Класкоўскі: Тысяча дзён пекла. Як туман вайны ва Украіне хавае і будучыню Беларусі?

Уладзімір Пуцін разлічваў узяць Кіеў за тры дні. На справе шырокамаштабная вайна Расіі супраць Украіны доўжыцца ўжо тысячу дзён. Ад яе зыходу шмат у чым залежыць, што будзе з Беларуссю. Але праблему дыктатуры беларусам давядзецца вырашаць самім, піша палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».

_belarus_spectehnika_milicyja_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg


Прапаганда круціць пласцінку пра мірнае неба

Увесь гэты час аналітыкі варажылі, ці прымусіць Пуцін «малодшага брата» паслаць на вайну сваіх жаўнераў. Пакуль, дзякуй Богу, гэтага не адбылося.

Чаму Крэмль не стаў выкручваць рукі? Магчыма, было ўлічана, што добра падрыхтаваных частак у Аляксандра Лукашэнкі мала (войскі спецыяльных аперацый — гэта толькі некалькі тысяч чалавек), яны не зробяць надвор'я. А вось беларускую «стабільнасць» іх адпраўка на фронт вельмі нават можа пахіснуць.

Лукашэнка, верагодна, пераканаў Маскву, што лепш выкарыстоўваць Беларусь як пастаўшчыка прадукцыі ваеннага і грамадзянскага прызначэння ва ўмовах санкцый. А Украіну — напружваць манеўрамі беларускіх войскаў, адцягваючы частку яе сіл.

Цалкам можна дапусціць, што сам-насам малодшы хаўруснік адкрыта казаў Пуціну: беларусы не хочуць ваяваць супраць украінцаў (што красамоўна пацвярджаецца сацыялогіяй). Так што ў выпадку адпраўкі ў бой салдаты пачнуць здавацца і пераходзіць на іншы бок. І ўся краіна ўздыбіцца, калі ў Беларусь пойдзе «груз 200».

Так ці інакш, але ў Лукашэнкі на руках важны козыр у рамках распачатай прэзідэнцкай кампаніі. Ён пазіцыянуе сябе як мудрага і моцнага захавальніка мірнага неба над галовамі суайчыннікаў. Дзяржпрапаганда забівае ў галовы тэзіс, што калі б перамаглі ў 2020-м «змагары» — нас бы таксама ўжо накрыла вайна.

І гэта, як паказала незалежная сацыялогія, на частку электарату працуе. Асабліва ва ўмовах, калі маса абывацеляў адсечаная ад непажаданых уладам СМІ.

Суагрэсар спрабуе сядзець на двух крэслах

Пры гэтым кіраўнік Беларусі спрабуе сядзець на двух крэслах. З аднаго боку — паказаць сябе верным хаўруснікам Масквы, каб атрымаць ад яе пернікаў.

Памятаеце, як ён прыязджаў да Пуціна з картай, каб адбяліць агрэсію: «А я зараз вам пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад».

Вайна адкрыла беларускай эканоміцы магчымасць заняць новыя нішы на расійскім рынку, заціснутым санкцыямі, удала збываць тавар тамтэйшаму пражэрліваму ВПК. Але гэта сітуацыя зыбкая, і ў цэлым турбулентнасць у рэгіёне, вядома, напружвае Мінск.

Таму, з другога боку, Лукашэнка хоча назвацца голубам міру і падаслаць саломкі на выпадак таго ці іншага зыходу вайны.

Ён нават злёгку прытармазіў сваіх прапагандыстаў, што занадта ўжо ганілі Украіну. Раз за разам нагадвае падначаленым: нам жа з украінцамі рана ці позна прыйдзецца адраджаць адносіны. Нават будуе планы ўдзелу ў пасляваенным аднаўленні суседняй краіны. Што выклікала сарказм ва ўкраінскіх каментатараў.

Наогул жа, вайна рэзка пагоршыла стаўленне ўкраінцаў не толькі да Лукашэнкі і яго рэжыму, але і да беларусаў у цэлым. У нейкай ступені іх рэпутацыю ратуе полк беларускіх добраахвотнікаў імя Кастуся Каліноўскага (ПКК). 

Байцы палка Каліноўскага. Фота: сайт ПКК

Байцы палка Каліноўскага. Фота: сайт ПКК

Лёд растае таксама дзякуючы намаганням беларускіх апазіцыянераў, валанцёраў, медыя, экспертаў (а таксама шэрагу ўкраінскіх, напрыклад Яўгена Магды), якія даказваюць, што рэжым Лукашэнкі і беларускі народ — не адно і тое ж.

Аднак Кіеў па-ранейшаму не бачыць неабходнасці асабліва пашыраць супрацоўніцтва са штабамі беларускіх дэмсілаў, арганізоўваць сустрэчу Уладзіміра Зяленскага са Святланай Ціханоўскай, паколькі скептычна ацэньвае патэнцыял беларускай палітычнай эміграцыі.

Зрэшты, пра некаторы зрух кажа прызначэнне Ігара Кізіма паслом па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі, гэта значыць па сутнасці — кантактарам з дэмсіламі. 

