«Лукашэнка настройвае супраць сябе Ізраіль і ўзмацняе антылукашэнкаўскія настроі ў заходнім свеце»

Дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі (Кіеў, Украіна) Яўген Магда лічыць, што чарговая вайна ў Ізраілі можа моцна ўдарыць па Лукашэнку. «Дзякуючы» ўспышцы гвалту на Блізкім Усходзе многія людзі нарэшце зразумеюць, што падлашчвацца да зла нельга, у якія б адзенні яно не апраналася, як бы не спрабавала паказаць сябе прадказальным, талерантным і адэкватным.

01000000_0aff_0242_df13_08dbcd7052eb_cx0_cy6_cw0_w1200_r1.avif

Якім бокам беларускаму рэжыму вылезе пазіцыя па вайне, якую развязаў ХАМАС супраць Ізраіля? Ці трэба шукаць «беларускі след» у вайне на Блізкім Усходзе? І чаму кіраўнік ГУР Украіны «аддае належнае» Лукашэнку? BGmedia пагутарыла з дырэктарам Інстытута сусветнай палітыкі (Кіеў, Украіна) Яўгенам Магдам.

— Як вайна ў Ізраілі адаб'ецца на вайне ва Украіне?

— Вайна ў Ізраілі паказвае, што вайна ва Украіне — гэта не выпадковасць, гэта наступ аўтарытарных, нават таталітарных сіл на дэмакратыю ў цэлым. Дэмакратычная Украіна як костка ў горле для сучаснай Расіі, таму Крэмль спрабуе ўсімі сіламі яе знішчыць.

Відавочна, што Украіна выстаіць. Відавочна таксама, што ў Расіі ёсць цікавасць у інтэрнацыяналізацыі свайго супрацьстаяння з Украінай. Відавочна, што Расія хоча пераключыць увагу з расійска-ўкраінскай вайны. Але Злучаныя Штаты ўжо заявілі, што будуць падтрымліваць і Украіну, і Ізраіль. І я ўпэўнены, што для іх гэты рэсурсны выклік па плячы. Я бачу, што «дзякуючы» ўспышцы гвалту на Блізкім Усходзе многія людзі нарэшце зразумеюць, што падлашчвацца да зла нельга, у якія б адзенні яно не апраналася, як бы не спрабавала паказаць сябе прадказальным, талерантным і адэкватным.

— Чаму Лукашэнка не выказаў спачуванне ізраільскаму народу? Мала таго, афіцыйны Мінск менавіта ў гэтыя трагічныя для Ізраіля дні дэкларуе ўзмацненне супрацоўніцтва з Іранам. І гэта — у адказ на «нейтралітэт» Ізраіля да падзеяў 2020 года ў Беларусі.

— Лукашэнка — гісторык па адукацыі. Але мяркуючы з усяго, гісторык яшчэ савецкі: не ведаць пра габрэйскі кампанент у гісторыі Беларусі, не ведаць Марка Шагала і многіх іншых ураджэнцаў Беларусі, — гэта проста ганьба. І на фоне ўспышкі гвалту ў Ізраілі дэманстраваць паляпшэнне стасункаў з Іранам — значыць, падыгрываць крамлёўскай прапагандзе і казаць пра тое, што нічога такога асаблівага там не адбылося, або, як сказаў Пуцін, «палітыка Злучаных Штатаў на Блізкім Усходзе пацярпела крах».

Лукашэнка не разумее, што ён проста дэманструе сваю слабую суб'ектнасць, і фактычна настройвае супраць сябе не толькі Ізраіль, але і ўзмацняе антылукашэнкаўскія настроі ў заходнім свеце. Гэтыя настроі могуць ударыць па ім мацней, чым маглі б ударыць па Пуціну, таму што Беларусь слабейшая, і легітымнасці ў Лукашэнкі практычна няма. Здаецца, яна ўжо не з'явіцца.

— Ці трэба шукаць беларуска-расійскі след у ізраільскай вайне? Ці ж Мінск і Масква толькі збіраюць вяршкі з гэтага крывавага канфлікту?

— Беларускі след я б наогул не шукаў з прычыны адсутнасці замежнапалітычнай суб'ектнасці.

А ў Расіі, безумоўна, ёсць цікавасць раскручваць вайну на Блізкім Усходзе: каб інтэрнацыяналізаваць расійска-ўкраінскую вайну, гэта зразумела. Але пры гэтым казаць, што Масква і Мінск нешта збіраюць... Мінск на сённяшні момант можа толькі збіраць аб'едкі з панскага стала, таму што ні ўзровень легітымнасці Лукашэнкі, ні ўзровень ягоных здольнасцяў чагосьці дамагацца сёння не адпавядае замежнапалітычнаму патэнцыялу Беларусі.

Мінск абраў ролю геапалітычнага дзяншчыка Масквы, але расплачвацца за гэта, на жаль, будуць і многія грамадзяне Беларусі. Я б хацеў, каб беларусы, якія знаходзяцца ўнутры краіны, разумелі, што ёсць так званыя «рускія са знакам якасці», як сказаў Лукашэнка, а ёсць сапраўдныя беларусы, сапраўдныя еўрапейцы, якія жывуць у цэнтры кантынента.

— Моцна рэзанула вочы інтэрв'ю кіраўніка ўкраінскай выведкі Кірылы Буданава праекта «Дзівіся», у якім ён заявіў, што Лукашэнка пасля вясны 2022 года «не дапусціў нават спробы ўварвання»: «Ён віхляе, і яму гэта ўдаецца. Калі б ён не быў такім хітрым, мы ўжо мелі б вайну і з Беларуссю, і з тэрыторыяй Беларусі, якую проста выкарыстала б Расія. Гэта нам у плюс. Не будзем абяляць гэтага чалавека, але тое, што ён пасля тых страшных падзей зімы і вясны 2022 года не дапусціў нават спробы ўварвання — гэта праўда. Трэба аддаць яму належнае». Зразумела жаданне Кіева заспакоіць Лукашэнку і не дапусціць адкрыцця другога фронту. Але за што «аддаваць належнае»?

— З аднаго боку, я магу зразумець логіку генерала Буданава, калі ён спрабуе «закалыхаць» Лукашэнку. А з іншага боку, я бачу і іншае. Я ведаю, што беларускія добраахвотнікі падпарадкоўваюцца Галоўнаму ўпраўленню выведкі, якім кіруе Буданаў, і я думаю, што большасць з іх слухаць і чуць такія рэверансы на адрас спадара Лукашэнкі, як мінімум, непрыемна. Але яны людзі ваенныя і ведаюць, што такое загад.

А логіка Буданава, шчыра кажучы, у дадзеным выпадку мне не зусім зразумелая: дыпламатычныя адносіны паміж Украінай і Беларуссю фармальна накшталт ёсць, а па факце іх няма. Таму я не бачу асаблівага сэнсу ў спробах нешта сказаць Лукашэнку.