Барацьба за захаванне традыцыйных каштоўнасцяў у інтэр’еры «спецаперацыі»

Гісторыя, нібы цыркавы конь, любіць бегаць па крузе. Прыгадаем знакамітае: «Жыць стала лепей, жыць стала весялей!». Таварыш Сталін не памыліўся. На календары быў лістапад 1935-га. Старонку Галадамору, які забраў 7 мільёнаў жыццяў, савецкая ўлада паспяхова перагарнула, а да загаду НКУС № 00447, які даў старт Вялікаму тэрору, заставалася яшчэ два гады. Чаму б і не павесяліцца?

nz5dxw.jpg


«Жыццё стала значна больш яркім, маляўнічым, цікавым. І, падобна, у бліжэйшыя гады яно будзе яшчэ больш цікавым», — абвясціў 10 лістапада гораду і свету, нібы пераймаючы найлепшага сябра фізкультурнікаў, кіраўнік Ашчадбанка Герман Грэф на арганізаваным Цэнтральным банкам Расіі форуме «Финополис».
Чаму б і не? Днямі міністр абароны РФ Сяргей Шайгу загадаў адвесці расійскія войскі на левы бераг Дняпра — пагадзіўся з аргументамі свайго цёзкі, камандуючага групоўкай на Украіне генерала арміі Сяргея Суравікіна наконт бесперспектыўнасці ўтрымання правага берага.
Страта перспектывы абышлася Расіі ў 100 тысяч вайскоўцаў забітымі і параненымі. Пра гэта заявіў старшыня Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША генерал Марк Мілі. Паводле яго слоў, падчас вайны былі забітыя каля 40 тысяч мірных жыхароў Украіны, ад 15 да 30 мільёнаў сталі бежанцамі, а страты ўкраінскай арміі параўнальныя з расійскімі — а значыць, таксама склалі каля 100 тысяч.
Ісціна пазнаецца ў параўнанні. Згодна з заявай прэс-службы Апарата ўпаўнаважанага па правах чалавека так званай Данецкай Народнай Рэспублікі, у 2021 годзе ў ДНР загінулі 70 вайскоўцаў і 7 мірных жыхароў, пацярпелі 97 вайскоўцаў і 32 цывільныя асобы.
Паводле заявы прадстаўніцтва ЛНР у Сумесным цэнтры кантролю і каардынацыі рэжыму спынення агню, у 2021 годзе ў ЛНР загінулі 20 вайскоўцаў і 1 мірны жыхар, параненыя 8 вайскоўцаў і 13 мірных жыхароў.Растлумачыць такую статыстыку нічым іншым, акрамя агрэсіўных спробаў Захаду «навязаць іншым краінам мадэлі паводзінаў, пазбавіць іх суверэнітэту і падпарадкаваць сваёй волі», зразумела, нельга. Што Уладзімір Пуцін і зрабіў падчас выступу на Усходнім эканамічным форуме ва Уладзівастоку 7 верасня.

