«Лукашэнку не задаволіць безумоўная перамога ніводнага з бакоў»

Расійскія вайскоўцы здалі Херсон. У абласным цэнтры ўкраінскіх салдат сустрэлі з радасцю і натхненнем. Расійскія прапагандысты прасоўваюць нарматыў, што здача была планавай. А Лукашэнка і беларуская прапаганда працягваюць ігнараваць і замоўчваць падзею.

9b60c399_862d_43d6_ae34_97d957a8d1c2_w1200_r1.webp


Пры гэтым у ліпені ў інтэрв'ю выданню «Agence France-Presse» (AFP) кіраўнік Беларусі заклікаў украінскія ўлады прыняць страту некалькіх рэгіёнаў, у тым ліку Херсона, заяўляючы: «Гэта ўжо не абмяркоўваецца, гэта можна было яшчэ абмяркоўваць у лютым, сакавіку».

UDF пацікавіўся ў экспертаў, чаму кіраўнік Беларусі пастаянна памыляецца, разважаючы пра баявыя дзеянні ва Украіне, і якой будзе яго пазіцыя цяпер.


«Калі пераможа Украіна, Лукашэнка акажацца без падтрымкі аслабленага саюзніка»

Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзім Мажэйка адзначыў, што і расійскія чыноўнікі сцвярджалі, што Херсон у складзе Расіі назаўжды.

— Вайна — з'ява спецыфічная, якая прымушае аўтакратаў сутыкнуцца з жорсткай рэальнасцю. Яны не могуць падпарадкаваць вайну сваёй волі, гэта не мірнае жыццё, калі нязгодных можна рэпрэсіраваць, на вайне такое не атрымліваецца, — сказаў Мажэйка.

Ці забяспечваюць, на яго погляд, саюзнікі актуальнай інфармацыяй Лукашэнку?

— Не думаю, што расійскія выведнікі дасылаюць яму даклады або дублююць інфармацыю, якую адпраўляюць Пуціну. Калі ён нейкую інфармацыю з Расіі і атрымлівае, то адрозніць, дзе там вайсковая аналітыка, а дзе нацэленая на самога Лукашэнку прапаганда, напэўна, немагчыма. Таму не думаю, што ў Лукашэнкі ёсць доступ да інфармацыі, якая прынцыпова глыбейшая, чым у нас з вамі.

У сярэдзіне кастрычніка Лукашэнка казаў, што вайну можна скончыць за тыдзень, калі гэтага захочуць ЗША і Вялікабрытанія.

— Гэта працяг тэзіса расійскай прапаганды, што вайна працягваецца нібыта толькі таму, што гэтага хоча «калектыўны Захад», «англасаксы». Думаю, што на самой справе Лукашэнку не задаволіць безумоўная перамога ні аднаго з бакоў. У выпадку перамогі Расіі ён акажацца ў вельмі хісткім становішчы і можа стаць наступным. Калі пераможа Украіна, Лукашэнка акажацца без падтрымкі аслабленага саюзніка і адзін на адзін з краінамі-пераможцамі.

Думаю, ён зараз марыць аб ролі нейтрала і міратворца, як гэта было ў 2015-2019 гадах, — мяркуе Мажэйка.

У канцы верасня Лукашэнка прыехаў з неафіцыйным візітам у Абхазію, але з тых часоў не прызнаў ні яе незалежнасць, ні анексію РФ акупаваных ва Украіне тэрыторый. Што яго спыняе ад гэтых крокаў?

— Тут ёсць як чыста эканамічныя матывы, так і палітычныя. Калі б да пачатку вайны Лукашэнка прызнаў анексію Крыма або прызнаў «ДНР» і «ЛНР», гэта пагражала б гандлю з Украінай. Тое самае з Грузіяй, якая, напрыклад, застаецца адной з нешматлікіх краін, куды памногу лётае «Белавія». Яшчэ больш значная для Лукашэнкі палітычная матывацыя. Паўтараючы за Пуціным яго «прызнанні», ён паставіць краіну ў спіс такіх дзяржаў, як Науру і Тувалу, якія не самастойныя і за грошы гандлююць сваёй знешняй палітыкай. Лукашэнка зусім не хоча, каб яго лічылі несамастойным палітыкам, марыянеткай Пуціна. Хоць устрымлівацца ад «прызнанняў» усё складаней.