Хоць неяк трапіць за стол перамоваў

Пры гэтым Лукашэнка відавочна хоча трапіць на перамовы па Украіне. У апошні час ён не раз прамаўляў гэтае жаданне ўслых. Злаваўся, што палітычныя праціўнікі хочуць пазбавіць яго такой магчымасці, «вывесці з арэны палітычных дзеянняў», бо дамагаюцца ў Гаазе ордэра на арышт.

У кастрычніку Лукашэнка прызнаўся, што «і Пуціна папярэдзіў: на перамовах па Украіне павінны прысутнічаць беларусы». Інакш, маўляў, там «могуць прыняць такія рашэнні, што заўтра палову краіны давядзецца аддаць».

Кіраўніка Беларусі напэўна напружвае перспектыва, што Захад (перш за ўсё ЗША) з Масквой неяк разруляць сітуацыю ў рэгіёне па паняццях, вынайдуць нейкую новую Ялту, а інтарэсы Лукашэнкі праігнаруюць: які, маўляў, сэнс гандлявацца з васалам.

Для дэмакратычных жа спікераў стаў кананічным тэзіс, што лёс Беларусі вырашаецца ва Украіне: калі яна пераможа, а Расія захістаецца, то ў нас з'явіцца вакно для пераменаў.

У гэтым плане былі перыяды вялікіх надзей. Спачатку — пасля таго, як украінцы ў 2022-м сарвалі пуцінскі бліцкрыг, адбілі атаку на Кіеў, а потым яшчэ адваявалі тэрыторыі ў Харкаўскай вобласці.

Новы ўсплёск спадзяванняў быў звязаны з контрнаступленнем УСУ летам 2023 года. Але яно не атрымалася. Дзёрзкая атака на Курскую вобласць стала сенсацыяй, аднак не пераломам у вайне.

Тым часам на Данбасе павольна, але метадычна прасоўваюцца наперад расійскія войскі. Ёсць небяспека, што ўкраінскі фронт абрынецца. У Кіева вялікія праблемы з мабілізацыяй. Зброі таксама не хапае.

На днях ЗША, Брытанія і Францыя, па паведамленнях СМІ, дазволілі ўкраінцам біць заходнімі дальнабойнымі ракетамі па расійскай тэрыторыі. Але наколькі гэта зменіць ход вайны? І потым, Дональд Трамп, калі ўступіуь на пасаду прэзідэнта ЗША, можа гэтую пастанову скасаваць.

Перамога Трампа на выбарах спарадзіла асцярогі, што той прымусіць Зяленскага да замірэння на нявыгадных Кіева ўмовах. А вось Лукашэнка, наадварот, ажывіўся, стаў нахвальваць трыумфатара амерыканскіх выбараў, спадзеючыся зварыць з ім кашу.

Аднак у таго беларускае пытанне будзе відавочна не ў фокусе. Ды і ў цэлым Захад схільны ўспрымаць Лукашэнку як марыянетку Крамля. Навошта саджаць марыянетку за стол перамоваў?

Увогуле, месца Лукашэнкі ў гэтым сюжэце шмат у чым будзе залежаць ад таго, ці атрымаецца ў Трампа ўкласці дамову з Крамлём і на якіх умовах.

Шанцы, што за стол перамоваў па Украіне трапяць прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл, пакуль таксама прывідныя. 

Паход каліноўцаў на Мінск — пакуль толькі мары

Пасля таго, як было задушана мірнае паўстанне 2020 года, сярод праціўнікаў рэжыму стаў набіраць папулярнасць сілавы сцэнар змены ўлады. У прыватнасці, вялікія надзеі звязваліся з ПКК. Рамантыкам ужо мроіўся пераможны паход каліноўцаў на Мінск.

Аднак на сёння такі сцэнар неактуальны. Украіне б свой фронт утрымаць. Калі прыйдзецца заключаць перамір'е па лініі баявога судакранання, у краіне верагодны глыбокі ўнутрыпалітычны крызіс: за што кроў пралівалі? Карацей, будзе не да Беларусі.

І нават калі ўявіць сабе, што здарыўся цуд — Украіне ўдалося выйсці на межы 1991 года (пра тое, што яе танкі праедуць па Краснай плошчы, не мараць і самыя вялікія фантазёры), то гэта не азначае канца вайны. Таму што Крэмль з такім становішчам не змірыцца.

Так што ў любым выпадку Кіеву хопіць галаўных боляў і без думак аб вызваленні Беларусі ад дыктатуры. ПКК — гэта ж воінскае фарміраванне, якое падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленню разведкі Мінабароны Украіны.

Натуральна, полк (прытым што беларускі патрыятызм яго байцоў не выклікае сумненняў) выкарыстоўваюць і будуць выкарыстоўваць ва ўкраінскіх інтарэсах. Мы бачым, што ў імя гэтых інтарэсаў Кіеў імкнецца не злаваць Лукашэнку, падтрымлівае з ім закулісныя кантакты.

