Пуцін зламаўся? Ён ужо не спадзяецца вярнуць Украіну. Што далей?

Чарада правалаў зламала Пуціна, ён прайшоў стадыі адмаўлення і гневу. І мяркуючы па тым, як цяпер Крэмль адчайна просіць Захад пра перамовы і паступова змяншае свае патрабаванні для іх пачатку, мы знаходзімся ў канцы стадыі гандлю, — лічыць аўтар тэлеграм-канала «Родина слонов».

 Малюнак Charlie Hebdo

 Малюнак Charlie Hebdo

Падзеі мінулага тыдня зусім адназначна паказваюць на тое, што Пуцін нарэшце ўсвядоміў, што ён прайграў, а Расія пад яго кіраўніцтвам пазбавілася статусу аднаго з самых галоўных сусветных палітычных гульцоў і ператварылася ў пасрэдную краіну трэцяга свету.

З пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне пацярпелі крах усе надзеі і спробы Крамля зламаць Захад і Украіну. Кіеў не ўзялі за тры дні, не мелі поспеху харчовы і газавы шантаж, не здарыўся эканамічны крызіс на Захадзе і рост там незадаволенасці насельніцтва.

Апошнімі адчайнымі спробамі сталі ўзмацненне войска мабілізацыяй, правядзенне фэйкавых рэферэндумаў з мэтай заканадаўча замацаваць захопленую тэрыторыю за Расіяй для ядзернага шантажу Украіны і Захаду, а таксама спроба знішчыць крытычна важную інфраструктуру Украіны, зламаўшы дух украінцаў.

Мабілізацыя, аднак, агаліла поўную негатоўнасць Расіі да яе правядзення і відавочна пагражала прывесці да сацыяльнага выбуху пры спробе яе працягваць. Рэферэндумы не выклікалі ніякага станоўчага водгуку ў насельніцтва — і пахавалі надзею на паўтор Крымскага кансенсусу.

Масіраваныя ракетныя абстрэлы Украіны нанеслі значна меншую шкоду, чым тую, на якую разлічвалі ў Крамлі, і не здолелі адкінуць інфраструктуру Украіны ў ХІХ стагоддзе, паставіўшы пад сумнеў яе магчымасць падтрымліваць баявыя дзеянні.

Пры гэтым Захад у самыя кароткія тэрміны адказаў на абстрэлы пастаўкай тых узбраенняў, якія раней не быў гатовы пастаўляць.

Шматлікія ўцечкі ў СМІ наконт настойлівых рэкамендацыяў Крамля нават не задумвацца пра ўжыванне ядзернай зброі, відавочна адбілі ў яго жаданне нават глядзець у бок ядзернага валізкі. Не менш важным у гэтым пытанні стаў і адназначны сігнал з боку Сі Цзіньпіна, які заявіў аб недапушчальнасці прымянення ядзернай зброі ў гэтым канфлікце. Такім чынам, Пуцін, па сутнасці, адмовіўся ад прымянення ўласнай жа ядзернай дактрыны (!), якой яшчэ зусім нядаўна пагражаў з нагоды і без яе. А ўсё таму, што яму падрабязна патлумачылі — як на Захадзе, так і на Усходзе — чым для яго гэта скончыцца.

Чарада правалаў зламала Пуціна. І менавіта гэта стала прычынай адмовы ад утрымання Херсона, што абыходзілася занадта дорага і мела сэнс толькі для далейшага наступу на Мікалаеў і Адэсу. А значыць, Пуцін канчаткова страціў веру ў такую магчымасць і ставіць крыж на сваёй ідэі вяртання Украіны пад кантроль Расіі.

Сыход за Днепр — натуральную перашкоду — кажа аб пераходзе Расіі да стратэгічнай абароны. На гэта ж паказвае капанні акопаў і ўстаноўка бетонных агароджаў на крымскім перашыйку, уздоўж лініі судакранання на Данбасе і вакол Марыупаля.

І хоць Расія, верагодна, яшчэ здзейсніць спробы палепшыць становішча на Данбасе, высокія страты ад такіх дзеянняў ужо ў хуткім часе прывядуць да адмовы ад іх, бо з новай мабілізацыяй могуць узнікнуць вялікія праблемы.

У першую хвалю прызыву ў ваенкаматы прыйшлі самыя паслухмяныя. У другі ж раз такіх паслухмяных бараноў будзе нашмат менш, таму патэнцыял мабілізацый у Расіі далёка не бязмежны, асабліва калі ўсім стане зразумела, што мабілізацыя — гэта вельмі хуткі шлях у адзін канец. Занадта высокая пагроза сацыяльнага выбуху пры спробе раскручвання новай хвалі мабілізацыі ў такіх умовах.

Усе надзеі Крамля цяпер звязаныя толькі з надыходам зімы, якая нібыта павінна будзе стрымаць наступ УСУ і дазволіць выйграць час на падрыхтоўку арміі да баявых дзеянняў у наступную летнюю кампанію. Аднак Украіна і саюзнікі гэта выдатна ўсведамляюць і не маюць намеру даваць Расіі такі падарунак. Пра неабходнасць падрыхтоўкі УСУ да зімы на Захадзе сталі казаць яшчэ летам, пачаўшы пастаўкі зімовай формы і неабходнага для зімовых баёў абсталявання. Так што ўкраінская армія добра гатовая да зімовай ваеннай кампаніі, чаго зусім нельга сказаць пра расійскую. У выніку зіма можа аказацца для Расіі яшчэ больш правальнай у ваенным плане, чым восень.

Адмова ж Пуціна ехаць на G20 з'яўляецца, фактычна, добраахвотна-прымусовым рашэннем Расіі адмовіцца ад статусу глабальнага гульца. Відавочна, што на такім фоне Пуцін быў бы там у ролі пракажонага, якога б цураліся нават яго нядаўнія партнёры. Што можа быць горш, чым патрапіць на адну фатаграфію з прыніжаным лузерам, якому спатрэбілася менш за год на тое, каб прайсці шлях ад ультыматуму наймагутнаму ваеннаму альянсу свету да практычна поўнай страты суб'ектнасці? Мяркую, што Лаўроў на гэтым саміце будзе знаходзіцца пад высокімі дозамі алкаголю, каб не адчуваць усяго таго прыніжэння, якое прызначалася для яго начальніка.

Злом, які адбыўся ў кастрычніку-лістападзе з Пуціным, павышае верагоднасць таго, што ён пойдзе на капітуляцыю і Расія пакіне ўсе тэрыторыі Украіны, уключна з Крымам. Па меры таго, як растануць рэшткі надзей на запаволенне ваенных дзеянняў зімой і на тое, што расійскай арміі ўдасца арганізаваць паспяховую абарону на цяперашніх рубяжах, Пуцін будзе ўсё бліжэй схіляцца да неабходнасці прыняцця абвешчаных Украінай і Захадам умоў для пачатку перамоваў. Ён ужо прайшоў стадыі адмаўлення і гневу. І мяркуючы па тым, як у апошнія тыдні Крэмль адчайна просіць Захад аб перамовах, паступова памяншаючы свае патрабаванні для іх пачатку, мы знаходзімся ў канцы стадыі гандлю. Ды і прыкметы наступнай стадыі — дэпрэсіі — ужо відавочныя. Так што развязка, верагодна, ужо блізкая. Гэта, верагодна, здарыцца на працягу маючай адбыцца зімы.

Пераклад «НЧ»