Рэпартаж «Бі-бі-сі»: Як дзіцячы лагер у Бучы стаў расстрэльным падвалам

З таго часу, як у канцы сакавіка расійскія войскі былі адкінутыя ад Кіева, у Бучанскім раёне выявілі целы больш за тысячу мірных жыхароў, многія з якіх былі паспешліва пахаваныя ў неглыбокіх магілах. Як высветліла «Бі-бі-сі», каля 650 чалавек былі забітыя — паводле слоў высокапастаўленага паліцэйскага, іх расстралялі. Карэспандэнт «Бі-бі-сі» Сара Рэйнсфард расследуе тое, што адбылося ў дзіцячым летнім лагеры, які стаў месцам злачынства.

bucza_3.webp


Спачатку ў цемры лёгка прапусціць месца забойства. Але ў халодным сырым склепе на ўскрайку лесу, які да вайны прыцягваў у Бучу адпачывальнікаў, пяцярых украінцаў паставілі на калені і забілі стрэламі ў галаву.
Справа ад уваходу — камяні, пакрытыя пацямнелай крывёю. Сярод іх ляжыць сіняя ваўняная шапка з кулявой адтулінай, абадок якой прасякнуты крывёю. У сцяне я налічыла не менш за тузін кулявых адтулін.
У пары крокаў — рэшткі вайсковага пайка расійскай арміі: адкрытая банка рысавай кашы з ялавічынай і пусты пачак сухарыкаў. Графіці на сцяне нагадвае аб тым, што тут быў дзіцячы лагер. Але калі ў пачатку сакавіка расійскія войскі ўвайшлі ў Бучу, недалёка ад сталіцы, лагер «Прамяністы» стаў месцам пакаранняў смерцю.
Гісторыя з забойствамі ў летнім лагеры ледзяняць душу. Але не менш палохае і такая дэталь: у Бучанскім раёне за амаль месяц расеійскай акупацыі загінулі больш за тысячу мірных жыхароў, але большасць з іх — не ад аскепкаў або артылерыйскіх абстрэлаў. Расійскія жаўнеры расстралялі больш за 650 чалавек, кажа мясцовы высокапастаўлены паліцэйскі.
Цяпер Украіна шукае іх забойцаў.
Уладзімір Бойчанка жыў у Гастомелі, у двух кіламетрах ад Бучы і недалёка ад аэрадрома, дзе высадзіліся першыя расійскія войскі. Яго сястра Алена Мікіцюк выехала на захад краіны, не чакаючы, пакуль баявыя дзеянні дасягнуць горада, і ўмольвала Уладзіміра далучыцца да яе. Ён быў грамадзянскай асобай, не меў дачынення да арміі, але хацеў застацца і дапамагаць украінскай арміі. Уладзімір цэлымі днямі абшарваў Гастомель у пошуках ежы і вады, каб прынесці яе суседзям, у тым ліку дзецям, зачыненым у падвалах з-за пастаянных артылерыйскіх абстрэлаў і удараў расійскай авіяцыі.

