Паўгода вайны. Пуцін прайграе, Лукашэнка спадзяецца выплыць з мутнай вады
Сёння роўна паўгода, як ва Украіне страляюць і льецца кроў. Як імперская Расія намагаецца захапіць Украіну і не лічыцца з ахвярамі. Як Лукашэнка служыць Пуціну паслугачом і фактычна падносіць снарады. Як свет застыў у жаху, аслупянеўшы ад таго, што яшчэ ўчора здавалася неймаверным.
Падсумоўваць мінулыя месяцы можна па-рознаму — экспертныя ацэнкі вар’іруюцца ў шырокім дыяпазоне. Аднак Украіна сёння святкуе Дзень незалежнасці, то прадставім аптымістычныя падсумаванні.
Украіна выйграла
Пра тое, што ўкраінцы не прайграюць у гэтай вайне, загаварылі на чацвёрты дзень — пасля таго, як у Расіі не атрымаўся бліцкрыг у першыя тры. Цяпер, як мяркуюць эксперты, справа толькі ў цане перамогі.
Цане тэрытарыяльнай, бо невядома, дзе пройдуць новыя межы. Чалавечай, бо колькасць загінулых расце кожны дзень. Эканамічнай, бо вайна — гэта дорага і заўсёды вычышчае кішэні і засекі.
Але ж галоўнае сумневу не падлягае: Украіна не толькі захавае, але і ўмацуе сваю незалежнасць. Канчаткова сфарміруе самастойную палітычную нацыю на каштоўнасцях суверэнітэту, дэмакратыі і гатоўнасці паміраць за радзіму. Незваротна вырвецца з ценю савецкасці, які нават пасля анэксіі Крыма накрываў цэлыя рэгіёны.
У той час, калі рускі ваенны карабель пайшоў у вядомым кірунку, стала зразумела, што і героіка Украіны не будзе ранейшай. Савецкія помнікі там разбураюць не таму, што яны нясуць ілжывыя сэнсы, а для таго, каб потым паставіць новыя. Абаронцам Марыупаля, ахвярам Бучы, партызанам Херсона. Горад-герой ва Украіне — гэта цяпер не Керч і Севастопаль, а Гастомель і Валнаваха.
Украіна пераможа — у гэтым упэўнена трывалая большасць насельніцтва, і гэта паказальна. Кіеў цяпер адмаўляецца ад перамоў з Масквой да той пары, пакуль тая не выведзе войскі з захопленых тэрыторый. На фронце, у Генштабе і аналітычных цэнтрах усё часцей кажуць пра стратэгічны контрнаступ, які мусіць пачацца неўзабаве.
Украіна заплаціць велізарную і страшную цану за сваю перамогу, але гэта будзе гістарычная цана. Тым больш што рахунак выставіў агрэсар, і не плаціць было нельга. Наўзамен дзяржава прыдбае саму сябе — і ўжо назаўжды.
Расія прайграла
У вядомым мультфільме герой казаў: з глузду з’язджаюць паасобку. Сучасная Расія паказвае адваротнае — звар’яцець можна цэлай краінай.
У гэтым няма анічога новага: Нямеччына ў 30-40-х гадах мінулага стагоддзя перажыла такое ж памутненне розуму. Але галоўны ўрок гісторыі, як вядома, у тым, што ніхто не засвойвае ўрокаў з гісторыі. Рускі фашызм пайшоў шляхам германскага фашызму, і ён таксама прайграе.
Пуцін памыліўся шмат у чым. Ён чакаў, што ўкраінцы сустрэнуць яго армію кветкамі, а тыя паўсталі са зброяй. Ён думаў, што УСУ анічога сабой не ўяўляюць, а тыя прадэманстравалі ўзоры мужнасці і гераізму. Ён лічыў, што Захад праглыне яго авантуру, як восем гадоў таму праглынулі Крым і Данбас. А Захад, хаця і не адразу, падтрымаў Украіну зброяй і грашыма, а супраць РФ ужыў балючыя санкцыі.
У Расіі цяпер шмат прыкмет стратэгічнага адчаю. Страціўшы на фронце дзясяткі тысяч салдат, пуцінцы праводзяць мабілізацыю сярод асуджаных у калоніях. Іх хвалёная зброя, аналагаў якой нібыта няма, бяссільная перад заходнімі «Хаймарсамі». Матывацыі іх салдат учора хапала хіба каб скрасці пральную машыну ў захопленым доме, а сёння няма і таго. Усё больш інсайдаў пра тое, што Пуцін ліхаманкава дамагаецца перамоў, для чаго шантажыруе Еўропу катастрофай на Запарожскай АЭС і ездзіць з адпаведнымі прапановамі да меркаванага пасярэдніка Эрдагана. Сацыялагічныя замеры паказваюць, што нават тэлевізар расійцы сталі глядзець значна меней, а менавіта прапаганда з'яўляецца найлепшым агітатарам за вайну з выдуманым украінскім «нацызмам».
У Расіі няма саюзнікаў, акрамя роднасных рэжымаў кшталту Сірыі ці КНДР. Нават пакрыўджаны на Захад Кітай трымаецца наводдаль, не рызыкуючы падтрымліваць людаедскую пуцінскую «спецаперацыю». Нават Лукашэнка хавае галаву ў пясок, звыкла лавіруе, хаця колькі месяцаў таму крычаў, што мы з сябрам Уладзімірам за тры дні дойдзем да Ла-Манша.
У Крамлі апасаюцца, што ўвосень, ачуняўшы ад летніх адпачынкаў, расійцы пачнуць хвалявацца наконт кепскага змесціва сваіх лядоўняў. І гэта падаецца слушнымі перасцярогамі, бо санкцыі працуюць нябачна, дабрабыт насельніцтва паніжаецца, а вайна зжырае значную частку бюджэту.
