Расія адпраўляе «гуманітарную» калону ва Украіну з Гомеля
Узброеныя сілы Расіі самалётамі даставілі ў аэрапорт Гомеля груз, які плануецца даставіць ва Украіну. Афіцыйны тэлеграм-канал Гомельскага аблвыканкама «Гомельшчына афіцыйна» назваў груз гуманітарным.

«Сёння ваеннаслужачыя Рэспублікі Беларусь сумесна з Узброенымі Сіламі Расійскай Федэрацыі прынялі ўдзел у фарміраванні калоны з гуманітарнай дапамогай для насельніцтва Украіны», — паведаміла прэс-служба Гомельскага аблвыканкама, перадае REFORM.by.
Мяркуючы па фота, груз даставілі бартамі ваеннай авіяцыі РФ на мясцовы аэрадром.
Куды менавіта паедзе «гуманітарная» калона і каму прызначаны груз, не паведамляецца. Варта адзначыць, што за 10 дзён уварвання расійскія войскі не змаглі ўзяць пад кантроль ні аднаго ўкраінскага абласнога цэнтра. Але менавіта з тэрыторыі Беларусі быў нанесены асноўны ўдар расійскіх сіл у напрамку Кіева. З тэрыторыі Беларусі таксама наносяцца ракетныя і авіяўдары па цэнтральнай і заходняй частцы Украіны. Ад расійскіх ракет і бомбаў загінулі сотні мірных жыхароў.
Учора аналагічныя «гуманітарныя» калоны заехалі ў гарады на акупіраваную тэрыторыю паўднёвага ўсходу Украіны. Мясцовыя жыхары без энтузіязму ўспрынялі дапамогу акупацыйных войскаў. Назіральнікі адзначылі, што разам з калонамі перасоўваліся аўтобусы з «масоўкай», якая рабілі выгляд «удзячнага насельніцтва».