Забіты расійцамі Уладзімір Бойчанка

Забіты расійцамі Уладзімір Бойчанка


Гаманкі 34-гадовы мужчына, які аб'ездзіў свет мараком гандлёвага флоту, Уладзімір амаль кожны дзень тэлефанаваў сям'і з Гастомеля, каб паведаміць, што з ім усё ў парадку. Алена нервова чакала яго кароткіх званкоў: яна ведала, што яму трэба падняцца на ўзвышша, каб выйсці на сувязь, а пры моцным абстрэле пакінуць бамбасховішча было немагчыма. Калі харчы сталі заканчвацца, яна зноў паспрабавала пераканаць брата з'ехаць, але тады ўжо дарогі былі заблакаваныя.
Апошні раз Алёна гаварыла з ім 8 сакавіка. У той дзень Уладзімір сказаў сястры, каб яна не турбавалася пра яго. «Ён сказаў: "Я вельмі цябе люблю", — і гэта было так балюча чуць, — усхліпвае Алена, не ў сілах спыніць слёзы. — У яго ў голасе быў чутны страх».
Праз чатыры дні Уладзіміра бачылі непадалёк ад лагера «Прамяністы» (па-руску «Лучистый»). А потым ён знік.
У сакавіку вакол Кіева ішлі напружаныя баі, невялікі горад Буча апынуўся ў іх эпіцэнтры. У пачатку красавіка расійскія войскі пакінулі горад, пакінуўшы за сабой сляды, якія ўзрушылі свет: целы расстраляных жыхароў, што ляжалі на вуліцах.
Расеія ўпарта сцвярджае, што забойствы былі інсцэнаваныя, але гэта настолькі ж перакручаная, наколькі і свядомая хлусня. Украінскія следчыя рыхтуюцца прыцягнуць вінаватых да адказнасці і збіраюць доказы злачынстваў на тэрыторыі, якая зноў патрапіла пад іх кантроль.
«Прынялі рашэнне працаваць максімальна хутка ... каб усё фіксаваць. Таму што мы не разумеем, што ў Пуціна заўтра будзе ў галаве ... ці захоча ён закідаць ракетамі і знішчыць доказную базу», — кажа начальнік Кіеўскай абласной паліцыі Андрэй Нябытаў.
Гэтыя доказы ўключаюць у сябе поле, запоўненае грамадзянскімі аўтамабілямі са шматлікімі кулявымі адтулінамі, якія цяпер звезлі на ўскраіну Бучы. Гэта аўтамабілі, у якіх жыхары горада спрабавалі бегчы. У адным з вокнаў дагэтуль вісіць кавалак белай тканіны — знак таго, што ў машыне мірныя жыхары. Падыходзіш бліжэй — і адчуваеш ванітны пах смерці.
Калі 4 красавіка ў склепе другога корпуса лагера «Прамяністы» выявілі астанкі, сярод іх аказалася і цела Уладзіміра Бойчанкі. Да гэтага Алена тыднямі абзвоньвала бальніцы і моргі. У той дзень ёй даслалі фотаздымак для апазнання. Яна ведала, што гэта яе брат, яшчэ да таго, як ён загрузіўся.
«Я ненавіджу іх, ненавіджу ўсіх, кожнай клеткай свайго цела, — гаворыць Алена пра забойцаў Уладзіміра. — Я ведаю, нельга так. Нельга так гаварыць пра людзей. Але гэта не людзі. Як яны з іх здзекаваліся. І з усіх тых хлопцаў. Там жа жывога месца не было на іх. Нават звяры так не паступаюць. Як можна пазбавіць жыцця чалавека так па-зверску?»

Маркер, пакінуты крыміналістамі ў склепе

Маркер, пакінуты крыміналістамі ў склепе


Целы пяцярых мужчын былі знойдзены ў паставе на каленях, з апушчанымі галовамі і звязанымі за спінай рукамі.
«Мы ведаем, што іх катавалі, — сказаў «Бі-бі-сі» начальнік абласной паліцыі. — Армія Расійскай Федэрацыі перайшла мяжу звычаяў вядзення вайны і правілаў вядзення вайны, і ваявалі яны не з вайскоўцамі, а катавалі і выкрадалі мясцовае насельніцтва».
Ні пракуратура, ні Служба бяспекі Украіны не выдаюць падрабязнасцей расследаванняў, але некаторыя расійскія вайскоўцы настолькі нядбайна замяталі сляды, што, верагодна, пакінулі сур'ёзныя доказы, з якімі следчыя могуць працаваць. На некаторых кінутых пазіцыях падраздзяленні тэрытарыяльнай абароны Украіны нават выявілі спісы салдат. Адзін, відаць па ўсім, з'яўляецца часткай раскладу ўборкі смецця, іншы ўтрымлівае пашпартныя даныя і нумары мабільных тэлефонаў.
Пры такім велізарным аб'ёме працы — на сённяшні дзень зарэгістравана больш за 11 тысяч патэнцыйных ваенных злачынстваў — службы бяспекі Украіны заклікалі на дапамогу грамадзянскіх асоб, якія разбіраюцца ў лічбавых тэхналогіях.
«Я адчуваю нейкі абавязак», — кажа Зміцер Рэплянчук, журналіст выдання slidstvo.info. Да вайны ён займаўся выкрыццём карупцыі ва ўкраінскіх праваахоўных органах. Цяпер сумесна з пракуратурай ён прачэсвае інтэрнэт у пошуках дадатковых даных, якія дапамогуць паказаць на падазраваных у здзяйсненні ваенных злачынстваў.
«Я разумею, што будзе вельмі складана, і многія справы раскрыць не атрымаецца. Але ў гэтыя тыдні важна знайсці як мага больш інфармацыі», — тлумачыць Зміцер.
У кучы смецця ў «Прамяністым» мы знайшлі адну патэнцыйную зачэпку: абгортку ад пасылкі, адпраўленай нейкай Ксюхай расійскаму салдату, на якой выразна пазначана яго імя і воінская часць. Падраздзяленне 6720 месціцца ў Рубцоўску ў Алтайскім краі. Гэтую вайсковую частку з Бучай звязвалі і раней, калі ў Беларусі камеры відэаназірання зафіксавалі, як яе салдаты адпраўляюць сваякам гіганцкія пасылкі, поўныя тавараў, нарабаваных ва ўкраінскіх дамах.
Мы не можам дакладна сказаць, ці базаваліся салдаты з Рубцоўска ў дзіцячым лагеры або знаходзіліся там падчас меркаваных забойстваў. Паліцыі спачатку неабходна ўстанавіць больш дакладны час смерці.
«Мы працуем над гэтым, але гэта займае час, — тлумачыць Нябытаў. — Аднак у гэтым лагеры размяшчаўся штаб, таму там павінны былі быць камандзіры. Без іх ведама здзейсніць пакаранне не ўяўлялася магчымым. Адназначна яны будуць арганізатарамі гэтага працэсу, і выканаўцаў ужо будзем шукаць далей».

