Будучыня скончыцца 9 жніўня?

Беларускія ўлады працягваюць расправы над самымі небяспечнымі альтэрнатыўнымі кандыдатамі на прэзідэнцкіх выбарах і іх прыхільнікамі.

dzenvoli__1_of_1__14_logo_1_1_1.jpg


Драмы разыгрываюцца штодня, і некаторыя з іх рызыкуюць стаць трагедыямі. Так, на мінулым тыдні кандыдатка Святлана Ціханоўская, жонка блогера Сяргея Ціханоўскага, якога абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак, зняла свае пікеты па зборы подпісаў з цэнтральных вуліц беларускіх гарадоў, бо баіцца правакацый. Больш за тое: паколькі пры затрыманні сябраў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай знікалі запоўненыя падпісныя лісты, а таксама праз адсутнасць каардынатараў ініцыятыўнай групы ў многіх раёнах Беларусі яна вымушаная сама адправіцца ў паездку па рэгіёнах, каб здаваць сабраныя подпісы ў тэрытарыяльныя камісіі за вылучэнне сваёй кандыдатуры на пасаду прэзідэнта. У інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» Святлана распавядала, што ёй пастаянна страшна, і што яна стараецца не выходзіць на вуліцу без суправаджэння падпісчыкаў Сяргея або чальцоў ініцыятыўнай групы.
Былы кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка, які яшчэ нядаўна заяўляў, што не верыць у масавыя рэпрэсіі і фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, яшчэ не адчуў іх, так бы мовіць, «адсутнасць» на ўласнай скуры.
Але блізкае да яго кола сяброў і былых калегаў — у поўным аб’ёме. 11 чэрвеня ў галаўным офісе «Белгазпрамбанка» і шэрагу кампаній, звязаных з ім, адбыліся ператрусы. Іх правёў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Былі пачатыя дзве крымінальныя справы — за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і за легалізацыю сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры. Паведамлялася пра затрыманне 15 чалавек — гэта топ-менеджары «Белгазпрамбанка», а таксама былыя яго супрацоўнікі, якія цяпер працуюць у камерцыйных структурах.
Да «справы Белгазпрамбанка» далучылі 150 карцін агульным коштам каля 20 млн долараў. У карпаратыўнай калекцыі банка некалькі дзясяткаў карцін беларускіх мастакоў «парыжскай школы». Яе пачалі фарміраваць у 2011 годзе, вяртаючы на радзіму творы аўтараў. Аднак па дзяржаўным тэлебачанні паведамілі, што карціны рыхтаваліся вывезці за межы Беларусі.
А 12 чэрвеня новапрызначаны старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель заявіў, што ў іх ёсць доказы датычнасці Віктара Бабарыкі да супрацьпраўнай дзейнасці. 
Ціск зазначаюць не толькі патэнцыйныя кандыдаты і іх прыхільнікі, але і апазіцыйныя актывісты. 15 чэрвеня жонка сустаршыні БХД Паўла Севярынца Вольга паведаміла, што ёй пазваніў чалавек, які сядзеў з Паўлам на Акрэсціна і сказаў, што яму далі яшчэ два пратаколы па 15 сутак. З улікам 15 сутак, якія ён адбывае цяпер, і недаседжаных 30 сутак за акцыі супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі, агулам атрымліваецца 75 сутак. Апроч таго, у палітыка забралі ўсе рэчы, у тым ліку зубную шчотку, цёплую вопратку, сродкі гігіены, а таксама ўжо два разы адпраўлялі ў КПЗ, дзе вельмі халодна. Блізкія цяпер не могуць нават перадаць людзям, якія сядзяць на сутках, перадачы, бо іх не прымаюць нібыта праз эпідэміялагічную сітуацыю. Вольга Севярынец звярнулася да грамадскасці з просьбай паўплываць на сітуацыю, бо мае сур’ёзныя перасцярогі, што яе мужа могуць проста забіць.
Церпяць і зусім выпадковыя людзі, якія сваімі поглядамі ўяўляюць небяспеку для дзяржавы. Так, 15 сутак арышту атрымаў блогер Эдуард Пальчыс — толькі за тое, што падчас легальнага пікету па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў здымаў усё, што адбываецца, на відэа. На момант падрыхтоўкі матэрыялу блогер яшчэ быў на волі. Цалкам верагодна, што яго ізалююць бліжэй да даты прэзідэнцкіх выбараў.
І гэта — толькі некалькі гучных імёнаў, але і іх дастаткова, каб жахнуцца размаху рэпрэсій у маштабах краіны. Але самае галоўнае — тое, што шляху назад у рэпрэсіўнай машыны няма. Яна можа толькі набіраць моц, бо кіраўніку краіны пасля столькіх здзейсненых злачынстваў адступаць няма куды. І паколькі, акрамя ціску і застрашвання, іншых інструментаў утрымання ўлады ў дыктатара няма, аслабленне хваткі азначае для яго смерць. А калі грамадства цярпела меншы ціск, сцерпіць і большы. 26 гадоў кіравання пераканалі ў гэтым узурпатара ўлады. Як і ў тым, што ўвесь гэты час пры ўсіх гэтых злачынствах можна заставацца рукапаціскальным і адносна легітымным.
Канешне, мы не ўпершыню перажываем нейтралізацыю нязгодных з рэжымам напярэдадні электаральных кампаній. Вядома, не ў першы раз «непалоханыя» і апалітычныя раней людзі, якія вырашылі заявіць, што іх «усё дастала», з усёй верагоднасцю, 9 жніўня атрымаюць пстрычку па носе і воз расчаравання.
У чарговы раз (канешне, калі да гэтага часу ўжо адкрыюцца межы) пасля «выбарчай вакханаліі» з краіны хлыне плыня ахвотных шукаць лепшай долі на Захадзе ці хаця б ва Украіне. Бо на будучыні Беларусі, прынамсі, на бліжэйшыя пяць гадоў, можна ставіць крыж. Калі за гэты час не паставяць крыж на самой Беларусі. Бо рыторыка дарожных карт інтэграцыйных працэсаў з Расіяй зноў набірае моц.
Хочацца верыць, што напісанае вышэй — толькі самы горшы сцэнар, які ўсё ж не здзейсніцца. Але падставаў спадзявацца на гэта няма. З кожным днём становіцца ўсё больш зразумела, што ні выбары, на якія чамусьці ўсё яшчэ спадзяюцца многія, ні звыклыя пратэсты, ні нейкія іншыя лагічныя дзеянні Беларусь не выратуюць. Беларусь выратуе толькі цуд.