Рух Салідарнасці «Разам» выказаўся супраць правядзення рэферэндуму пры Лукашэнку
Рух Салідарнасці "Разам" заявіў, што лічыць крымінальную справу супраць Віктара Бабарыкі палітычна матываванай і запатрабаваў яго неадкладнага вызвалення. Пры гэтым Рух катэгарычна не падтрымлівае ідэю аб стварэнні зараз ініцыятыўнай групы для правядзення рэферэндуму.
«Рэгістрацыя такой групы цалкам залежыць ад незаконнай улады, такім чынам працягваецца прывучэнне людзей да сённяшняга ігнаравання законаў і разліку толькі на "панскую ласку". Наіўна, калі не сказаць — злачынна, апеляваць да беззаконнай улады, каб аднавіць Закон, гэтай самай уладай патаптаны.
Рэферэндумы — гэта любімая зброя дыктатараў: Гітлера, Лукашэнкі, Пуціна. Сёння, калі Беларусі пагражае экспансія з боку пуцінскай РФ, не час праводзіць гульні ў чарговыя “рэферэндумы”», — адзначаецца ў заяве.
«Сёння жыццёва неабходна кансалідацыя ўсёй беларускай Нацыі ў барацьбе з лукашысцка-пуцінскай зграяй. І ў гэтым сэнсе вельмі важным з'яўляецца аднаўленне законнасці і вяртанне правоў чалавека ў Беларусі, адмена вынікаў антыканстытуцыйнага перавароту А. Лукашэнкі лістапада 1996 года і вяртанне да Канстытуцыі 1994 года. Каб зрабіць гэтыя неабходныя крокі, трэба правесці сапраўдныя выбары ўлады ў Беларусі без Лукашэнкі і Ярмошынай. Беспадстаўныя затрыманні людзей на вуліцах беларускіх гарадоў апошнімі днямі, звярынае абыходжанне з імі у аўтазаках і пастарунках, катаванні палітвязьняў у турмах аб'ектыўна сведчаць, што ў краіне няма ніякіх магчымасцей для правядзення выбараў 9 жніўня.
Рух Салідарнасці "Разам" выказвае павагу і пашану тым беларусам, якія і раней знаходзілі ў сабе мужнасць і сілы выходзіць на вуліцы Менску у абарону правоў і свабодаў беларускага народа, і тым, хто далучыўся цяпер. Мы мусім быць разам, бо толькі такім чынам мы здольныя вярнуць правы і свабоды ўсім нашым грамадзянам», — гаворыцца ў заяве.