Белы сцяг не дапамог пасажырам гэтай машыны

Белы сцяг не дапамог пасажырам гэтай машыны


Праз дарогу ад «Прамяністага», за царквой, зрашэчанай аскепкамі, Буча павольна пачынае вяртацца да жыцця. Хлапчукі бегаюць па двары, мужчыны забіваюць выбітыя выбуховай хваляй вокны. Зноў запрацавала невялікая мясцовая крама.
Суседзі ўспамінаюць дні, калі ў горад увайшлі расійскія танкі, салдат, якія стралялі ў паветра і п'янымі хісталіся па вуліцах, урываючыся ў дамы і рабуючы. Успамінаюць і чалавека, які ўцёк у іх шматкватэрны дом з летняга лагера, якога яны прытулілі, нягледзячы на рызыку.
Віктар Сытніцкі раней нічога не ведаў пра лагер «Прамяністы», аднак усе дэталі, якія ён распавядае, супадаюць. Ён цяпер на захадзе Украіны і распказаў пра сябе па тэлефоне, тэлефануючы з машыны, каб не нерваваць маці.
Расійскія жаўнеры схапілі Віктара проста на вуліцы ў пачатку сакавіка. Яму звязалі рукі і насунулі шапку на вочы, а затым пацягнулі ў склеп, які, як ён упэўнены, знаходзіўся на тэрыторыі дзіцячага лагера.
Там яму аблілі ногі вадой і прыставілі пісталет да яго галавы.
«Яны ўвесь час пыталіся: "Дзе фашысты? Дзе войскі? Дзе Зяленскі?" Адзін з іх згадаў Пуціна, я сказаў нешта грубае, і ён ударыў мяне», — успамінае Віктар.
Ён добра памятае сваё пачуццё злосці і адначасова жаху. У мінулым ён працаваў у Маскве на будоўлі з хлопцамі з Сібіры і быў у жаху ад таго, што расійцы цяпер абыходзяцца з ім гэтак жорстка. Тым больш, калі высветлілася, што адзін з салдат — таксама сібірак.
Віктар сказаў яму, што яму крыўдна, што да гэтага дайшло.
«Крыўдна тое, што нашы дзяды разам ваявалі супраць нацыстаў, а цяпер вы фашысты, — гнеўна адказаў той. — У цябе ёсць да раніцы час думаць, успомніць тое, што бачыў. А калі нічога не сажаш, пойдзеш у расход. Будзеш расстраляны».
У тую ноч Віктару пашанцавала. Быў моцны абстрэл, і калі ён зразумеў, што яго больш не ахоўваюць, ён здолеў бегчы.
«Я палічыў, што ў мяне больш шанцаў выжыць пад мінамі, чым калі б я застаўся ў тым падвале. Яны ўжо прыставілі мне аўтамат да галавы. Чаго ім варта было націснуць на курок? Яны нічым не рызыкуюць, рызыкаваў толькі я».
                                                     ————————————
Астанкі Уладзіміра Бойчанкі пахавалі належным чынам на старых могілках Бучы.
Пасля яго пахавання Алена кажа, што нарэшце зноў убачыла ўва сне брата, ён як быццам суцяшаў яе.
Але ў яе яшчэ мноства пытанняў. Крыж на магіле Уладзіміра адзначаны толькі днём яго нараджэння, а не датай яго смерці, таму што сям'я не ведае, калі яго расстралялі.

Магіла Уладзіміра Бойчанкі

Магіла Уладзіміра Бойчанкі


Яны гэтага ніколі не пазнаюць — калі толькі не ўдасца знайсці камандзіра расійскай часткі, якая стаяла ў «Прамяністым».
Аднак уся Буча ўжо ведае, што ў гэтай вайне мірныя жыхары — не толькі выпадковыя ахвяры. Іх расстрэльваюць расійскія жаўнеры, якія альбо не ведаюць правілаў вайны, альбо ведаюць, але ім усё адно.
Паводле bbc.com.