Каб адмежавацца ад ПКК, беларусы з палітычнымі амбіцыямі і баявым досведам стварылі рух «Каліноўцы», але ён пакуль асабліва сябе не паказаў.

Амаль год прайшоў пасля Кіеўскай канферэнцыі «Шлях да свабоды», аднак цудоўнага аб'яднання дэмсілаў на глебе нейкай стратэгіі вызвалення Беларусі не адбылося. Прызначэнне каліноўца Вадзіма Кабанчука ў склад кабінета Ціханоўскай пакуль таксама не дало ў гэтым плане бачных пладоў.

Днямі ў Кіеве адбыўся беларуска-ўкраінскі Форум Астрожскіх, на якім, як паведамляе прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінета, абмяркоўваліся «пытанні дапрацоўкі агульнай стратэгіі беларускіх дэмакратычных сіл па вызваленні Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі».

Сама канцылярская фармулёўка кажа, што пытанне завязла. Ды і што прыдумаеш, калі, здаецца, усе абставіны — супраць?

Вядома, у выпадку вострага крызісу рэжыму сілавы кампанент змены ўлады можа апынуцца вельмі важным і нават вырашальным. Але для гэтага павінен скласціся комплекс умоў як унутры краіны, так і вакол яе.

І вызначальным так ці інакш бачыцца фактар паслаблення Расіі. Гэта шмат у чым залежыць ад таго, наколькі Захад падтрымае Украіну.

Шэраг аналітыкаў лічаць, што Вашынгтон не зацікаўлены ў празмерным паслабленні, а тым больш распадзе Расіі — асцерагаецца, што ядзерная зброя можа трапіць невядома ў чые рукі; спадзяецца, што Маскву можна выкарыстоўваць у барацьбе супраць Кітая, і г.д.

Прыход Трампа да ўлады ўзмацняе нявызначанасць. Маятнік амерыканскай палітыкі можа хіснуцца ў любы бок.

Фота: freepik.com

Фота: freepik.com

Праблему дыктатуры беларусам давядзецца вырашаць самім

Так ці інакш, варта ўсведамляць суровую рэальнасць: для Вашынгтона, ды і для ЕС суверэнітэт і дэмакратызацыя Беларусі — мякка кажучы, не ў ліку прыярытэтаў. Так, заходнія палітыкі выказваюць глыбокую заклапочанасць, але дэ-факта многія з іх у думках ужо аддалі Беларусь імперыі ды адгароджваюцца жалезнай заслонай.

Як бачым, Захад і за Украіну не асабліва ўпісаўся. А ўжо за Беларусь амерыканскія марпехі тым больш паміраць не будуць. І тут няма чаго крыўдзіцца: свая кашуля бліжэй да цела.

Для Крамля ж Беларусь — жыццёва важны стратэгічны плацдарм. «Беларускі балкон» вельмі зручны, каб пагражаць Украіне і краінам NATO. Невыпадкова менавіта з Беларусі Пуцін у лютым 2022-га пайшоў «бліцкрыгам» на Кіеў, а потым размясціў тут тактычную ядзерную зброю.

Акрамя ўсяго іншага, наяўнасць тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі — гэта зручная нагода для ўварвання, калі раптам успыхне «каляровая рэвалюцыя»: не можам, маўляў, дапусціць, каб яна трапіла ў рукі экстрэмістаў!

Лукашэнка шмат гадоў — і небеспаспяхова — палохае Маскву тым, што ў выпадку перамогі ягоных ворагаў ракеты NATO будуць стаяць пад Смаленскам. Гэта гульня на імперскіх інстынктах. Змену ўлады ў Беларусі, страту сатэліта расійскае кіраўніцтва ўспрымае як экзістэнцыяльную пагрозу.

Сапраўды гэтак жа страх «страціць Украіну», антынатаўскія фобіі штурхнулі ў свой час Крэмль на агрэсіўную палітыку супраць гэтай краіны.

Украіна прыняла на сябе ўдар імперыі, Беларусь знаходзіцца ў яе капкане. Сёння зло ідзе ў наступ.

Тых, хто прагне паразы агрэсара і спадзяецца на вокны пераменаў для Беларусі, наўрад ці сагрэюць прымітыўныя бадзёрыя лозунгі. Момант такі, што хутчэй дарэчны стыль Уінстана Чэрчыля, які ў 1940-м, калі займаў пасаду брытанскага прэм'ера, казаў суайчыннікам аб барацьбе супраць нацысцкай экспансіі так: «Я не магу прапанаваць нічога, акрамя крыві, цяжкай працы, слёз і поту».

Тады, у 1940-м, многім здавалася, што Гітлера не спыніць, але ў выніку Брытанія разам з саюзнікамі перамаглі.

Сёння туманам расійска-ўкраінскай вайны ў значнай меры прыхаваная і будучыня Беларусі.

Пры гэтым важна разумець, што ў любым выпадку «ніхто не дасць нам збавення». Могуць скласціся больш-менш спрыяльныя знешнія ўмовы (зразумела, што не заўтра), але так ці інакш праблему дыктатуры беларусам давядзецца вырашаць самім.