
Дагэтуль беларускія войскі не прымалі непасрэднага ўдзелу ў вайне Расіі супраць Украіны, аднак размовы аб адкрыцці Беларускага фронту супраць Украіны ідуць увесь час.
Ваенна-паветраныя сілы Украіны мяркуюць, што ў пачатку сакавіка расійская авіяцыя атакавала беларускую тэрыторыю на ўкраінскай мяжы, верагодна, каб уцягнуць Беларусь у вайну.
Беларусь звязаная з Расіяй шэрагам ваенных пагадненняў. Тэарэтычна, паводле дакументаў у рамках АДКБ, беларускія вайскоўцы могуць быць прыцягнутыя да вайны Расіі супраць Украіны. Аднак у гэтым выпадку павінен сысціся шэраг фактараў.
Па-першае, Крэмль павінен заявіць пра факт агрэсіі Украіны на яе тэрыторыі (інцыдэнты ў Белгародскай вобласці дазваляюць гэта зрабіць) і запытаць пра адпаведную дапамогу ў хаўруснікаў па АДКБ.
Затым кіраўнікі ўсіх краін-удзельніц, якія фарміруюць кантынгент Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання, павінны пагадзіцца аказаць такую дапамогу. Нават калі адбудзецца і гэта, па беларускіх законах, накіраваць на службу за межы краіны могуць толькі кантрактнікаў па іх згодзе.
Што тычыцца ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы, то, як кажуць эксперты, рэальнага выбару ў Беларусі, уступаць у вайну ці не, не будзе.
"У выпадку рэальнага абвяшчэння вайны Расіяй, а зроблена гэта будзе, хутчэй за ўсё, на падставе нападу Украіны... Беларусь будзе разглядаць такі "напад" як замах на саюзную дзяржаву ў цэлым і будзе прадпрымаць адпаведныя меры ў адказ з выкарыстаннем усіх сіл і сродкаў, якія знаходзяцца ў распараджэнні. Таксама і з АДКБ, дзе такая "агрэсія" будзе ўспрынятая як [агрэсія] супраць Беларусі, і па просьбе Расіі Беларусь неадкладна прадаставіць ёй неабходную дапамогу, уключаючы ваенную", — напісаў у сваім блогу беларускі эксперт Ягор Лебядок.
Вайсковы эксперт Алег Жданаў у інтэрв'ю РБК выказаў здагадку, што падчас сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным расійскі кіраўнік спрабаваў зацягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны.
"Каб беларуская армія ўдарыла па кірунку Луцк–Львоў. Хоць Лукашэнка выкруціўся яшчэ тады, калі Пуцін быў на вяршыні Алімпу, — калі вайна толькі пачыналася. А сёння ён тым больш не ўмяшаецца, я думаю. Але Пуцін будзе ціснуць на яго вельмі моцна", — сказаў эксперт.
У інтэрв'ю Радыё НВ Жданаў адзначыў, што вучэнні ў Беларусі пераконваюць яго ў тым, што Лукашэнка спрабуе як мага далей аддаліцца ад вайны.
"Як гаворыцца, ёсць прадстаўленне з адным акцёрам, а тут прадстаўленне для аднаго гледача. Лукашэнка гэтымі раптоўнымі праверкамі баявой гатоўнасці Беларусі спрабуе паказаць бурную дзейнасць перад Пуціным. Ён імітуе пагрозу з Захаду, каб Пуцін не патрабаваў ад яго ўмяшацца ў гэтую вайну і ўвесці войскі ва Украіну", — сказаў ён.
Эксперт адзначыў, што Лукашэнка вельмі дасведчаны і хітры палітык, які разумее, што вайна супраць Украіны нічым добрым для Расіі не скончыцца.
Даследчык Conflict Intelligence Team Кірыл Міхайлаў кажа, што беларускія войскі здольныя толькі на дэманстрацыйныя дзеянні — іх баяздольнасць горшая за расійскую.
"Магчымыя нейкія правакацыі, але я не думаю, што гэта будзе сапраўдны напад. Калі нешта і будзе, то гэта толькі дэманстрацыі з мэтай утрымаць украінскія войскі на мяжы з Беларуссю... Улічваючы стан беларускага войска, іх спыніць мясцовая тэрабарона", — сказаў Міхайлаў “24 каналу”.
Ён падкрэсліў, што сілы спецыяльнага прызначэння Беларусі — гэта звычайныя дэсантнікі, якіх некалькі гадоў таму запісалі ў сілы спецаперацый. Яны крыху больш баяздольнейшыя за іншыя беларускія войскі, аднак большасць з іх салдаты тэрміновай службы, якія, хутчэй за ўсё, будуць здавацца ў палон або пераходзіць на бок УСУ.