Зрэдку кажуць пра тое, што РФ можа здзейсніць новы штурм Кіева, але гэта выглядае вільготнымі марамі клінічных імперыялістаў. За апошні месяц расійская армія амаль не прасунулася на фронце, і няма бачных рэсурсаў, якія могуць аднавіць наступ. З іншага боку, гучаць выбухі ў «сакральным» Крыме, і гэта занадта паказальны момант, што сведчыць пра рашучы настрой УСУ.
Расія ўжо прайграла вайну, але зноў жа застаецца пытанне цаны. У любым выпадку яна для Крамля будзе вельмі высокай. Санкцыі ніхто не здыме. Саюзнікаў больш не стане. А галоўнае — могуць перамяніцца настроі «глыбіннага народа». Нездарма кажуць, што той гатовы цярпець доўга, у тым ліку эканамічныя нягоды, але не здольны выбачыць ваеннага паражэння. У такім выпадку былы цар-бацюшка можа хутка пераўтварыцца ў лузера, а лузераў нідзе не любяць.
Магчыма, менавіта для самазахавання «калектыўны Пуцін», кажуць, вось-вось распачне новы віток рэпрэсій. Але і гэта не так важна, бо да пройгрышу ў вайне дачынення не мае. Нават калі, прайграўшы, пуцінская групоўка застанецца ва ўладзе, аб новых тэрытарыяльных экспансіях яна забудзе надоўга.
Беларусь на ростанях
Беларусі сёння дзве, і добра, што гэта разумеюць ужо і ва Украіне.
З аднаго боку — рэжым, які падтрымлівае Пуціна, які працягвае палітычныя рэпрэсіі і адкрыта прапагандуе ідэі «рускага свету». З іншага боку — народ, які адрынае ўдзел у вайне і ў большасці не сімпатызуе расійскай агрэсіі.
Лукашэнка апошнім часам паводзіць сябе так, што бачна: разлічвае захаваць уладу пры любым развіцці падзей (было б дзіўна, калі было б інакш). Варыянтаў шмат, але вось фокус: не факт, што галоўны спадзеў звязаны з пуцінскім трыумфам.
Нядаўна нямецкі канцлер Олаф Шольц сказаў тое, пра што даўно ўсе здагадваліся. Нібыта Пуцін у адной з апошніх размоў перад пачаткам вайны сказаў: Украіна і Беларусь не павінны быць самастойнымі дзяржавамі. Няма сумневаў, што пасля перамогі Крэмль планаваў усталяваць у Кіеве марыянетачны рэжым на чале з якім-небудзь падкантрольным Януковічам. Якія планы меліся ў Масквы наконт Беларусі, невядома, але варыянт пасунуць Лукашэнку выглядае цалкам верагодным.
Аналітыкі даўно сцвярджаюць, што імперца Пуціна беларускі дыктатар баіцца больш, чым заходніх лідараў з іх вечнай «занепакоенасцю». У сённяшніх рэаліях, калі расійскія вайскоўцы пачуваюцца ў Беларусі як дома, з тутэйшым палітычным ладам Масква можа зрабіць тое, што захоча. Было б, так бы мовіць, жаданне.
Але ўвогуле ў Лукашэнкі няма аніводнага варыянта, які гарантавана захавае ўстойлівасць яго ўлады. Бо паражэнне Расіі мае і адваротны бок: яно можа аслабіць яе настолькі, што згасне падтрымка беларускага сатэліта. У такім разе рэжым можа апынуцца сам-насам з грамадствам, заходнімі санкцыямі і рашучымі добраахвотнікамі з досведам ва Украіне. Выглядае, што менавіта на такі сцэнарый і разлічваюць дэмакратычныя сілы ў выгнанні. Яны ўсё больш адкрыта робяць стаўку на сілавы супраціў, што можа распачацца, ледзьве адчыніцца праславутае акно магчымасцей.
Паражэнне можа аслабіць Расію ў меншай ступені, і гэта нясе рызыкі іншага кшталту. Тады Крэмль, магчыма, захоча прыхапіць Беларусь, проста каб не вяртацца з пустымі рукамі. Каб залагодзіць расійцаў, расчараваных вынікамі вайны. Экспертная супольнасць не выключае і такога варыянту, бо ніхто ж не ведае, што там у галаве былога піцерскага кадэбэшніка.
Нават цяжка сказаць, які зыход вайны бачыцца для Лукашэнкі найлепшым. Разумеючы складанасць сітуацыі, ён лавіруе. Дагэтуль не адпраўляе армію ваяваць. Робіць выгляд, што расійцы не абстрэльваюць Украіну з тэрыторыі Гомельскай вобласці. Віншуе ўкраінцаў з Днём незалежнасці. Шукае сувязі ў Еўропе. То-бок, робіць, што рабіў заўсёды, як тое ласкавае цяля.
Хутчэй за ўсё, ён і сам не мае цвёрдага плана, спадзеючыся, што яго палітычны фарт спрацуе і гэтым разам. Нешта падказвае, што верагоднасць таго невялікая, але што застаецца пажылому аўтакрату на 29-м годзе кіравання?
Што застаецца беларусам, тут кожны вырашае сам. Сітуацыя ў краіне па-ранейшаму змрочная, колькасць палітвязняў толькі расце. Улады выдумляюць усё новыя спосабы кантролю грамадства і працягваюць заціскаць гайкі. Несумненна адно: лета 2022-га ў беларускім кантэксце з’яўляецца працягам лета 2020-га, якое дало выразны кірунак далейшаму развіццю краіны.