго, што Пуцін пагражае ядзернай зброяй, дык яшчэ ў яго ёсць мала кантраляваны саюзнік, які ў выпадку чаго можа сам націснуць на кнопку. І таму з гэтымі двума лепш наогул не звязвацца.