1668251594_1649765708_277681559_673658340630514_5978335334535714857_n.jpg


«Лукашэнка ўсё яшчэ манеўруе»

Палітолаг, акадэмічны дырэктар BISS Пётра Рудкоўскі адзначыў, што Лукашэнка — не эксперт, а палітык, «прычым эксцэнтрычны».

— З лютага ён з'яўляецца «дзяжурным» па інфармацыйнай падтрымцы Крамля. Праца языком — гэта тое, што ў Лукашэнкі вельмі добра атрымліваецца, у гэтай галіне ён гатовы падтрымліваць свайго «хаўрусніка», што ён і робіць даволі паслядоўна.

На думку эксперта, у ліпені, калі ў інтэрв'ю «Франс Прэс» Лукашэнка агучыў ідэю «вы, украінцы, змірыцеся са стратай тых тэрыторый, якія перайшлі пад кантроль Расіі», Крэмль ужо зразумеў, што нават сціплая перамога ў гэтай вайне становіцца ўсё больш і больш праблематычнай, і спрабаваў любым коштам зафіксаваць тыя невялікія набыткі, якія да таго часу былі.

— Вось і былі гэтыя шматлікія — праз сваіх дыпламатаў і замежных палітыкаў, кулуарна і публічна — сігналы: маўляў, аддайце нам гэтыя «заваёвы», і мы вас пакінем у спакоі. Лукашэнка — гэта адзін з каналаў данясення гэтага мэсэджу. Цяпер, пасля ганебных уцёкаў расійцаў з Харкаўскай вобласці і канчатковага сыходу з Херсону, яшчэ больш зразумелыя закіды Крамля чатырохмесячнай даўнасці, у якія быў уцягнуты і Лукашэнка.

Якой можа быць пазіцыя Лукашэнкі адносна вайны зараз і чаму? Месяц таму ён казаў, што вайну можна скончыць за тыдзень, калі гэтага захочуць ЗША і Вялікабрытанія.

— Рэжымная прапаганда імкнецца без патрэбы наогул не дакранацца да гэтай тэмы. І гэта зразумела: не існуе такога ключа, у якім беларускаму рэжыму было б зручна каментаваць альбо дасягненні, альбо паражэнні РФ. У рамках больш агульнага абавязку — інфармацыйная падтрымка Крамля — Лукашэнка працягвае агучваць некаторыя мэсэджы. Так, Крэмль вельмі зацікаўлены ў перадышцы або канчатковым заканчэнні вайны пры ўмове, што Расіі будзе дазволена замацаваць за сабой хаця б мінімальна-сімвалічна набытага, але цяпер патрабаванні вылучае Украіна, сутнасць якіх — вывад расійскіх войскаў да міжнародна прызнаных меж Украіны. «Не патрабуйце так шмат ад Расіі — і вайну можна скончыць праз тыдзень» — вось у гэтым заключаецца мэсэдж Крамля, які агучыў (у тым ліку) Лукашэнка.

Чаму Лукашэнка дагэтуль не прызнаў незалежнасць Абхазіі, куды здзейсніў неафіцыйны візіт, і анексію Расіяй акупаваных ва Украіне тэрыторый?

— Праз сваё хісткае становішча Лукашэнка не можа сабе дазволіць адмовіцца ад удзелу ў авантурных задумах Пуціна. Але ў рамках гэтага ўдзелу ён абмяжоўваецца толькі сімвалічнымі жэстамі, закліканымі ствараць бачнасць лаяльнасці. Лукашэнка ўсё яшчэ манеўруе. Ён вельмі асцярожны ў прызнанні навязаных Расіяй новых геапалітычных рэалій. І любой цаной спрабуе пазбегнуць незваротных дзеянняў. Ён імкнецца абмежавацца толькі такімі праявамі лаяльнасці, каб пасля была магчымасць дыстанцыявацца ад лініі Крамля, — лічыць Рудкоўскі.

Пераклад «НЧ»