«Часова эстонскі горад Нарва можа быць узяты Расіяй назад». Новыя пагрозы краіне NATO праз канфіскацыю расійскіх актываў
Пасля радыкальных дзеянняў па магчымым прызнанні Маскоўскага патрыярхату тэрарыстычнай арганізацыяй эстонскі ўрад працягвае жорстка змяншаць прысутнасць «рускага свету» ў дзяржаве. Так, прэзідэнт краіны Алар Карыс заявіў пра перадачу замарожаных актываў Украіне і неабходнасць «паставіць Расію на калені».
Два тыдні таму, 15 траўня, эстонскі парламент Рыйгігоку прыняў закон, згодна з якім урад мае права перадаць Украіне актывы расійскіх асоб, замарожаныя на падставе міжнародных санкцый, у якасці кампенсацыі за нанесеную краінай-агрэсаркай шкоду пасля поўнамаштабнага ўварвання. Старшыня канстытуцыйнай камісіі Хендрык Ёханэс Тэрас патлумачыў, што для забеспячэння адказнасці можна выкарыстоўваць ужо замарожаныя актывы, уладальнікі якіх у любым выпадку не маюць магчымасці распараджацца імі.
«Расія — краіна-агрэсар, кампенсацыя прычыненай ёю ваеннага шкоды не можа класціся на плечы Украіны і яе саюзнікаў. Расія нясе адказнасць за прычыненне шкоды», — дадаў Тэрас у сваёй прамове.
Закон дазваляе канфіскацыю і перадачу Украіне любой маёмасці асоб альбо прадпрыемстваў, якія спрыялі супрацьпраўнай дзейнасці Расіі.
Учора, 30 траўня, прэзідэнт Эстоніі Алар Карыс абвясціў дзейным прыняты парламентам у сярэдзіне траўня закон, але з невялікай папраўкай. Паводле слоў Карыса, можа быць канфіскавана і выкарыстана для кампенсацыі шкоды толькі маёмасць тых асоб альбо прадпрыемстваў, «чыя сувязь з учыненнем або садзейнічаннем супрацьпраўным дзеянням устаноўлена і дастаткова даказана». Такім чынам, той факт, што нечыя актывы былі замарожаныя з-за міжнародных санкцый, не з'яўляецца дастатковай падставай для поўнай канфіскацыі маёмасці.
Прэзідэнт растлумачыў, што перадача маёмасці датычыцца тых, хто актыўна ўдзельнічаў ва ўчыненні ваеннай агрэсіі або парушэнні норм вядзення вайны.
Некаторыя эстонскія юрысты ўжо далі ацэнкі прынятаму рашэнню і зрабілі заявы, што дадзены закон можа супярэчыць Канстытуцыі дзяржавы. Напрыклад, дацэнт кафедры канстытуцыйнага права Тартускага ўніверсітэта Палома Крыыт Тупай лічыць, што ён можа супярэчыць Канстытуцыі.
Адваротна, былы канцлер права Індрэк Тэдэр перакананы, што дастатковых падстаў для такіх заяў няма. На думку прэзідэнта, краіна павінна зрабіць усё магчымае для дапамогі Украіне ў такі складаны момант і прыцягнення расійцаў да рэальнай адказнасці.
«Незалежна ад таго, што можна думаць пра выбранае Эстоніяй рашэнне, няма сумненняў у тым, што мы павінны знайсці эфектыўныя спосабы гарантаваць права ахвяр агрэсіі на атрыманне кампенсацыі ад вінаватых у нанясенні шкоды», — адказаў учора Алан Карыс.
Да таго ж, згодна з законам, пацярпелая дзяржава абавязана выставіць агрэсару фармальнае патрабаванне — напрыклад, асудзіць дзеянні Расіі. У выпадку, калі асоба не задаволіла яго ў разумныя тэрміны, пры звароце пацярпелай дзяржавы ў Эстонію можа быць запушчаны механізм канфіскацыі. Рашэнне аб перадачы маёмасці будзе прымацца міністэрствам замежных спраў. Уладальнік маёмасці будзе мець права аспрэчыць канфіскацыю ў судовым парадку.
У адказ на прыняты закон некаторыя прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі выказалі пагрозы нападу на дзяржаву-ўдзельніцу Еўрасаюза і NATO. Так, кіраўнік камітэта Дзярждумы РФ па кантролі Алег Марозаў заявіў, што Расія можа «адабраць» у Эстоніі прымежны горад Нарву за свае канфіскаваныя актывы.
Расійскі імперыяліст расказаў, што «часова эстонскі горад Нарва можа быць узяты Расіяй назад, калі ў Таліне не перастануць займацца антырасійскімі правакацыямі». Ён таксама параўнаў дзеянні Таліна з маленькай істэрычнай сабачкай, якая гаўкае на вялізнага каўказца, што можа вярнуцца па «гістарычныя землі».
Ізноў ядзерны шантаж, ізноў «руская зямля», ізноў «Эстоніі не існавала».
«Вось жыве сабе маленькая Эстонія побач з вялізнай і ядзернай Расіяй. Ды яшчэ і не ўсё добра з гістарычнай прыналежнасцю асобных геаграфічных месцаў гэтай, так бы мовіць, дзяржавы, якой ніколі не было на мапе да распаду Расійскай імперыі. Логіка такога суседства дыктуе: шануй лагоднасць суседа. Наладжвай з ім добрыя адносіны. Гандлюй! Развівай турызм! … Але не! Як істэрычная леўрэтка брэша на велізарнага каўказца, не разумеючы, што яго пашча большая, чым уся яе прыгажосць. /.../ Яны забіраюць нашы актывы. Мы ў адказ забіраем іх. Ды што там драбязніцца! Пойдзе і абмен расійскага, часова эстонскага, горада Нарва на нашы актывы! Добры размен, ці не праўда?» — заявіў Марозаў.
У каментарах пад артыкуламі расійцы актыўна падтрымліваюць ідэі чыноўніка. «Можа, пабылі "краінай" і хопіць?», «Нам у выхаваўчых мэтах неабходна абраць аднаго добрага прыбалтыйскага лімітрофа і так яму ва ўсе дыхальныя і піхальныя кісларод перакрыць, каб астатнія задумаліся што такое, калі ў Расіі раззлаваліся не на жарт», — пішуць карыстальнікі.
На гэтым тыдні Алан Карыс таксама адзначыў, што Эстонія «зробіць усё магчымае, каб паставіць Расію на калені». Пад сваім выразам кіраўнік дзяржавы меў на ўвазе немагчымасць змянення месцазнаходжання Эстоніі, і таму суседка Расіі павінна рыхтавацца да горшага. Карыс не верыць у хоць якія змены па зніжэнні небяспекі з боку Расіі ў найбліжэйшай будучыні.
Нагадаем, напрыканцы красавіка эстонскія дэпутаты ініцыявалі праект, паводле якога Маскоўскі патрыярхат можа быць прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй і выдвараны з краіны за падтрымку расійскай агрэсіі. Тады ж стала вядома пра скасаванне дамовы арэнды канцылярыі ў цэнтры Таліна і шэраг жорсткіх крокаў супраць дзеячаў, якія прасоўвалі «рускі свет» у балтыйскай дзяржаве. У лютым мітрапаліта Яўгена (Рашэтнікава) пазбавілі віду на жыхарства ў Эстоніі і прадпісалі пакінуць тэрыторыю краіны. Наступным актуальным пытаннем для ўрада сталі замарожаныя актывы вызнанай у Эстоніі краіны-тэрарысткі.