Указ № 809

Сумнявацца наконт магчымасці надыходу яшчэ больш цікавага жыцця ў бліжэйшыя гады не даводзіцца. На думку палітолага Абаса Галямава, дэпутаты Дзярждумы ў гэтым напрамку працуюць не пакладаючы рук: «Ва ўсім свеце для кантролю за якасцю працы выканаўчай улады выкарыстоўваецца інстытут парламента. Гэта наогул адна з асноўных яго функцый. Расійскім дэпутатам, аднак, няма калі. Яны занятыя больш важнымі справамі: напрыклад, цяпер — прама ў тыя самыя дні, калі айчынныя ваенныя зліваюць ворагу старажытны расійскі горад Херсон, — дэпутаты ўносяць у Дзярждуму законапраект, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за паўторную прапаганду ЛГБТ».
Скажы мне, якія ў цябе прыярытэты, і я скажу — хто ты. Гібель сотняў тысяч прадстаўнікоў «адзінага народа» дэпутатаў-думцаў не хвалюе. На парадку дня — барацьба за захаванне традыцыйных каштоўнасцяў.
У дапамогу заканадаўцам падаспеў і Указ № 809 «Аб зацвярджэнні Асноў дзяржаўнай палітыкі па захаванні і ўмацаванні традыцыйных расійскіх духоўна-маральных каштоўнасцяў».
Іх пералік прыводзіцца ў пункце 5: «Жыццё, годнасць, правы і свабоды чалавека, патрыятызм, грамадзянскасць, служэнне Айчыне, высокія маральныя ідэалы, моцная сям’я, стваральная праца, прыярытэты духоўнага над матэрыяльным, гуманізм, міласэрнасць, справядлівасць, калектывізм, узаемадапамога і ўзаемапавага, гістарычная памяць і пераемнасць пакаленняў, адзінства народаў Расіі».
Кожны пункт пераліку варты асобнага каментару. Шкада, што фармат артыкула такой магчымасці не дае. Аднак жыццё як духоўна-маральная каштоўнасць была разгледжаная вышэй на прыкладзе статыстыкі ад генерала Марка Мілі.
Наконт прыярытэту духоўнага над матэрыяльным расіянам у свой час многае распавёў Аляксей Навальны і яго Фонд барацьбы з карупцыяй. На сённяшні дзень, калі меркаваць па тым, дзе знаходзіцца галоўны змагар з карупцыяй у Расіі, тэма закрытая. Духоўнае ўзнялося над матэрыяльным канчаткова і беспаваротна.Невялікая рэмарка пра ўзаемадапамогу.
Губернатар Разанскай вобласці Павел Малкаў днямі выступіў з ініцыятывай задзейнічаць мясцовых спецыялістаў у аднаўленні Марыупаля, што быў незразумела кім і калі разбураны.
Жыхары Разані аператыўна адгукнуліся. Абмяжуюся адным каментаром, які пакінулі ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» на старонцы губернатара: «Мы нават сабе дапамагчы не можам: горад — суцэльная памыйніца, разваліны і смурод».

Адзіны шанец для абнаўлення

І тым не менш пераможнае шэсце духоўна-маральных каштоўнасцяў па адной дзявятай частцы сушы не спыніць. Але ж ёсць адна-адзіная хмарка на гарызонце вясёлкавых перспектыў. Сёння нават спецыялісты не могуць адказаць на пытанне: «Што абрынецца раней — пуцінізм ці Расія?»
Калі зыходзіць з максімы: «Ёсць Пуцін — ёсць Расія, няма Пуціна — няма Расіі», то абодва абвальванні павінны адбыцца адначасова, а да руйнавання імперыі расіянам не прызвычайвацца. Яе савецкі варыянт «зліняў у тры дні» ў 1991 годзе, і ў Пуціна сышло 22 гады на аднаўленне постсавецкага аналага імперыі. Ён пачаў з вяртання гімна СССР, а заканчвае ваеннай авантурай ва Украіне.
Дам слова расійскаму гісторыку Андрэю Зубаву:«Застаецца чакаць палітычных пераменаў у самой Расіі ў найбліжэйшы час. Развал фронту і смута ў тыле. Мы гэта праходзілі ў 1917-м, 105 гадоў таму. Але тады становішча Расіі ў свеце было значна лепшым — моцныя саюзнікі, сапраўды магутная армія. Аднак давер народа да ўлады знік — і ўсё пакацілася... Цяпер няма саюзнікаў, акрамя Ірана і Паўночнай Карэі, няма ніякай магутнай арміі. Усе толькі “як бы”. Аднак з “як бы” можна блефаваць, але нельга перамагаць».
І ў завяршэнне яшчэ адна рэмарка.
Імперыі нараджаюцца, развіваюцца і завяршаюць свой жыццёвы цыкл не ў вакууме. Яны абвальваюцца на галовы тых, хто іх ствараў. Аднак у імперыях, што так і не выпрацавалі механізмаў змяняльнасці ўлады, абвальванне — адзіны шанец для абнаўлення.