Дзяржава, што выкарыстала суверэнітэт для ўвасаблення мары. Чаму беларусам варта павучыцца ў Эстоніі?
У гэты дзень 34 гады таму распачаўся пераход да аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці Эстоніі. Вярхоўная Рада яшчэ існуючай Эстонскай ССР даслала ў Маскву пастанаўленне з фактам незаконнай акупацыі краіны. Праз пяць тыдняў савецкая сімволіка заканадаўча была зменена на адноўленыя герб, сцяг і гімн, а на мапе Еўропы з’явілася Эстонская Рэспубліка.
30 сакавіка — дата найважнейшага дакумента ў гісторыі Эстоніі. Абраны па новых правілах шматпартыйны Вярхоўны Савет Эстонскай ССР на сваёй першай сесіі прыняў рашэнне «Аб дзяржаўным статусе Эстоніі». 27 дэпутатаў прагаласавалі супраць, 71 — «за».
Такім чынам, пастанаўленне юрыдычна абвяшчала пераходны перыяд да поўнага аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці Эстоніі, а таксама ўстанаўлівала парадак кіравання дзяржавай на ўвесь гэты час.
У дакуменце, які быў дасланы Міхаілу Гарбачову кіраўніком Прэзідыума ВС Эстоніі Арнольдам Руйтэлем, значылася, што акупацыя Эстонскай Рэспублікі СССР з 17 чэрвеня 1940 года не перапыніла існаванне Эстонскай Рэспублікі дэ-юрэ.
«Вярхоўны Савет Эстонскай ССР, улічваючы выразна волю эстонскага народа да аднаўлення самастойнасці Эстонскай Рэспублікі і законнай дзяржаўнай улады:
- прызнае незаконнай дзяржаўную ўладу Саюза ССР у Эстоніі з моманту яе ўстанаўлення і абвяшчае пачатак аднаўлення Эстонскай Рэспублікі;
- аб'яўляе пераходны перыяд, які скончыцца фармаваннем канстытуцыйных органаў дзяржаўнай улады Эстонскай Рэспублікі».
Пастанаўленне было адхілена асабіста Гарбачовым у аднабаковым парадку: 14 траўня ён выдаў «Указ Прэзідэнта СССР пра прызнанне пастанаўлення Вярхоўнай Рады Эстонскай ССР “Аб дзяржаўным статусе Эстоніі”» і заклікаў лічыць злачынцамі асоб, якія падпарадкоўваюцца эстонскаму дакументу.
Нягледзячы на колькасць удзельнікаў акцыі «Балтыйскі шлях» 23 жніўня 1989 года, што прадстаўляла жаданне жыхароў балтыйскіх рэспублік незалежнасці, ды ўражлівую палітычную адукаванасць сучасных эстонцаў, так было далёка не заўсёды. Насамрэч жа літаральна за некалькі гадоў да знакавай падзеі большасць захопленых савецкай ідэалогіяй эстонцаў і мясцовых расійцаў выступала за «абноўлены СССР» і «аднаўленне ленінскіх прынцыпаў нацыянальнай палітыкі».
Імклівыя перамены напрыканцы сакавіка 90-га года так жа імкліва ператварылі мінулыя перакананні ў жаданне суверэнітэту. Гэта даволі моцна нагадвае сітуацыю з многімі беларусамі, якія да 2020 года, умоўна, не ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці, але на фоне пратэстаў і актыўнага ходу падзей убачылі свет пад кардынальна іншым позіркам.
Жаданне суверэнітэту ў сваю чаргу хутка надало Эстоніі фактычную незалежнасць. Замест маналітнай аднапартыйнай палітыкі дзяржава атрымала шматпартыйныя палітычныя джунглі, а «непарушнасць» савецкага рэжыму была разбіта ўшчэнт за першым крокам Літвы.
34 гады ўзвядзення краіны мары
За гады незалежнасці Эстонія стала бясспрэчным лідарам амаль па ўсіх паказніках сярод постсавецкіх дзяржаў: гэта мінімальны і сярэдні заробак, пенсійныя выплаты, унутраны валавы прадукт на душу насельніцтва, індэкс шчасця, карупцыі і гэтак далей.
