Польшча выкрыла расійскіх шпіёнаў, трое з затрыманых — беларусы. Якімі будуць наступствы?

Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы раскрыла новыя падрабязнасці аб нядаўна выяўленай расійскай шпіёнскай сетцы ў краіне. Інфармацыя пра гэта была апублікавана 16 сакавіка на афіцыйным сайце ведамства.

Малюнак з сайта thedailybeast.com

Малюнак з сайта thedailybeast.com


Кіраўнік польскага МУС Марыюш Камінскі заявіў, што ўсяго было затрымана 9 «замежнікаў з усходніх меж», якія вялі выведвальную дзейнасць і рыхтавалі дыверсіі ў Польшчы.

«Затрыманыя — замежнікі з-за ўсходняй мяжы. Шасцёра з іх былі змешчаны пад варту да суда. Пракуратура прад'явіла ім абвінавачанне ў шпіянажы на карысць Расіі і ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе. У дачыненні да яшчэ траіх, затрыманых учора, працягваюцца следчыя мерапрыемствы», — распавёў Камінскі.

Паводле яго слоў, галоўнай мэтай шпіёнаў быў сабатаж ваеннай дапамогі Украіне, а таксама прапаганда антызаходніх настрояў у Польшы.

Таксама, па інфармацыі польскага Агенцтва ўнутранай бяспекі, затрыманыя за сваю дзейнасць рэгулярна атрымлівалі ўзнагароду ад расійскіх спецслужбаў.

Нагадаем, што яшчэ ўчора з'явілася інфармацыя аб ліквідацыі расійскай шпіёнскай сеткі ў Польшчы. Тады паведамлялася, што дыверсанты займаліся сачэннем за чыгуначнымі пуцямі ў Падкарпацкім ваяводстве — у прыватнасці, каля аэрапорта Жэшаў — Ясёнка (Rzeszów — Jasionka), дзе размешчаны важны пункт паставак заходняй зброі ва Украіну.

«У яе задачы ўваходзіла выяўленне, маніторынг і дакументаванне паставак зброі, якія ажыццяўляюцца для Украіны. Падазраваныя таксама рыхтаваліся да дыверсійных дзеянняў, накіраваных на тое, каб паралізаваць пастаўкі абсталявання, зброі і аказанне дапамогі Украіне»,— расказаў Камінскі.

Супрацоўнікі АУБ канфіскавалі электроннае абсталяванне, у тым ліку камеры і GPS-перадатчыкі, якія прызначаліся, як сцвярджаецца, для ўсталявання на грузы, што адпраўляюцца ва Украіну.


У польскіх СМІ і ведамствах афіцыйна яшчэ не з'яўлялася інфармацыі аб асобах затрыманых, бо гэта забаронена польскімі законамі. Аднак пралукашэнкаўскія тэлеграм-каналы ўжо распавялі імёны трох арыштаваных беларусаў. Гэта Мікалай Маскаленка, 1971 года нараджэння, Уладзіслаў Пасміцюха, 1994 года нараджэння, і Марыя Мядзведзева, 2004 года нараджэння.

На дадзены момант афіцыйнай інфармацыі з польскага боку пра гэтых людзей няма.

— Шпіёнскія скандалы могуць папсаваць стасункі, калі яны добрыя, а беларуска-польскія стасункі і так знаходзяцца на настолькі нізкім узроўні, што такі інцыдэнт мала што зменіць. Фактычна, такія традыцыйныя меры, як высылка дыпламатаў, ноты, санкцыі — усе ўжо выкарыстаны, — кажа эксперт Вадзім Мажэйка ў каментары «Салідарнасці».

— Мы бачым, што Польшча закрыла большасць пунктаў пропуску на беларуска-польскай мяжы. Далей засталося не так шмат крокаў для нейкай эскалацыі. Мне здаецца, гэтыя крокі будуць рабіцца ў выпадку нейкіх новых сапраўдных абвастрэнняў, а той факт, што расійскія спецслужбы могуць выкарыстоўваць як сваіх агентаў людзей з беларускімі пашпартамі, не з'яўляецца беспрэцэдэнтным або прынцыпова новым для Еўропы, — дадае аналітык.