Пуцін знішчыў любую, нават тэарэтычна магчымую форму кампрамісу
Арцём Шрайбман лічыць абвяшчэнне Пуціным «сваімі» ўкраінскіх тэрыторый, якія ён нават цалкам не кантралюе, «кропкай незвароту» менавіта для Пуціна. Бо цяпер няма шляхоў да міру, апроч як змена ўлады ў Крамлі.
Рашэнне Масквы анексаваць чатыры ўкраінскія рэгіёны ўнікальнае хаця б таму, што гэта, верагодна, першы ў гісторыі выпадак абвяшчэння сваімі тых тэрыторый, якія ты не толькі не акупаваў, але і губляеш прама ў той момант, калі аб'яўляеш іх сваімі, піша эксперт у калонцы для «З*ркало».
Логіка тут немудрагелістая — правесці чырвоную рысу, прыгразіць усім апанентам: альбо вы здаяцеся, альбо ядзерная вайна. Выбірайце — ганьба або смерць.
Але справа ў тым, што колькі б Пуцін ні паўтараў пра «гэта не блеф», у яго няма шляху гэта даказаць, акрамя як сапраўды пачаць ядзерныя ўдары. Да гэтага моманту дастатковая колькасць людзей на Захадзе і ва Украіне будзе сумнявацца ў сур'ёзнасці яго намераў і ў тым, што Расія на ўсіх узроўнях прыняцця і выканання рашэнняў здольная пачаць ядзерны Армагедон.
Цікава яшчэ і тое, што гэтыя пагрозы могуць спрацаваць, калі на другім баку ёсць людзі, якія тэарэтычна гатовыя саступіць. І такіх людзей, палітыкаў і цэлых дзяржаў, нямала ў Еўропе і не толькі ў ёй.
Мала каму на Захадзе наогул хочацца паміраць за Херсон або Ліман, унутры заходніх эліт ёсць людзі больш і менш прынцыповыя, больш і менш занепакоеныя сваімі бізнес-інтарэсамі, больш і менш успрымальныя да пазіцыі Масквы наконт натуральных сфер інтарэсаў вялікіх дзяржаў.
З самага пачатку вайны Захад падзелены на ўмоўную «партыю перамогі» і «партыю міру». Першыя лічаць, што з Расіяй немагчыма дамаўляцца, яна ўсё роўна падмане, і таму яе трэба перамагаць. Другія лічаць, што перамагчы Расію немагчыма, таму з ёй прыйдзецца дамаўляцца.
З гэтага базавага разыходжання ў ацэнках (або страхах) выцякаюць розныя рэцэпты. Даваць Украіне вельмі шмат зброі або столькі, колькі трэба, каб фронт не пасыпаўся. Шукаць нейкія шляхі для Пуціна захаваць твар альбо не думаць пра яго душэўныя пакуты, працуючы толькі на перамогу Украіны. Адключацца ад Расіі ў энергетыцы цалкам або «ну навошта гэта трэба, усё роўна будзе калісьці мір і зноў будзем купляць газ».
Пазіцыі абедзвюх партый мяняліся па ходзе вайны ў бок узмацнення жорсткасці. Зверствы расійскіх войскаў, абстрэлы вакзалаў, тэатраў, радзільняў і калон бежанцаў, газавы шантаж, масавыя дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей — усё гэта радыкалізуе «партыю перамогі» і адразае магчымасці лавіраваць для «партыі міру», таму што робіць ідэі дыялогу з Пуціным таксічнымі ў вачах заходняга выбаршчыка і медыя.
У выніку і сярэдняя пазіцыя Захаду таксама зрушваецца ўслед за гэтымі дзвюма партыямі — адсюль мы бачым больш санкцый і больш зброі Украіне, хоць і гэтага заўсёды мала. Але нягледзячы на гэты дрэйф у больш непрымірымы бок, дзве партыі ўсё роўна застаюцца, таму што застаецца базавае адрозненне ва ўспрыманні па лініях «з Расіяй нельга дамовіцца» або «Расію нельга перамагчы».
Што Пуцін зрабіў сваёй анексіяй? Ён запісвае ў Канстытуцыю Расіі тое, што яшчэ чатыры ўкраінскія вобласці ўслед за Крымам забаронена ставіць на стол перамоў. Сам ён паўторна Канстытуцыю назад не адкруціць, гэта зразумела. Але і шанцаў адваяваць не тое што Запарожжа, але і ўвесь Данбас у яго ўсё менш і менш.
Для Заходняй «партыі перамогі» тут не асабліва нешта змянілася. Як трэба было перамагаць Расію на полі бою, так і трэба прадаўжаць гэта рабіць. Проста цяпер у галаве трэба трымаць і неабходнасць змены ўлады ў Расіі, таму што толькі новы Крэмль будзе здольны адкруціць назад тое, што зрабіў Пуцін 30 верасня 2022 года.
Вам трэба прапанаваць Украіне перастаць вызваляць яе ж землі? А заадно і сысці з тых сваіх тэрыторый, якія Пуцін запісвае ў Канстытуцыю РФ? Здаць гарады, дзе расійскага войска і не было ніколі? Якія тэрыторыі ён папросіць Украіну вызваліць заўтра? Ці вам трэба прапанаваць Пуціну прыніжацца і адмяняць праўкі ў сваю канстытуцыю?
І тое, і другое — абсалютны абсурд. Пуцін знішчыў любую, нават тэарэтычна магчымую форму кампрамісу пры ўмове, што ён застаецца ў Крамлі. Нават пасля яго для любой расійскай улады гэта будзе зрабіць вельмі праблемна, але для Пуціна асабіста такога варыянта больш няма. Для Кіева ж адступленне яшчэ больш недарэчнае і палітычна несумяшчальнае з жыццём для любога прэзідэнта.
Зразумела, ідэолагі «партыі міру» не змогуць сказаць гэтага ўслых, але і прапанаваць ім цяпер няма чаго, і ў выніку яны проста стануць нашмат цішэй. Задраўшы стаўкі да мяжы, Пуцін пазбавіў сябе патэнцыйных хаўруснікаў на Захадзе, бо не пакінуў ім аргументаў.
У такой сітуацыі не можа спрацаваць ні газавы, ні, хутчэй за ўсё, нават ядзерны шантаж. Не будзе каму сказаць «прытармазіце, хлопцы, нам трэба саступіць Пуціну», таму што поля для кампрамісу ён нікому не пакінуў. Цяпер вайна будзе ісці да чыёйсьці перамогі, але рэсурсаў для яе ў Расіі несувымерна менш, чым у Украіны і яе саюзнікаў.
Наступны этап — пранікненне ідэі аб тым, што дамовіцца не атрымаецца, у розумы расійскай кіруючай эліты. Што яна зробіць з гэтым веданнем, я не знаю. Але нешта падказвае, што не ўсе людзі там змірыліся з неабходнасцю пахаваць сябе, сваю краіну і ўвесь свет дзеля гістарычнай місіі, якую Пуцін убачыў у сваім існаванні на старасці гадоў.