«Пуцін ваюе не з Украінай, ён ваюе з рэальнасцю». Расійскія палітолагі каментуюць прамову ў Крамлі

Расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін выступіў з прамовай перад падпісаннем дагавораў аб далучэнні да Расіі акупаваных украінскіх тэрыторый. Што ўбачылі ў выступленні Пуціна расійскія палітычныя аналітыкі? Узмацненне курсу Масквы на самаізаляцыю ад астатняга свету і праецыраванне фобій.

maxresdefault__3__1.jpg


«Ставіць Расію ў шэраг краін трэцяга свету»

Пуцін аддаў непрапарцыянальна шмат часу крытыцы Захаду — значна больш, чым у прамове перад анексіяй Крыма, звярнулі ўвагу многія, хто слухаў яго сёння. У 2014 годзе ён засяродзіўся на гісторыі Крыма і спрабаваў абгрунтаваць гістарычную прыналежнасць паўвострава Расіі.

Цяпер жа Пуцін толькі ў пачатку згадаў «рэферэндумы» на захопленых тэрыторыях, а амаль увесь астатні час 36-хвіліннай прамовы аддаў супрацьстаянню з Захадам. У прыватнасці, ён сцвярджаў, што Захад хоча выкарыстоўваць багацці Расіі і іншых краін для сваіх мэт.

«Такі адкрыты пераход Пуціна да класічнага «антыкаланіяльнага дыскурсу» ставіць Расію ў шэраг краін трэцяга свету, — мяркуе палітолаг, былы спічрайтар Пуціна Абас Галямаў. — Літаральна ўсё, што цяпер кажа расійскі кіраўнік, дзесяцігоддзямі казалі палітыкі з Уганды, Ганы, Лівіі, Ірака і іншых «перадавых» дзяржаў планеты».

Расія рухаецца ў бок «ідэалагізаванай аўтаркіі» — замкнёнай самаўзнаўляльнай супольнасці з мінімальнай залежнасцю ад знешняга свету, выказаў асцярогі ў размове з ВВС эканаміст Андрэй Моўчан.

Такія рашэнні, як далучэнне ўкраінскіх тэрыторый, сведчаць пра тое, што Расія ўсё больш кантралюецца «сілавым класам», лічыць ён: «Гаворка ідзе пра шчыльна і жорстка арганізаваную краіну, закрытую ад усяго свету, якая знаходзіцца ў канфрантацыі з заходнім светам».

«Пуцін ператвараецца ў геапалітычнага Навальнага, які спрабуе арганізаваць каляровую рэвалюцыю супраць ЗША», — жартуе ў сваім тэлеграм-канале палітолаг Таццяна Станавая.

Антраполаг Аляксандра Архіпава ацаніла прамову Пуціна з пункту гледжання страхаў, якія ён дэманструе. «Гэтыя страхі з прамовы прэзідэнта нічым уласна не адрозніваюцца ад страхаў Марыі Пятроўны, 74 гадоў, з вышэйшай адукацыяй, з чацвёртага пад'езда вёскі Гадзюкіна, — разважае яна. — Гэтая карціна свету практычна нічым не адрозніваецца ад карціны Апакаліпсісу, апісанай прыкладна 1900 гадоў таму нейкім Янам Багасловам. Толькі "агентаў Захаду” трэба замяніць на «слуг Антыхрыста».

Менавіта такая канспіралогія стварае калектыўную ідэнтычнасць, і Марыя Пятроўна адчувае сябе на адной хвалі з Уладзімірам Уладзіміравічам», — піша Архіпава.


«Тэрыторыі мы забралі, прапануем мір»

На думку Галямава, адзінай змястоўнай рэччу ў прамове Пуціна была фраза, што Расія прапануе неадкладна спыніць баявыя дзеянні і вярнуцца за стол перамоў.

«Выбар народаў Данбаса Масква пад сумнеў, аднак, ставіць не будзе. Ну і будзе абараняць іх усімі наяўнымі сіламі, — пераказвае прапанову Пуціна палітолаг. — Карацей, атрымліваецца нешта накшталт: тэрыторыі мы ў вас забралі, прапануем мір».

Галямаў нагадаў, што пасля імклівага контрнаступлення ў Харкаўскай вобласці ўкраінская армія цяпер вядзе атакавальныя дзеянні на Данбасе, намагаючыся замкнуць кальцо вакол ключавога горада Ліман, дзе пад пагрозай акружэння апынулася расійская групоўка.

«Пуцін ваюе не з Украінай і нават не з NATO. Ён ваюе з рэальнасцю», — іранізуе Галямаў.

Ні адзін з чатырох рэгіёнаў, якія збіраецца далучыць Расія, не кантралюецца расійскім войскам цалкам. «Паколькі ўсе чатыры суб'екты прыняты ў недавызваленым (недазахопленым) выглядзе, гэта анонс працягу канвенцыйнай вайны, калі за ім не рушыць выкананне ўльтыматуму», — піша палітычны аналітык Аляксандр Баўноў.

Баўноў таксама звярнуў увагу на развагі Пуціна пра тое, што ЗША без ваеннай неабходнасці скінулі атамную бомбу на Хірасіму і Нагасакі і «стварылі прэцэдэнт». «Здагадайцеся, для каго прэцэдэнт. Вось у Расіі і ваенная неабходнасць ёсць ці можа ўзнікнуць», — ацэньвае аналітык новую ядзерную рыторыку расійскага прэзідэнта.


Расія ператвараецца ў тое, у чым абвінавачвала Украіну — у failed state

Па меркаванні палітолага Кацярыны Шульман, пасля далучэння да Расіі новых тэрыторый спатрэбяцца змены ў Канстытуцыі, і пасля гэтага Расійская Федэрацыя пяройдзе ў «новую фазу свайго існавання, стаўшы дзяржавай з дэлегітымізаванай мяжой, якая ўключае ў сябе фрагменты, што не толькі не будуць прызнаны ніякай іншай краінай або міжнароднай арганізацыяй de jure, але і не кантралююцца цэнтральнай адміністрацыяй de facto — у адрозненне, напрыклад, ад Крыма».

«Калі б я звярнулася да студэнтаў і папрасіла іх пералічыць элементы failed state, няўдалай дзяржавы, то атрымалася б Расія — бінга», — адзначыла яна.

«Failed state — гэта не дрэнная, жорсткая або бедная дзяржава. Такія жывуць сабе прыпяваючы. Гэта калі распадаецца адміністраванне, узнікае немагчымасць ажыццяўляць свае базавыя функцыі ў сваіх жа межах», — тлумачыць палітолаг.