Нават сярод краін Балтыі звычайным вокам вылучаецца праробленая работа эстонцаў: гэтая краіна адрозніваецца надзвычай якаснай рэнавацыяй жылога сектару збудаванняў, якасцю дарог, падыходу да дэталяў у гарадскім асяроддзі, інфраструктурай. Аднак Эстонія ўражвае не толькі постсавецкую простору, але і свет — гэтай краіне дакладна ёсць, чым ганарыцца.
Эстонія стала «запалкай» для стартапаў, якія ператварылі мясцовыя офісы ў сапраўднае «вогнішча» для вядзення бізнесу. Сумарны кошт некаторых з іх перавышае 1 мільярд долараў. Skype, агрэгатар таксі Bolt, сістэма грашовых пераводаў Wise — адны з немногіх выбітных кампаній, створаных у балтыйскай краіне.
Спрыяльнае дзелавое асяроддзе, тэхнічна падкаванае насельніцтва і спрыяльная палітыка Эстоніі садзейнічалі развіццю квітнеючай экасістэмы стартапаў і зрабілі яе літаральнай каралевай на еўрапейскай тэхналагічнай арэне.
Эстонія з'яўляецца першапраходцам у галіне электроннага кіравання: амаль 100% дзяржаўных паслуг даступныя ў рэжыме анлайн. Інавацыйная лічбавая інфраструктура краіны, вядомая як E-ESTONIA, дазваляе грамадзянам і жыхарам бесперашкодна ажыццяўляць усемагчымыя дзяржаўныя аперацыі з дапамогай лічбавых платформ. Асабістыя дакументы, вядзенне дакументаабароту, абслугоўванне ў дзяржаўных установах маюць выключна лічбавы выгляд. Адзіныя працэдуры, якія немагчыма выканаць у электронным фармаце — заключэнне і скасаванне шлюбу.
З 2005 года жыхары Эстоніі маюць магчымасць галасаваць на нацыянальных выбарах з дапамогай бяспечных і зручных сістэм анлайн-галасавання. Гэты падыход робіць Эстонію сусветным лідарам у выкарыстанні тэхналогій для пашырэння правоў і магчымасцяў грамадзян у дэмакратычным працэсе. Прыхільнасць Эстоніі да лічбавых тэхналогій значна павышае эфектыўнасць работы арганізацый і спрашчае чалавечыя «пакуты», зніжае бюракратызм і фактычна знішчае карупцыю.
Талін стаў першай сталіцай у свеце, муніцыпалітэт якой зрабіў грамадскі транспарт для сваіх жыхароў цалкам бясплатным.
Дзіўна, але замест пагаршэння становішча, рухомы склад у Таліне ператварыўся ў адзін з найпрыгажэйшых сярод постсавецкіх дзяржаў: аўтобусы, трамваі і электробусы маюць узрост да 5 гадоў альбо знаходзяцца ў добрым стане. І гэта нягледзячы на тое, што прадпрыемства пазбавілася 12 мільёнаў еўра, бо страціла даход ад продажу праязных квіткоў.
Насельніцтва Таліна вырасла, што прывяло да павелічэння паступленняў падаткаў у мясцовы бюджэт. Выкарыстанне грамадскага транспарту ў Таліне вырасла на 10%, а колькасць аўтамабіляў у цэнтры горада паменшылася на 10%, што азначае памяншэнне загружанасці дарог. У сельскай мясцовасці бясплатныя аўтобусы закліканы спыніць скарачэнне насельніцтва сельскіх раёнаў за кошт павышэння мабільнасці і доступу да працоўных месцаў.
Сваім прыкладам Эстонія дэманструе рэальную магчымасць паступовага стварэння ідэальнай краіны насуперак «не такому менталітэту», «дрэннаму клімату» і перакананням, што савецкае мінулае — прысуд на гарантаваную карупцыю, нязручныя гарады і безвыходнасць.
Нам ёсць шмат чаму павучыцца ў гэтай дзяржавы: ад першых крокаў устанаўлення незалежнасці да піку развіцця.